З турмы ў прэзідэнты. Дасье ў карыкатурах
Учорашні вязень сёння займае пасаду прэзідэнта. Такі фантастычны сцэнар можа рэалізавацца на прэзідэнцкіх выбарах у Бразіліі, якія пройдуць 2 кастрычніка.

2 кастрычніка ў Бразіліі ўсеагульныя выбары. У тым ліку краіна будзе выбіраць прэзідэнта. У барацьбу за прэзідэнцкую пасаду ўступілі больш за 10 кандыдатаў, аднак галоўная электаральная дуэль адбудзецца паміж двума антаганістамі — супернікамі, прадстаўнікамі розных палюсоў бразільскага грамадства — дзейным прэзідэнтам, правым палітыкам Жаірам Балсанару і экс-прэзідэнтам, левацэнтрыстам Луісам Інасіу (у Бразіліі яго часта клічуць Лула). Гэта сапраўдныя цяжкавагавікі. Таму мастакі нават параўноўваюць выбары з бітвай Кінг Конга і Гадзілы. У актуальным бразільскім варыянце «Балсаконг супраць Лулазілы».

Пры гэтым сам Лула да лістапада 2019-га знаходзіўся амаль два гады ў турме за карупцыю (пазней суд зняў з яго ўсе абвінавачанні). Гэты нюанс не могуць абысці карыкатурысты, ахвотна малюючы Лулу з турэмнымі кайданамі.

Тое, што на малюнку вышэй Балсанару намаляваны з сімвалам эпідэміі Covid-19, не выпадковасць. Палітыка бразільскіх уладаў у галіне барацьбы з эпідэміяй аказалася проста правальнай. Сам прэзідэнт не прызнаваў Covid як захворванне і адмаўляўся ад вакцынацыі насельніцтва. У выніку Бразілія знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце па распаўсюджанні каронавіруса. За час пандэміі ў краіне зарэгістравалі амаль 2 мільёны хворых, а прыкладна 600 тысяч з іх памерлі. Рэфлексуючы ў духу чорнага гумару на гэтую мінорную статыстыку, адзін з мастакоў прапанаваў гаранту падкарэктаваць нацыянальны сцяг.

Даставалася Балсанару ад грамадскасці і за маштабныя высечкі амазонскай сельвы, што негатыўна ўплывала на клімат усёй планеты.

Рысамі праўлення цяперашняга прэзідэнта таксама сталі масавы прыход ва ўладу прадстаўнікоў войска, непрыхаваная нянавісць да левых апанентаў, нападкі на заканадаўчую і судовую галіны ўлады. Ну і нарэшце адкрытыя сімпатыі да вайсковага рэжыму 1964–1985 гадоў і чылійскага дыктатара Піначэта. Адсюль сярод мастакоў паўстала мода маляваць Балсанару ў стылі Піначэта.

Здавалася б, з такім наборам «поспехаў» у Балсанару проста ніякіх шанцаў выйграць у левага Лулы. Аднак сацыёлагі гавораць аб адваротным. Па даных 14 галоўных сацыялагічных агенцтваў, рэйтынгі абодвух кандыдатаў вагаліся ў межах 44-48%. Электарат у Балсанару кансалідаваны дзякуючы радыкальнай палярызацыі палітычнага жыцця ў краіне, калі супернікаў прэзідэнта выяўляюць увасабленнем усяго негатыўнага. На прэзідэнта таксама працуе адміністрацыйны рэсурс. Нарэшце, мітынгі Балсанару нагадваюць сапраўдныя шоу. Адзін з бразільскіх мастакоў адлюстраваў выбарчую кампанію правага кандыдата наступным чынам.

Застаецца пачакаць развязкі выбарчай інтрыгі, якая ў тым ліку паўплывае на глабальную расстаноўку ў свеце. Бразілія, нагадаем — ключавая краіна Паўднёвай Амерыкі з насельніцтвам 213 мільёнаў чалавек. Хаця некаторыя графікі, робячы свае прагнозы на вынікі галасавання 2 кастрычніка, лічаць, што ў выніку ўсё скончыцца наступным чынам.
