Замежныя СМІ пра Беларусь: 2–8 кастрычніка
Лукашэнка рыхтуе малодшага сына да ролі «пераемніка». Аўтарытарны лідар прывёў свайго 11-гадовага сына на Генеральную Асамблею ААН, каб той на ўласныя вочы ўбачыў тонкасці міжнароднай дыпламатыі. «The Guardian» (Вялікабрытанія)
У Пуціна заставаўся яшчэ адзін шанец — скарыстацца ўнутрыпалітычнай кухняй Беларусі. 11 кастрычніка — выбары прэзідэнта. Што Расія і зрабіла — як мінімум двое з
чатырох кандыдатаў у прэзідэнты — відавочна прарасійскія. А за арганізацыяй, якая вылучыла «дэмакратычнага кандыдата», яшчэ з 2010 патыхае расійскімі грашыма і цягнецца
шлейф незразумелых крыніц фінансавання. Натуральна, Лукашэнка гэта бачыць. І рыхтуецца. У тым ліку, нейтралізуючы патэнцыйных шэрых кардыналаў з сумежнай дзяржавы. Гэта і арышты бізнесоўцаў, звязаных
з Масквой. І дастаткова цікавая заява КДБ аб затрыманні шпіёна, які працаваў «не на захад».
«Хвиля» (Украіна)
Перспектыва дэмакратычных пераўтварэнняў і рэформаў не такая прываблівая ў свядомасці выбаршчыкаў перад страхам паўтарэння ўкраінскіх падзей. Аднак і пры такім раскладзе Лукашэнку не патрэбныя
адкрытыя дыскусіі, нават і з часовымі апанентамі, якімі на гэтых выбарах выступаюць Караткевіч, Улаховіч і Гайдукевіч. Па-першае, таму, што за больш чым два дзясяткі гадоў сваёй улады беларускі
кіраўнік прывык выступаць з пазіцыі сілы, калі суразмоўцы пазбаўленыя магчымасці пярэчыць. У дэбатах жа яму давялося б адказваць на нязручныя пытанні. А па-другое, і гэта, мабыць, галоўнае,
— хваліцца няма чым. Эканоміка ў глыбокім крызісе, выкліканым не толькі знешнімі прычынамі, але і недахопамі кіравання. Праграма ж прэзідэнта Лукашэнкі ў асноўным сканцэнтраваная на новых
абяцаннях беларусам міру і парадку выключна пры ўмове, калі ён застанецца прэзідэнтам яшчэ 5 гадоў.
«Deutsche Welle» (Германія)
Расія глядзіць на Беларусь праз тую ж прызму, што і на Украіну, — погляд на свет, уласцівы выключна Маскве: гэта частка былой імперыі, якую не варта далёка ад сябе адпускаць і якая не
можа паднесці такіх сюрпрызаў, як унутраная дэмакратыя, незалежная знешняя палітыка і здаровая эканамічная стратэгія. У выпадку Беларусі гэты ланцужок вельмі кароткі. Лукашэнка, які жыве ў
сур’ёзнай залежнасці ад субсідый і пазык Расіі, гатовы прамяняць суверэнітэт на даўгавечнасць свайго кіравання, нават калі гэта патрабуе адрачэння ад непасрэдных нацыянальных інтарэсаў і
доўгатэрміновых перспектыў Беларусі. Тым не менш, з моманту анексіі Крыму беларускі прэзідэнт ступае больш асцярожна. Ён стараецца паступова нармалізаваць адносіны з Захадам, адначасова з гэтым
адчайна спрабуючы не даць Пуціну ніякіх падставаў сумнявацца ў сваёй лаяльнасці.
«Forbes» (ЗША)
Выступленні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на Генасамблеі ААН былі абсалютна ідэнтычныя. Абодва выступы грунтаваліся на тэорыі змоў, на тым, што ёсць краіна, якая навязвае астатняму
свету сваё бачанне, і гэта недапушчальна. Упэўнены, што абодва выступы былі калі не напісаныя, то ўзгодненыя ў Крамлі. Украінская ўлада заігрывае з Лукашэнкам, аднак яго заявы пра тое, што ён не
дапусціць агрэсіі ў бок Украіны — гэта проста словы. Лукашэнка паказаў, што ён больш на баку Пуціна, чым цывілізаванага свету.
«Рoliteka» (Украіна)
Супрацьстаянне Украіны і Расіі адбываецца не толькі ў ваеннай і ідэалагічнай сферы, але ахапіла і практычна ўсе галіны эканомікі. Пакутуюць ад гэтага і ўкраінцы, і расіяне, а выйграюць беларусы.
Пасля пачатку ўкраінскага канфлікту Беларусь умудрылася павысіць свой міжнародны статус, і нават пачаць імпартаваць ківі.
«Корреспондент» (Украіна)