Жонка за мужа. Дасье ў карыкатурах
Адзін з галоўных ньюсмэйкераў апошняга часу — Юлія Навальная, якая заявіла, што будзе працягваць змагацца за дэмакратычную Расію. Гэта не першы выпадак у гісторыі, калі жонка працягвае справу забітага мужа-палітыка. І заўсёды гэтая тэма была ў фокусе ўвагі сусветных карыкатурыстаў.
Пачнем з малавядомай у нас шрыланкійкі Сірымава Бандаранаіке (Sirimavo Bandaranaike).
Хоць Сірымава паходзіць з арыстакратычнай сям'і, у палітыку яна прыйшла ў статусе жонкі прэм'ера. Паступова яна заваявала давер мужа таксама ў якасці яго неафіцыйнага дарадцы. У 1959-м прэм'ера застрэліў нейкі будысцкі манах. Тады ж партыйнае кіраўніцтва пераканала Бандаранаіке заняцца палітыкай і змяніць свайго мужа на пасадзе кіраўніка ўрада. У выніку яна стала першай у свеце жанчынай прэм'ер-міністрам і агулам займала гэтую пасаду аж тры тэрміны. Паколькі яе выява прысутнічае ў сучасных мясцовых карыкатурах, працавала яна някепска. На гэтым малюнку адзін з цяперашніх палітыкаў выклікае Сірымава як таго джына, каб яна дапамагла яму вырашыць харчовую праблему.
Соня Гандзі (1946 г.) — індыйскі палітык. Парадаксальна, але жанчына з прозвішчам Гандзі нарадзілася не ў Індыі, а пад Вічэнцай, што ў Італіі. На моўных курсах у Кембрыджы пазнаёмілася з Раджывам Гандзі, пабралася з ім шлюбам у 1968 годзе. Затым яна пераехала ў Індыю і стала жыць са сваёй свякрухай, тагачаснай прэм'ер-міністрам Індыі Індзірай Гандзі. У 1991-м Раджыў Гандзі стаў ахвярай тамільскіх тэрарыстаў. Але кар'ера Соні пачалася ў 1998 годзе, калі яна ўзначаліла партыю Індыйскі Нацыянальны Кангрэс і заставалася на пасадзе кіраўніка аж да 2017 года. Сярод іншых заслуг — падрыхтоўка да палітычнага жыцця сына Рахула (Rahul), які сёння з'яўляецца адным з лідараў Кангрэса. Таму на шматлікіх карыкатурах Соня часта выхоўвае сына.
Напэўна, самая дзіўная біяграфія ў палітыка Карасон Акіна — прэзідэнткі Філіпін з 1986 па 1992 гады. Справа ў тым, што яна замяніла на гэтай пасадзе дыктатара Фердынанда Маркаса, які стаяў за забойствам яе мужа-апазіцыянера. Апошні правёў некаторы час у турме, а затым быў вымушаны пакінуць радзіму. Па вяртанні дадому з эміграцыі ў ЗША быў забіты проста ў аэрапорце. Падазрэнне ў злачынстве ўпала на Маркаса. У выніку ў краіне пачалася сапраўдная рэвалюцыя. Дыктатару прыйшлося спешна пакінуць Філіпіны, і пасаду прэзідэнта нечакана для ўсіх заняла Карасан Акіна, якую апазіцыя выбрала на ролю лідара. Момант яе трыумфу — адзін з самых любімых сюжэтаў філіпінскіх мастакоў.
Малавядома, аднак Жаклін Кэнэдзі пасля забойства мужа ў Даласе ў 1963 годзе працягнула займацца палітыкай. Праўда, рабіла рэчы супрацьлеглыя таму, што рабіў нябожчык муж. Калі той пасылаў у Індакітай караблі, самалёты і жаўнераў, то Жаклін выступіла міратворцам. У канцы 60-х яна наведала Камбоджу, якая не мела дыпламатычных кантактаў з ЗША. Зрэшты, Жаклін ніхто як дыпламата не памятае. Усё памятаюць толькі яе ружовы гарнітур, што рэгулярна тыражуюць карыкатурысты.
Хоць муж Святланы Ціханоўскай, дзякуй Богу, жывы, яе часта параўноўваюць з той жа Карасан Акіна. Ціханоўская ў некаторым сэнсе таксама працягвае справу мужа, які стаў ахвярай рэпрэсій. Шмат хто кажа, што Юлія Навальная свядома ці падсвядома будзе капіяваць стыль лідаркі беларускай апазіцыі. Гэта не гарантаваная перамога. Праблема ў тым, што ў Ціханоўскай вельмі высокі ўзровень кантактаў і вельмі маленькая аддача, на жаль, унутры Беларусі. Зрэшты, мяркуючы па тым, як часта яе згадвае афіцыёз, у тым ліку ў карыкатурах, пагрозу для рэжыму яна ўяўляе.
І вось на авансцэну выходзіць Юлія Навальная. Тыя, хто сачылі за дзейнасцю Навальнага, ведалі, што ягоная жонка хоць і не выступала на першым плане, заўсёды была яго паплечнікам, аднадумцам. Таму для тых, хто падтрымліваў Аляксея, яна чакана стала лідарам.
З іншага боку, расійская апазіцыя арганізацыйна расколатая, у яе няма адзінай праграмы нават па пытанні вайны ва Украіне, яна практычна ўся за мяжой.
Зрэшты, гэта не азначае, што Юлія Навальная не можа паспрабаваць даць імпульс антыпуцінскаму руху. Прынамсі, карыкатурысты, мяркуючы па іх працах, чакаюць ад яе толькі перамогі.