Злачынства, якое абудзіла нацыю

50 гадоў таму шатландцы нечакана зразумелі, што яны не англічане. Усё з-за групы студэнтаў-нацыяналістаў, якая выкрала з Вестмінстэрскага абацтва Скунскі камень — сімвал незалежнасці Шатландыі. (На здымку: У Эдынбургскім замку захоўваецца Скунскі камень)



40dba662fae60cd3bcceaa76a82d2873.jpg

50 гадоў таму шатландцы нечакана зразумелі, што яны не англічане. Усё з-за групы студэнтаў-нацыяналістаў, якая выкрала з Вестмінстэрскага абацтва Скунскі камень — сімвал незалежнасці Шатландыі.

(На здымку: У Эдынбургскім замку захоўваецца Скунскі камень)


Тэма містычных якасцяў асобных камянёў — не манаполія шатландцаў. Так, у старажытных славенцаў кожны кандыдат на пасаду князя праходзіў спецыяльны рытуал — павінен быў стаць на камень з мячом. Пазней з каменя зрабілі трон для мясцовага герцага. Калі Славенія стала незалежнай, менавіта выяву каменя змясцілі на першых банкнотах маладой краіны. Зараз той камень можна пабачыць на манетах наміналам два еўрацэнта.
Быў такі сакральны камень і ў шатландцаў. Ён называўся An Liath Fаi, што можна перавесці як «камень лёсу». Ён важыць 152 кілаграмы. Першапачаткова камень знаходзіўся ў абацтве Скуна (яго іншая назва — Скунскі камень). Існуе шмат легенд, адкуль ён узяўся ў Шатландыі. Самая экзатычная сцвярджае, што камень прывезлі сюды егіпцяне. Манахі абацтва казалі, што менавіта на гэтым камні спаў біблейскі Якаў, калі пабачыў у сне лесвіцу ў нябёсы. Гісторыкі лічаць, што камень выкарыстоўваўся старадаўнімі кельтамі, які прыбылі сюды з Ірландыі.
У любым выпадку, на працягу стагоддзяў на An Liath Fаi каранаваліся манархі Шатландыі. Падчас абраду каранацыі яны сядзелі на камні.
У 1296 годзе, падчас адной з войнаў паміж Англіяй і Шатландыяй, англійскі кароль Эдуард Даўганосы захапіў камень як вайсковы трафей. Рэліквію прывезлі ў Вестмінстэр і паклалі пад трон, на якім традыцыйна каранаваліся англійскія каралі.
У 1328 годзе Шатландыя і Англія дамовіліся пра тое, што камень вернецца на радзіму. Але Лондан дамовы не выканаў. З часам шатландцы забылі і пра пункт той дамовы, і пра камень, і нават пра незалежнасць (пасля вайны нацыяналісты Шатландыі збіралі на выбарах не больш за 0,7 працэнтаў).
Аднак не ўсе шатландцы сталі англічанамі. Яшчэ з 1920-х гадах у краі існавала Студэнцкая асацыяцыя шатландскіх нацыяналістаў (GUSNA). Яе сябры часта ламалі галаву, якім чынам абудзіць у суайчыннікаў інтарэс да сваёй культуры і гісторыі? Неяк група студэнтаў, лідэрам якіх быў навучэнец юрфаку Ян Гамільтан, падумала: а што калі скрасці Скунскі камень.

Крэсла Святога Эдуарда


Раніцай 14 снежня 1950 года яны прабраліся ў каранацыйны зал Вестмінстэрскага абацтва і забралі адтуль сімвал сваёй незалежнасці. У ходзе аперацыі камень разламаўся (ёсць версія, што ён быў і так даўно расколаты). Па частках скрадзенае пераправілі ў Шатландыю, дзе майстар склеіў яго. Пасля камень схавалі ў зламаным трактары і сталі назіраць за тым, што будзе далей.
Выкраданне каменя лёсу сапраўды нарабіла шуму. Англійская арыстакратыя была раз’юшаная. Кабінет патрабаваў ад Скотланд Ярда тэрмінова знайсці злодзеяў. Пошукі паліцыі не мелі вынікаў. Аднак самі нацыяналісты не былі ў эйфарыі. Жаданага эфекту — выбуху нацыяналістычных настрояў — не адбылося. Шатландцы сапраўды з-за скандалу нечакана прызналі, што яны асобны ад англічан народ. Аднак сам факт злачынства ў імя нацыі яны разглядалі як хуліганства, дыскрэдытацыю сябе як народу.
У красавіку 1951-га студэнты праінфармавалі паліцыю, дзе схаваны камень. Ён вярнуўся ў Лондан. Ужо ў 1953 годзе на ім каранавалася Елізавета Другая. Раней супраць Гамільтана завялі справу, ходу якой, аднак, не далі. Відавочна, учынак Гамільтана і самую ідэю шатландскай незалежнасці тады ўспрымалі за дзіцячае хуліганства.
Сам Гамільтан, дарэчы, сапраўды нагадваў палітычнага хулігана. Пасля ўніверсітэта, працуючы як юрыст, ён праславіўся тым, што падчас судовых працэсаў называў Елізавету Другую Елізаветай Першай. Аргументацыя ў яго была наступная: Елізавета Першая не была каралевай Шатландыі, якая тады яшчэ была незалежнай дзяржавай. Таму для шатландцаў цяперашняя каралева Елізавета Другая ёсць Елізавета Першая.
Аднак з часам сітуацыя і стаўленне да ўчынку Гамільтана пачалі мяняцца. У 1960-я партыя шатландскіх нацыяналістаў упершыню атрымала мандат у парламенце. У 1970-я яна стала другой па папулярнасці мясцовай партыяй. Грамадства пераглядзела стаўленне да выхадкі студэнтаў. Яны сталі героямі нацыі. Пункт пра неабходнасць вяртання Скунскага каменя на радзіму ўключылі ў партыйную праграму Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP).
У 2008 годзе пра выкраданне каменя лёсу нават знялі мастацкі фільм «Stone Of Destiny». Ролю Гамільта сыграў Чарлі Кокс.
Яшчэ раней камень лёсу вярнуўся ў Шатландыю.
У 1996 годзе ўрад лейбарыстаў пагадзіўся перадаць камень лёсу ў Эдынбург. У тэксце пагаднення ёсць, аднак, такі пункт: на час каранацый брытанскіх манархаў камень будуць браць у арэнду. 30 лістапада ў Дзень Святога Андрэя (нябесны патрон Шатландыі) камень даставілі ў Эдынбургскі замак. За цырымоніяй вяртання сімвала незалежнасці назірала каля 10 тысяч чалавек. Далі слова і Гамільтану.
Сам Гамільтан, якому стукнула 85 гадоў, дасюль не лічыць сябе героем. «Я не палітычная фігура. Я проста веру ў маю краіну. Мне было крыўдна, калі казалі, што няма ніякай Шатландыі. Я папросту хацеў абудзіць шатландцаў».
Праўда, ёсць версія, што Скунскі камень, які ляжыць у замку ў Эдынбургу, несапраўдны. Быццам у 1951 годзе студэнты наўмысна перадалі паліцыі фальшыўку. Аднак гэта далёка не першая байка. Паводле іншых, больш ранніх версій, сапраўдны камень лёсу хаваецца ў Шатландыі. Старажытныя манахі не дазволілі англійскім акупантам звесці сімвал нацыі і падсунулі ім падробку. Арыгінал быццам закапаны пад адным з пагоркаў або ляжыць на дне ракі Тэй. Распавядаюць таксама, што артэфакт перадалі рыцарам з ордэну тампліераў.