Выкапнёвая акула злавіла птэранадона
Акулы Cretoxyrhina mantelli якія жылі ў крэйдавым перыядзе, палявалі не толькі на рыбу і марскіх жывёл, але і лавілі птэрадактыляў. Палеантолагі прыйшлі да такой высновы пасля вывучэння шкілета птэранадона, у шыі якога застаўся акулавы зуб. На думку даследчыкаў, зуб апынуўся ў шкілеце яшчара не выпадкова, падчас палявання крэтаксірына ўкусіла птэранадона.
Акулы Cretoxyrhina mantelli жылі ў крэйдавым перыядзе, каля 107-70 мільёнаў гадоў таму. Палеантолагі адносяць іх да ламнападобных. Да гэтага ж атраду належаць гіганцкія і белыя акулы. Крэтаксірыны насялялі ва ўмераных і субтрапічных шыротах па ўсім свеце. Іх закамянеласці знаходзілі ў Ізраілі, Казахстане, краінах Еўропы і ў ЗША. Гэта былі даволі буйныя рыбы: яны дасягалі ў даўжыню сямі метраў. Акулы палявалі ў асноўным на рыбу і на марскіх рэптылій. Сляды ад зубоў крэтаксірын знаходзілі на касцях мазазаўраў і марскіх чарапах. Хутчэй за ўсё яны не грэбавалі і падлай і елі апалыя ў ваду трупы сухапутных дыназаўраў.
Палеантолагі Дэвід Хоўн (David Hone) з Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі, Марк Уітан (Mark Witton) з Портсмутскага ўніверсітэта і Майкл Хабіба (Michael Habib) з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі прывялі доказ таго, што крэтоксірыны палявалі не толькі на марскіх жывёл, але і на лятучых рэптылій. Навукоўцы даследавалі шкілет птэранадона (гэтыя яшчары адносіліся да атрада птэрадактыляў), які быў знойдзены яшчэ ў 1965 годзе ў фармацыі Ніёбрара ў Канзасе, ЗША, у адкладах, што ўзніклі 86-83 мільёна гадоў таму. Фармацыя была ўтворана марскімі адкладамі Заходняга ўнутранага мора, якое існавала на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Амерыкі ў сярэдзіне і канцы крэйдавага перыяду.
Птэранадон быў даволі вялікім, з размахам крылаў каля пяці метраў. Даследнікі выявілі, што з чацвёртым шыйным пазванком рэптыліі асацыяваўся акулавы зуб вышынёй каля 2,4 сантыметра. Па будове і памерах зуба палеантолагі вызначылі, што ён належаў крэтаксірыне даўжынёй каля 2,5 метраў.
На думку даследчыкаў, зуб не мог апынуцца ў закамянеласці птэранадона выпадкова, у працэсе фасілізацыі, ён даволі глыбока ўпіўся ў косці рэптыліі. Верагодна, акула ўкусіла здабычу падчас палявання. Птэранадоны сілкаваліся дробнымі марскімі рэптыліямі і каб іх дастаць, кружылі ля паверхні вады і ў зручны момант апускалі галаву і шыю ў ваду. У гэты момант крэтаксірына магла напасці на яшчара. Даследчыкі мяркуюць, што нават не занадта вялікая акула магла справіцца з буйнымі птэранадонамі, вагой 30-50 кілаграмаў. Гэты сцэнар пацвярджаецца іншымі знаходкамі ў фармацыі Ніёбрара — закамянеласцямі птэранадона са слядамі зубоў іншы вымерлай акулы, сквалікаракса.
Раней генетыкі высветлілі, што ў працэсе эвалюцыі некаторыя акулы поўнасцю або часткова страцілі здольнасць да каляровага зроку і «страцілі» значную частку нюхальных рэцэптараў.
Паводле nplus1.ru