G20: «Запрашаем у пекла!»

Сёння ў Гамбургу пачынае працу саміт лідараў 20 найбольш уплывовых краін свету. Не абыдзецца і без мабілізацыі праціўнікаў глабалізацыі. Пра тое, чаго дамагаюцца антыглабалісты, распавядае Альке Вайтэрмаер, чалец нямецкай экалагічнай ініцыятывы Robinwood.

Фота www.voanews.com

Фота www.voanews.com


— Пратэсты супраць самітаў кіраўнікоў вядучых дзяржаў пачаліся прыкладна ў 2000 годзе. Ці давяла такая практыка ціску грамадства на палітычны істэблішмент сваю эфектыўнасць?

— Эфект такіх акцый ацаніць немагчыма, паколькі іх асноўная канцэпцыя, хутчэй, сімвалічная — пратэст супраць кулуарнага прынцыпу прыняцця рашэнняў, якія тычацца лёсаў людзей і планеты. Меркель, Трамп і іншыя палітыкі павінны ўвесь час ведаць, што простыя людзі назіраюць за імі і кантралююць іх учынкі. Гэтая тэма будзе асноўнай падчас пратэстаў у Гамбургу.

Акрамя таго, існуе шмат лакальных тэмаў. Напрыклад, шматлікім нямецкім грамадзянам не падабаецца, што саміт фінансуецца за кошт падаткаплатнікаў (сустрэча ў Гамбургу абыдзецца бюджэту ФРГ у 15 мільёнаў еўра). Вельмі важнай падчас пратэстаў будзе антываенная тэма. Сярод удзельнікаў саміту — асобы, непасрэдна адказныя за эскалацыю канфліктаў: Пуцін, Эрдаган, Трамп, кіраўнік Саудаўскай Аравіі і гэтак далей. Нарэшце, падчас «антысаміту» пройдзе вялікая канферэнцыя з удзелам шматлікіх экспертаў левых поглядаў. Яны паспрабуюць прапанаваць альтэрнатыўную мадэль сусветнага парадку.

— Як непасрэдна выглядае план пратэстаў?

— Пачынаючы з 2 ліпеня ў Гамбургу збіраюцца праціўнікі саміту. На працягу гэтага тыдня ў горадзе пройдзе каля 30 дэманстрацый на розную тэматыку. Увесь час будуць адбывацца семінары, культурныя імпрэзы, лекцыі. На выходныя пройдзе галоўная маніфестацыя пад назвай «Запрашаем у пекла!». Будзе ў гамбургскіх пратэстаў і свая фішка. Паколькі Гамбург — партовы горад, антыглабалісты стварылі флатылію, якая збіраецца пратэставаць на вадзе. Паліцыя ў адказ падрыхтавала сваю «армаду», каб даць праціўніку «марскі бой». Дарэчы, на гэтым саміце антыглабалісты ўпершыню ўзялі на ўзбраенне вядомае ўсходнееўрапейскае ноу-хау пад назвай «Майдан». Планавалася арганізаваць на адной з цэнтральных плошчаў Гамбургу намётавы лагер.

— Вядома, што антыглабалісты не аднастайныя. У іх шэрагах хапае тых, хто намагаецца пратэставаць радыкальнымі сродкамі. Як гэта было, напрыклад, у Генуі ў 2001 годзе, калі ў выніку сутычак з паліцыяй не абышлося нават без забітых. Чаго чакаць у Гамбургу?

— Першыя акцыі ў Гамбургу, што пачаліся ў мінулы ўік-энд, былі цалкам мірныя, аднак інцыдэнтаў наўрад ці атрымаецца пазбегнуць. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі радыкальныя групоўкі абвясцілі пра намер за кошт дыверсій і актаў сабатажу на аб’ектах гарадской інфраструктуры сарваць правядзенне G20. Асноўныя бойкі чакаюцца падчас дэманстрацыі 7 ліпеня, на якой радыкалы традыцыйна сфармуюць сваю групу: «Чорны блок». Для зрыву падобных планаў у Гамбургу сканцэнтравана да васьмі тысяч сілавікоў плюс тры тысячы адзінак паліцэйскай тэхнікі. Германія напярэдадні саміту таксама выйшла з рэжыму шэнгену, каб спыніць замежных радыкалаў. Будзе заблакаваны і горад. Таму асабіста я, напрыклад, збіраюся прабірацца туды на цягніку, які нельга будзе спыніць, як аўтамабіль.

Трэба адзначыць, што канфрантацыя ў чымсьці была запраграмаваная загадзя. Нейкі разумнік прыдумаў праводзіць мерапрыемствы G20 побач з Санкт-Паўлі (гамбургскі квартал, дзе знаходзяцца мясцовыя анархісцкія цэнтры). Нездарма ў межах падрыхтоўкі ў Гамбургу пабудавалі часовую турму, куды можна адначасова змясціць каля 400 арыштаваных…

— Увосень Германія абірае новы парламент. Саміт у Гамбургу і пратэсты могуць стаць важнай мяжой цяперашняй выбарчай кампаніі?

— Безумоўна. Інакш бы пра намер удзельнічаць у пратэстных акцыях не заявілі ўсе левыя партыі і прафсаюзныя цэнтры. Нават вельмі памяркоўныя сацыял-дэмакраты збіраюцца выйсці на вуліцу. Гэта трошкі смешна, калі ўзгадаць, што менавіта эсдэкі ўзначальваюць муніцыпалітэт Гамбургу, і ў тым ліку яны адказныя за шэраг пастановаў, накіраваных супраць антыглабалістаў. Так ці інакш, іх удзел у «антысаміце» сведчыць пра радыкалізацыю настрояў нават сярод бюргераў. Намагаецца выкарыстаць G20 у піяр-мэтах і Меркель. Яна хоча давесці, што дазваляе нават вельмі радыкальным апанентам выказваць сваю думку, гарантуючы пры гэтым грамадскую бяспеку. Натуральна, канцлер збіраецца таксама засведчыць, што з’яўляецца палітыкам сусветнага маштабу.

— Ці чакаюць пратэстоўцы ад саміту канкрэтных рашэнняў?

— Мяркую, што можна чакаць пазітыўных рашэнняў па праблеме змены клімату. Тэмпературныя рэкорды за апошні тыдзень проста шакавалі свет. На Балканах праз спёку паралізаваная чыгунка і авіяцыя, на Поўначы — фенаменальны для лета холад, які нішчыць турыстычны сектар. Акрамя таго, сама Меркель абяцала стварыць агульны фронт супраць Трампа, які абвясціў пра выхад ЗША з Парыжскай дамовы па клімаце. Спадзяюцца, што будзе знойдзены нейкі мірны план для Сірыі і Афганістану. У прынцыпе, нават дзеля гэтага варта будзе выйсці на вуліцу.