Венесуэла: шасцёра смелых
У Венесуэле сёння выбіраюць прэзідэнта. Акрамя фаварытаў — Нікаласа Мадура і Энрыке Капрылеса — свае кандыдатуры выставілі яшчэ шэсць палітыкаў. Шансаў у гэтай шасцёркі няма. Але...
Энрыке Капрылес
Венесуэльская грамадскасць цяпер палярызаваная. За прадстаўнікоў лагеру Чавеса і апазіцыі, паводле апытанняў, збіраюцца галасаваць да 85–90 працэнтаў электарату. Дарэчы, лідзіруе ў гонцы Мадура, які называе сябе «Сын Чавеса». Ён адарваўся ад Капрылеса, паводле розных крыніц, на 4–20 працэнтаў.
Што тычыцца дробных кандыдатаў, адсутнасць відавочных перспектыў не значыць, што іх удзел у прэзідэнцкіх выбарах варта ўспрымаць як піяр ці капрыз. Гэта шмат у чым — стаўка на заўтра, паколькі запыт на «трэцюю» сілу ў Венесуэле расце. Ужо зараз усё гучней чуваць галасы супраць падзелу венесуэльцаў на антаганістычныя фракцыі — чавістаў і антычавістаў. Выйсцем з канфрантацыі можа стаць з’яўленне на палітычнай арэне нейкага кампраміснага палітыка, які зможа прымірыць увесь соцыум.
На лаўры прызідэнта-міратворцы прэтэндуе перш за ўсё Марыя Балівар. Па прафесіі Марыя — юрыст, уладальнік хлебапякарні, кандыдат ад Дэмакратычнай партыі «За мір і свабоду» (PDUPL). Нягледзячы на тое, што на мінулых выбарах яна набрала сціплых 7 тысяч галасоў, а на выбарах на пасаду губернатара штату (снежань 2012 года) увогуле атрымала ўсяго 620 галасоў, Марыя — дастаткова заўважная фігура. У тым ліку і таму, што яе прашчурам быў сам Сімон Балівар — адзін з заснавальнікаў венесуэльскай дзяржавы. Акрамя таго, Марыя Балівар стала вядомай як удзельнік шматлікіх палітычных шоў.
Яна ахвотна эксплуатуе тэму падзелу венесуэльскага грамадства і лічыць, што выключна жанчына здольная ўсталяваць гармонію. Дапамагаць у гэтым ёй будзе інтэрнэт. Дзякуючы IT-тэхналогіям Балівар збіраецца падключыць кожнага венесуэльца да прыняцця рашэнняў мясцовай адміністрацыі. Яна называе гэта participativo directo. У іншым яе праграма дастаткова ліберальная: за кошт лібералізацыі курсу долара ў краіне будзе знішчана інфляцыя, праз адмену фіксаваных коштаў знікне чорны рынак прадуктаў і будзе вырашана прадуктовая праблема.
Марыя Балівар — не адзіная жанчына, якая кінула выклік тандэму Мадура — Капрылес. У спісе кандыдатаў таксама Рэйна Секера, прафсаюзны лідар, сябра лейбарысцкай партыі. Праўда, Рэйна, у адрозненні ад Марыі, адмаўляецца ад іміджу палітыка, які збіраецца шукаць кансэнсус. Як прадстаўнік левай партыі, яна лічыць, што ўсе сілы грамадства павінны быць кінутыя на барацьбу з беспрацоўем і беднасцю. Па яе разліках, Венесуэла — адна з самых багатых у свеце энергетычных краін — здольная пакласці на асабісты банкаўскі рахунак кожнага грамадзяніна мільён долараў ЗША. Рэцэпт рашэння ўсіх сацыяльных праблем па-сутнасці дубліруе праграму Мадура, за выключэннем таго, што тут няма столькі негатыву на адрас імперыялістаў. Дарэчы, на прэзідэнцкіх выбарах 2012 года Рэйна атрымала 0,47 працэнта і, такім чынам, заняла ганаровае трэцяе месца пасля Чавеса і, адпаведна, Капрылеса.
