Дык чаму абарыгены з'елі Кука?

У кантэксце апошніх навінаў з Новай Зеландыі высвятляецца, што «абарыгены з’елі Кука» цалкам справядліва.

 Фота www.thenorthernecho.co.uk

 Фота www.thenorthernecho.co.uk

Група людзей у скурах радасна вітае маракоў і афіцэраў, якія сыходзяць з шлюпак на бераг і раздаюць тубыльцам падарункі. Яны прыплылі з карабля, контуры якога можна пабачыць на заднім плане. Гэта «Endeavour» — карабель славутага мараплаўца Джэймса Кука. Такая ў двух словах кампазіцыя карціны «Высадка Джэймса Кука ў Новай Зеландыі ў 1769 годзе». Яе арыгінал знаходзіцца ў мясцовай нацыянальнай мастацкай галерэі, а рэпрадукцыі змешчаныя ў падручніках па гісторыі.

Напэўна, ад гэтай выявы адштурхоўваліся арганізатары святкавання 250-й гадавіны прыбыцця Кука, якая адзначаецца ў гэтым годзе. Прынамсі, галоўную ролю ў канцэпцыі святаў адводзілі караблю — копіі «Endeavour». З 6 кастрычніка (дзень, калі Кук кінуў якар каля новазеландскіх берагоў) карабель павінен быў наведаць шэраг новазеландскіх гарадоў. У кожным з іх планаваліся святочныя імпрэзы.

І раптам, ледзь не напярэдадні пачатку святкаванняў, шырокая публіка пачула дасюль малавядомы факт. 6 кастрычніка 1769 года атмасфера на беразе, дзе высадзіўся Кук, была далёкая ад святочнай. У адказ на спробы маары правесці нейкую цырымонію, брытанцы пачалі страляць і забілі дзевяць чалавек.

У гэтым ракурсе запланаванае свята шмат для каго трансфармавалася ў сумную дату пачатку інтэрвенцыі і страты народу маары суверэнітэту. Візіт Кука выглядае як уверцюра да пачатку сістэмнай каланізацыі, у рамках якой праз хваробы, войны і эксплуатацыю мясцовыя жыхары хутка апынуліся ў меншасці на сваёй радзіме і, па-сутнасці, сталі людзьмі другога гатунку.

Адразу ўзнік рух за тое, каб скасаваць урачыстасці 6 кастрычніка. Арганізацыі абарыгенаў патрабавалі ад сваіх прадстаўнікоў у парламенце ўзняць пытанне, з якой нагоды маары-падаткаплацельшчыкі павінны фінансаваць свята ліквідацыі сваёй дзяржаўнасці. Акрамя таго, стартавала інфармацыйная кампанія, адрасаваная муніцыпалітэтам гарадоў, куды павінна была зайсці копія карабля «Endeavour». Гарсаветам прапанавалася прыняць рэзалюцыю супраць швартоўкі карабля. Праўда, на гэты момант вынік кампаніі сціплы — толькі адзін горад падтрымаў ідэю маары.

Часам гучаць увогуле радыкальныя тэзісы. «Ён (Кук) забіў некаторых нашых продкаў. Чаму ён прыплыў сюды? Хіба было цяжка зразумець, што гэтая зямля ўжо занятая?» — заявіў адзін з актывістаў маары ў інтэрв’ю выданню «New Zealand Herald».

Смерць Кука. Гравюра 1790 года.

Смерць Кука. Гравюра 1790 года.

Пратэсты атрымалі рэзананс. Іх нават заўважылі ў Лондане, дзе ўрад Яе Вялікасці заявіў, што вельмі шкадуе з-за забойстваў, якія адбыліся «ў момант першага кантакту падчас падарожжа да адкрыцця лейтэнанта Джэймса Кука 250 гадоў таму». Магчыма, гэта астудзіла сітуацыю, аднак тут жа да справы падключыліся брытанскія левыя СМІ і змагары супраць каланіяльнай спадчыны. У брытанскай прэсе патрабуюць, каб за забойства маары маракамі Кука выбачылася асабіста каралева.

На гэтым фоне аргументы апанентаў гучаць вельмі слаба. Ніхто не звяртае ўвагі на тое, што дакаланіяльная Новая Зеландыя была арэнай бясконцых канфліктаў паміж кланамі. А калі еўрапейцы пазнаёмілі іх са стрэльбамі, тыя канфлікты ператварыліся ў сапраўдную крывавую мясарубку, па выніках якой было забіта каля 40–60 тысяч чалавек. Яе наступствам стаў татальны недавер паміж кланамі маоры. Адзіным выхадам для стабілізацыі нечакана аказалася хрысціянства з яго з ідэяй прабачэння за зробленае зло.

Відавочна, што падыходы да экспедыцыі Кука будуць пераглядацца. Па гэта заявіла асабіста кіраўнік лейбарысцкага ўраду Джасінда Ардэн (Jacinda Ardern). Яна вырашала праігнараваць афіцыйны пачатак урачыстасцяў 6 кастрычніка, заклікаўшы распачаць гістарычныя дэбаты. На яе думку, не трэба баяцца спрэчак, якія з’яўляюцца часткай любой дыскусіі.

Чагосьці іншага было цяжка чакаць. Харызматычная Ардэн па поглядах належыць да левага крыла лейбарыстаў, што аўтаматычна вымагае падтрымліваць нацменшасці і крытыкаваць рэшткі каланіялізму. Праўда, для суайчыннікаў прыклад і аргументы прэм’ера аказаліся непераканаўчымі. Новазеландцы прыйшлі ў порт сустракаць копію карабля Джэймса Кука.

Замест фіналу ў дадзеным выпадку будзе лагічней зра­біць анонс. У наступным годзе ў Злучаных Штатах запланаваныя маштабныя святкаванні з нагоды плавання «Mayflower» — англійскага гандлёвага караблю, які ў 1620 годзе даставіў у Паўночную Амерыку першую партыю каланістаў. Няма сумневаў, што юбілей будзе палітызаваны (шмат хто лічыць, што з «Mayflower» распачаўся генацыд мясцовых індзейцаў). А паколькі ў наступным годзе — выбары прэзідэнта, а напал міжпартыйнай вайны дэмакратаў і рэспубліканцаў і цяпер ужо зашкальвае, канфрантацыя наконт гістарычных трактовак можа быць папросту фенаменальнай.