Жадан і вайна. Маральны доўг паэта

Навіна пра тое, што ўкраінскі паэт Сяргей Жадан пайшоў ваяваць у шэрагах УСУ, выклікала шмат эмоцый і сярод яго чытачоў, і сярод калег па пяры. Асабліва «ўзбудзіліся» на ўчынак паэта расійцы.

Сяргей Жадан. Фота: znaj.ua

Сяргей Жадан. Фота: znaj.ua

Сяргей Жадан запісаўся звычайным вайскоўцам у 13-ю брыгаду Нацгвардыі «Хартыя». Яго фонд і ён асабіста дапамагалі брыгадзе больш за два гады. Сацыяльныя сеткі «добрых рускіх» і «даўно з'ехаўшых» пачалі закіпаць: «Гэта як Петрарка сышоў бы на вайну» (аўтар шчыра шкадуе пра лёс Жадана). «Ён пайшоў ваяваць супраць маёй краіны» (аўтар таксама шкадуе, згадваючы пра сумесныя літаратурныя фестывалі нулявых). «Хай будзе жывы», — пішуць у каментарах тыя, хто спачуваюць. У тэлеграм-канале адзначыўся Захар Прылепін: «Добры быў выдумшчык... а цяпер такі ж нацык, як і ўсе яны». Падобна на тое, Прылепіну дагэтуль крыўдна за катэгарычную публічную адмову Жадана дыскутаваць у Германіі ў 2015 годзе. Яны ж абодва вялікія пісьменнікі, чаго грэбаваць, калі «адзін народ»? Да таго ж, абодва тады вазілі «гуманітарку», кожны на свой бок. Падобна на тое, не забыўся прапагандыст вайны і яе камбатант, чые прызнанні даступныя ў сеціве, той выпадак, які ўдарыў па яго самалюбстве. Допіс Прылепіна яшчэ і як мінімум дзіўны: хто першы пайшоў на вайну?

А цяпер па сутнасці пытання.


Глядзіце таксама

Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца трэці год. Расія забіла і працягвае забіваць не толькі звычайных мірных грамадзян — яе ахвярамі сталі выдатныя пісьменнікі, піша аўтарка рускай службы «Радыё Свабода». Пісьменніца і паэтка Вікторыя Амеліна загінула пад ракетным абстрэлам у Краматорску. Дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Вакуленку выкралі і забілі пад Ізюмам. Маецца мартыралог закатаваных і пакараных на ўсходзе краіны, падчас расійскай акупацыі 2022 года. На днях на фронце загінуў мастак Артур Сніткус. Украінцы гавораць пра новае, паўторанае «расстралянае адраджэнне»: маецца на ўвазе група харкаўскіх літаратараў, знішчаных сталінскім рэжымам у 1930-я. Іх гісторыю расказвае нядаўні ўкраінскі мастацкі фільм «Дом слова» і папярэдні дакументальны праект. Дысертацыя Сяргея Жадана прысвечана аднаму з герояў «расстралянага адраджэння», заснавальніку ўкраінскага футурызму Міхайлу Сэмэнку.

Пісьменнікі, паэты і іншыя творцы Украіны пайшлі ў войска, у тым ліку жанчыны. Нядаўна ў шэрагі УСУ запісалася харкаўская драматургіня і рэжысёрка. Харкаў пад жорсткімі расійскімі абстрэламі, б'юць па мірных кварталах, а заходняя дапамога паступае, як быццам па кропельніцы. І што павінен рабіць у гэтай сітуацыі грамадзянін горада, чалавек, якога краіна лічыць сваім маральным аўтарытэтам? Жадан паведаміў пра сваё рашэнне на старонцы ў Facebook (насуперак уласнаму тэксту «Чаму мяне няма ў сацыяльных сетках», ён з пачатку расійскага ўварвання публікуе ў сябе зборы для вайсковых медыкаў і вайсковых частак і справаздачы аб паездках на лінію фронту). Як яшчэ павінен паступіць патрыёт Украіны, хлопец з яе ўсходніх ускраін, з простай сям'і, брат рызыкоўнага чалавека, з улікам біяграфіі якога напісаны раманы «Варашылаўград» і «Anarchy in the UKR»? Жадан бачыў шмат трагедый, шмат лёсаў і не збаіцца не толькі зла ў яго чыстым пякельным выглядзе, якое прад'явіла ўварванне, але, здаецца, ужо наогул нічога.


Глядзіце таксама

Як піша адна з лепшых перакладчыц Жадана на рускую, кіяўлянка, якая застаецца ва ўкраінскай сталіцы: «Потым ён рызыкуе апынуцца на адным круглым стале, напрыклад, з вельмі добрай паэткай і ваеннай-парамедыкам Аленай Герасімюк. Яшчэ там будзе паэт Дзмітро Лазуткін, паэт Арцём Паляжака, абодва ваююць. Ну і як пры гэтым будзе выглядаць Жадан, калі ён не пойдзе на вайну? Ніяк. Ён чалавек разумны і смелы, так што шкадаваць яго няма сэнсу». А яшчэ аўтарка каментара згадвае вядомага рэжысёра Алега Сянцова, які ваюе з расійскім агрэсарам з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Гэтыя практычныя ўкраінскія ваенныя абставіны і асабістыя рашэнні аказаліся недаступнымі разуменню расійцаў — і «добрых рускіх», і не вельмі. У расійскіх сацсетках я бачу ў асноўным ныццё пра загубленае Пуціным жыццё, хоць разумею, што адкрытае спачуванне Украіне можа быць небяспечным. Але ёсць выпадкі, пра якія лепш альбо прамаўчаць, альбо выказвацца з улікам рэальнасці, а не зыходзячы са сваіх псіхалагічных праекцый.\


Глядзіце таксама

Ну і нарэшце, нататкі на палях. У свядомасці большасці, нават таго, якое чытае, паэт ўяўляецца істотай, народжанай выключна для гукаў «салодкіх і малітваў». Публіка адмаўляе яму ў ментальнай адэкватнасці: спявай, птушка, а ў палітычныя расклады не лезь, у сапраўдным жыцці ты ўсё роўна нічога не разумееш. Гэта састарэлая мадэль, якая не вытрымлівае крытыкі ў святле біяграфій літаратараў з сусветнымі імёнамі, якія прымалі ўдзел у войнах XIX і XX стагоддзяў. І гэтае ўяўленне — дакладна не пра Сяргея Жадана.

Кароткая даведка. Сяргей Жадан — украінскі пісьменнік (аўтар васьмі раманаў), паэт (аўтар больш чым дваццаці зборнікаў), перакладчык, драматург, рок-музыка. З 2013 года актыўны прыхільнік Еўрамайдана (пацярпеў у харкаўскіх сутыкненнях сакавіка 2014). У 2017 годзе стварыў дабрачынны фонд падтрымкі гуманітарных праектаў усходу Украіны. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — валанцёр УСУ, рэгулярна ездзіў на перадавую. Лаўрэат некалькіх буйных украінскіх і міжнародных прэмій. Вылучаны на Нобелеўскую прэмію 2022 года Польскай акадэміяй навук. Адзін з самых значных сучасных аўтараў Усходняй Еўропы. І, верагодна, самы ўплывовы культурны герой Украіны.