Увогуле, Рэйна і яе партыя прадстаўляюць сабой прыклад эвалюцыі левай апазіцыі Чавесу, або хутчэй тое, што ад яе засталося. Як вядома, прыход Чавеса ў палітыку напрыканцы 1990-х гадоў разбурыў тагачасную партыйную канфігурацыю. Тыя ж старыя левыя былі вымушаны пераходзіць у апазіцыю або інтэгравацца ў шэрагі чавістаў. Апошнімі з магікан засталіся невялікія партыі, накшталт лейбарыстаў, якія трымаюцца класічных марксісцкіх дэфініцый палітычных працэсаў, адпаведна якім Чавес — проста папуліст з левай рыторыкай. Праўда, не факт, што Лейбарысцкая партыя не падзеліць лёс іншых левых груповак. Апазіцыя, каб змагацца за галасы, актыўна выкарыстоўвае сацыял-дэмакратычныя лозунгі, што прываблівае шмат левых, якія не знайшлі агульнай мовы з Уга. У апаненты Чавеса запісаліся такія вядомыя левыя партыі, як «Рух да сацыялізму», «Радзіма для ўсіх», частка прафсаюзаў і г.д. Магчыма, Рэйна таксама хутка працягне тую тэндэнцыю.
На выбарах 2012 года амаль на фінішы яна нечакана падтрымала Капрылеса, што не спадабалася яе аднапартыйцам. Апошнія заклікалі не галасаваць за Рэйну. Аднак тут жа знайшоўся эрзац у выглядзе партыі «Unidad Democratica», якая не магла вызначыцца з кандыдатам. «Unidad Democratica» падтрымала Рэйну Секеру, што нечакана для ўсіх забяспечыла ёй бронзу.
Калі ўжо гаворка пра сітуацыю на левым флангу венесуэльскай палітыкі, то, канешне, трэба адзначыць фігуру Фрэдзі Табаркіна ад левай партыі «Арганізаваная моладзь Венесуэлы», якую часта называюць проста Joven. Joven, якая паўстала ў 2006 годзе, у адрозненні ад Лейбарысцкай партыі, самая што ні ёсць прачавісцкая групоўка. Аднак функцыянеры Чавеса ў праўладны блок партый Joven упарта не запісваюць. У выніку «Арганізаваная моладзь Венесуэлы» вымушана выступаць за Баліварыянскую рэвалюцыі абсалютна аўтаномна.
Што тычыцца больш правых за Капрылеса кандыдатаў, то тут усім дасць фору Эйсебіа Мэндэс — малады пастар, кандыдат ад партыі «Новы погляд для маёй краіны» (NUVIPA). NUVIPA ўзнікла толькі ў чэрвені мінулага года і будуе сваю праграму на тэкстах Бібліі і дзеючай Канстытуцыі. Увогуле, партыя лічыць сябе прадстаўніком паслядоўных венесуэльскіх хрысціян, якія могуць даць, як сцвярджаецца ў партыйных матэрыялах, як мінімум 5 мільёнаў (максімум — 12 мільёнаў) галасоў на выбарах. З улікам таго, што ў Венесуэле галасуюць каля 15 мільёнаў, гэтага, як лічаць прыхільнікі Мэндэса, дастаткова, каб перамагчы як афіцыйнага кандыдата, так і галоўнага кандыдата ад апазіцыі.
Нікалас Мадура
У аснове крытыкі Нікаласа Мадура з боку NUVIPA — дачыненне чавісцкага ўраду да карупцыйных скандалаў і той факт, што Мадура з’яўляецца паслядоўнікам вядомага індыйскага гуру Саі Бабу, які абвяшчаў сябе ўвасабленнем Крышны, Буды, Ісуса Хрыста, не кажучы пра тое, што шмат хто лічыў яго ашуканцам. Што тычыцца адмоўнага стаўлення да Капрылеса, то яму дастаецца ад NUVIPA за падтрымку руху геяў і прыналежнасць да 300 самых багатых венесуэльскіх фамілій, якія нясуць гістарычную адказнасць за беднасць простых венесуэльцаў.
Застаецца Хуліа Мора, сябра «А’яднанай дэмакратычнай партыі» (UDEMO). Хуліа — самы экзатычны кандыдат, уся праграма якога змяшчаецца ў тры абзацы. Галоўнае абяцанне — у выпадку перамогі «гарантаваць максімальнае развіццё краіны».
Калі працягнуць праекцыі венесуэльскай сітуацыі на Беларусь, то рэзюмэ відавочна: супрацьстаяць афіцыйнаму кандыдату эфектыўна здольны выключна «адзіны». Аднак такія паралелі ўсё ж вельмі штучныя з улікам абсалютна іншай мадэлі арганізацыі дэмакратычных сіл, іх палітычнай культуры і, нарэшце, незвычайных абставін. Выбары 2013 года ў Венесуэле абсалютна ўнікальныя, паколькі праціўнікам Капрылеса выступае дэ-факта нябожчык Уга Чавес, на эксплуатацыі спадчыны якога будуецца ўся кампанія Нікаласа Мадура.