Выпадковы экспромт ці «шыфроўка» з Турцыі? Чаму Пашынян хоча прыбраць Арарат з герба Арменіі
Армянскі прэм'ер Нікол Пашынян назваў неактуальным герб краіны з выявай гары Арарат, чым выклікаў на свой адрас шквал крытыкі з боку армян. Але, магчыма, палітык мае рацыю?
Варта нагадаць, што ўяўляе сабой цяперашні герб Армянскай Рэспублікі. Асноўны элемент — шчыт, у цэнтры якога выява гары Арарат, а на яе вяршыні Ноеў каўчэг. Гара Арарат свяшчэнная для армян, бо, па некаторых меркаваннях, менавіта на ёй пасля патопу спыніўся каўчэг.
Шчыт у сваю чаргу падзелены на чатыры часткі, якія сімвалізуюць чатыры незалежныя армянскія царствы розных часоў. Той шчыт падтрымліваюць Арол і Леў. Уся кампазіцыя разам, паводле апісальнай запіскі аўтараў герба, сімвалізуе «мудрасць, гонар, цярпенне і высакароднасць».
А вось цяперашні армянскі прэм'ер Нікол Пашынян такіх наратываў як «мудрасць, гонар, цярпенне і высакароднасць» у гербе не бачыць. «Сучасны герб Арменіі не адлюстроўвае псіхалогію народа і не мае дачынення да заснаванай у 1991 годзе дзяржавы», — заявіў прэм'ер Нікал Пашынян на пасяджэнні Нацыянальнага сходу 15 чэрвеня.
«Што там намалявана? Ноеў каўчэг на гары Арарат і гербы чатырох дынастый Арменіі. Гледзячы на герб, у мяне ўзнікла пытанне: якое ён мае да нас дачыненне? Мы прынялі яго ў 1991 годзе. Якое ён мае дачыненне да заснаванай у 1991 годзе дзяржавы? Пра што ён? Гледзячы ў цэнтр, можна ўбачыць Ноеў каўчэг на гары Арарат і цяперашнюю тэрыторыю Рэспублікі Арменія, якая знаходзіцца пад вадой».
Пашынян таксама прапанаваў змяніць гімн Арменіі.
Цяперашні армянскі гімн заканчваецца так:
На думку Пашыняна, гэтыя словы з гімна трэба прыбраць, каб ён заканчваўся на радках з праслаўленнем Арменіі.
Рэпліка Пашыняна наконт гербу і гімну выклікала дастаткова моцны рэзананс у грамадстве. Негатыўны, у асноўным. У мясцовых сацсетках пішуць, што дзяржаўныя сімвалы не павінны мяняцца. Сваю нязгоду з Пашынянам наконт змены герба (ды і ўсяго астатняга) выказалі 19 чэрвеня футбольныя заўзятары. Падчас матчу супраць Латвіі ў рамках адбору на чэмпіянат Еўропы-2024 у Ерэване на стадыёне яны вывесілі банер: «Пот і кроў дзеля герба, кожная перамога дзеля герба. Імя майго кахання — Арменія».
Не абышлося і без канспіратыўных тэорый. Апазіцыйныя армянскія палітолагі выказалі здагадку, што Пашынян зрабіў заяву аб змене герба пад ціскам Турцыі, якой даўно не падабаецца культ гары Арарат сярод армян. Арарат, як вядома, з'яўляецца сімвалам Арменіі, нягледзячы на тое, што гара зараз знаходзіцца ў межах Турцыі.
Тэма Арарата вельмі папулярная ў Арменіі. Яшчэ ў 1935 годзе быў створаны папулярны футбольны клуб «Арарат». Многія армянскія вытворцы выкарыстоўваюць Арарат для назвы сваёй прадукцыі — напрыклад, каньяк «Арарат», які вырабляецца з 1887 года, або лінейка цыгарэт «Арарат».
Частка турэцкага палітыкума бачыць у гэтым феномене тэрытарыяльныя прэтэнзіі на адрас Турцыі. Таму словы прэм'ера пра недарэчнасць выявы гары Арарат на армянскім гербе выклікалі падазрэнне ў яго пратурэцкіх сантыментах. Грант Баграцян, былы прэм'ер-міністр Арменіі, заявіў у сваім фэйсбуку, што менавіта «туркі маглі папрасіць Пашыняна прыбраць Арарат з герба Арменіі».
Дайшло да таго, што ў сетках некаторыя армяне звярнуліся да мясцовых спецслужбаў нарэшце паўстаць на абарону радзімы і арыштаваць турэцкага шпіёна, які для сваёй падрыўной дзейнасці прыдумаў цудоўнае прыкрыццё — прэм'ер-міністра Арменіі. «Хто яму даў такое права, нават герб Арменіі закрануў?! Усё, што яны (улады Турцыі — НЧ) патрабуюць, ён выконвае. Няўжо няма такіх службаў, якія маглі б яго спыніць?», — піша адзін з армянскіх каментатараў у сеціве. Згадалі і той факт, што Пашынян гатовы на саступкі Азербайджану — саюзніку Турцыі — у Нагорным Карабаху.
Не прайшла міма заяваў Пашыняна і апазіцыя. «Хачу зразумець, які выгляд будзе мець той герб, пра які марыць Пашынян? Давайце разам паспрабуем падумаць, што будзе намалявана на такім гербе: значок «лайка» ў Facebook плюс бутэлька самаробнай гарэлкі?», — заявіў на аператыўным брыфінгу кіраўнік парламенцкай апазіцыйнай фракцыі «Гонар маю» Айк Маміджанян.
Якія ж матывы рухалі Пашынянам, калі ён крытыкаваў герб: пазёрства, папулізм, а можа, сапраўды, «шыфроўка» з Анкары? Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі армянскага палітыка Арменака Давлацяна.
«Версія пра тое, што Пашынян — турэцкі шпіён вядома ж проста смешная. Думаецца, што словы Пашыняна наконт герба гэта выпадковы экспромт — такое з палітыкамі здараецца.
Аднак нейкі падтэкст тут усё ж прысутнічае. Пашынян як празаходні ліберал лічыць мэтай сваёй місіі на пасадзе кіраўніка краіны перазагрузку армянскага дзяржаўнага праекта. Іншымі словамі, ён бачыць будучыню краіны без негатыўнай спадчыны трэцяй рэспублікі, якая ўзнікла на руінах другой рэспублікі — Армянскай ССР (першая Армянская рэспубліка, нагадаем, існавала ў 1918-1921).
Верагодна, гэты разрыў з мінулым будзе больш уражлівым, калі адначасова пройдзе геральдычная рэформа. На Каўказе гэта, дарэчы, модна. Прыход праеўрапейскіх сіл у Грузіі ў 2003-м суправаджаўся зменай дзяржаўнага сцяга. Хаця асабіста мне ўсё ж у такую рэформу слаба верыцца. Цяперашні герб зроблены на базе эскіза герба першай рэспублікі, стварэнне якой у 1918 годзе з'яўлялася сапраўды гістарычнай падзеяй — адраджэннем армянскай дзяржаўнасці».