Загадка аднаго маньяка

У амерыканскай турме на 84-м годзе жыцця памёр вядомы маньяк-забойца Чарльз Мэнсан. Памёр, пакінуўшы пасля сябе загадку: чаму такая адмоўная персона стала іконай сучаснай поп-культуры?

abfc4a1e_c83c_42bd_baad_0a617688b89e_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg

Біяграфія Мэнсана сапраўды менш за ўсё нагадвае жыццёвы шлях зоркі. Хутчэй, яна чытаецца як дасье злачынцы-рэцыдывіста, які першы раз выправіўся ў турму ва ўзросце 12 гадоў.

Сваёй вядомасцю нябожчык абавязаны забойству, якое здзей­сніла падпарадкаваная яму групоўка «Сям’я» ў 1969 годзе, калі ў Галівудзе па-зверску забілі сем чалавек. Сярод ахвяраў была жонка рэжысёра Рамана Паланскі, актрыса Шэран Тэйт, якая знаходзілася на дзявятым месяцы цяжарнасці.

Хаця Мэнсан не быў непасрэдным выканаўцам забойстваў, ён быў прызнаны вінаватым у іх арганізацыі і прысуджаны да смяротнага пакарання. Пасля прысуд яму быў заменены пажыццёвым зняволеннем з магчымасцю ўмоўна-датэрміновага вызвалення, якога вязень, аднак, так і не дачакаўся.

Нягледзячы на жудаснае забойства, вобраз Мэнсана хутка быў растыражаваны ў маскультуры. На цяперашні дзень Мэнсан прысутнічае ў адзенні, графіцы, фільмах, серыялах і нават мультфільмах. Вядомы музыкант Мэрлін Мэнсан (сапраўднае імя Браян Уорнер) узяў частку свайго сцэнічнага прозвішча менавіта ў Чарльза Мэнсана. У 1994 годзе ВВС падлічыла, што песні ў гонар маньяка-забойцы толькі ў Еўропе спяваюць каля 70-ці рок-гуртоў. Гэта без уліку шматлікіх кніг, прысвечаных Мэнсану. Апагеем феерыі, напэўна, стала рок-опера «Чарлі Мэнсан: лета нянавісці», якую паставілі ў 2014-м у Гамбургу (праўда, шоў правалілася).

06461c508a5fa31989bf8827bc236cb1__1440x.jpg

Дзе крыніцы такой эпідэміі папулярнасці маньяка? На гэты конт дасюль працягваюцца спрэчкі. Напэўна, прасцей за ўсё спісаць феномен Мэнсана на скандальны антураж забойства. Дзякуючы яму пра справу Мэнсана казалі значна даўжэй, чым пра іншае падобнае масавае забойства.

Справа ў тым, што групоўка «Сям’я» па сутнасці была сатанісцкай сектай. Акрамя забойстваў, яе сябры (у тым ліку і дзяўчаты) займаліся групавым сексам, служылі імшы д’яблу, ужывалі наркотыкі, рэзалі жывёлаў і пілі іх кроў. Сам Мэнсан абвясціў сябе месіяй.

Забойства галівудскай зоркі, секс, наркотыкі, гвалт… Што яшчэ трэба журналістам для сенсацыі? Прэса хутка зрабіла Мэнсану імідж ледзь не жывой рэінкарнацыі Гітлера. Адсюль тэорыя пра тое, што рэгулярны інтарэс прэсы да справы Мэнсана і дазволіў яму з часам ператварыцца ў сталы элемент масавай культуры як сінонім абсалютнага зла.

Аднак тут ёсць праблема. Публіка на пачатку 1970-х гадоў не ўспрымала злачынцу як звычайнага вар’ята. Шмат хто пачаў яму сімпатызаваць. Папулярнасць маньяка можна спісаць на атмасферу тых часоў, калі вялікая частка моладзі на Захадзе адмаўляла традыцыйныя каштоўнасці. Для іх Мэнсан быў не забойцам, а асобай, якая перакрочыла ўсе нормы і табу старога свету. Напрыклад, Джон Ленан назваў Мэнсана «дзіцём дзяржавы, якую стварылі ўсе мы». Ахвярай сістэмы выстаўляў сябе на судзе і сам злачынца, які аказаўся някепскім псіхолагам.

Амерыканская станцыя NPR мяркуе, што адказ на загадку культу Мэнсана трэба шукаць у яго харызме і разуменні чалавечай псіхалогіі. Тое, што шмат людзей так лёгка пагаджаліся падпарадкоўвацца Мэнсану, ідучы па яго загадзе нават на забойства, дасюль уражвае. Нездарма на пачатку 1970-х гадоў хіпі нават пабачылі ў вар’яце Ісуса Хрыста, якія вярнуўся на зямлю.

charles_manson.jpg

А вось брытанская газета «The Guardian», згадваючы Мэнсана, лічыць, што ідэалізацыя маньяка тлумачыцца асаблівасцямі моладзевай контркультуры, якая нарадзілася напрыканцы 1960-х гадоў. Тады ж паўстаў міф пра пакутніка Мэнсана, якога паліцыя, быццам, абрала ў якасці ахвяры ў рамках вечнай вайны паліцыі супраць маладых людзей з доўгімі валасамі. Сапраўды, шмат сучаснікаў той справы адмаўляліся верыць у тое, што чалавек, знешне падобны на рок-зорку Джыма Морысана, мог кагосьці забіць.

Каб быць паслядоўнымі, нельга не згадаць тэорыю савецкіх культуролагаў, якія бачылі ў папулярнасці Мэнсана дзяжурную праяву крызісу капіталізму, калі расчараваная ў спажывецкіх забабонах моладзь гатовая маліцца на абы-каго або на абы-што, каб толькі гэта было крута.

Наўрад ці пералічанымі версіямі будуць вычарпаныя тэорыі загадкі Мэнсана. Зараз мы перажываем рэнесанс інтарэсу да яго персоны. І гэта, падаецца, толькі пралог. 21 лістапада славуты амерыканскі рэжысёр Квенцін Таранціна распавёў, што збіраецца зняць фільм, дзе адным з герояў будзе заснавальнік секты «Сям’я».