Тамара Стагановіч: Абрэзкі з мінулых гадоў

З дня на дзень я бачыла ягоную вялічэзную ды моцную любоў да мяне. Аляксандар баяўся, каб я не адхілялася нідзе ані на сэкунду; заўжды трымаў мяне за руку або плечы. Няўжо гэта тая праўдзівая любоў, пра якую я тады яшчэ ня знала?

Аляксандр і Марыя Стагановічы ў парку ў Нью-Брансвіку

Аляксандр і Марыя Стагановічы ў парку ў Нью-Брансвіку

Тамара Стагановіч-Кольба (Ст. Тамара, як яна падпісвае свае творы) нара­дзілася 15 лістапада 1930 года ў вёсцы Нясутычы Наваградскага павету.

Імёны яе бацькоў сёння вядомыя ў Беларусі дзякуючы іх успамінам, што пабачылі свет у серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка», а таксама дзякуючы заснаванай дачкою ў іх гонар Прэміі за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры. Сёлета абвешчаны ўжо другі сезон Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў.

Сама ж Тамара Стагановіч нядаўна скончыла пісаць уласныя мемуары, якія цяпер рыхтуюцца да друку. Успаміны дачкі, у адрозненне ад няскончаных бацькоўскіх, адлюстроўваюць увесь жыццёвы шлях мастачкі да апошніх гадоў. У іх ёсць яркія, кранальныя, эмацыйныя аповеды пра дзяцінства ў Заходняй Беларусі пры паляках, Саветах, немцах; жорсткія падрабязнасці выезду з бацькаўшчыны ў 1944 годзе і пакутнага бадзяння па ваеннай і паваеннай Заходняй Германіі; апісанне прыезду ў ЗША, складаных гадоў уладкавання, пошукаў свайго месца, атрымання адукацыі, станаўлення як мастачкі.

Тамара Стагановіч

Тамара Стагановіч

Гэта новыя ўспаміны жанчыны «пакалення Ды-Пі», прадстаўнікі якога апынуліся на чужыне ў дзіцячым ці юнацкім веку, на чый светапогляд моцна паўплывала вайна і паваенныя лагеры для перамешчаных асобаў, і хто атрымоўваў адукацыю ўжо на чужыне. Тамара Стагановіч — паўнавартасная грамадзянка ЗША, вядомая ў гэтай краіне мастачка, якая, тым не менш, ніколі не забывалася, што яна найперш беларуска. І яе ўспаміны выдатна пра гэта сведчаць.

Аповед Тамары — часам дэталёва-падрабязны, дазваляе ўбачыць штодзённае жыццё яе сям’і, асаблівасці ўнутрысямейных і грамадскіх дачыненняў беларусаў у ЗША. Акрамя ўласна «падзейнай» лініі, ва ўспамінах асэнсоўваюцца дачыненні з бацькамі — часам напружаныя, часам пяшчотныя, а таксама ўласная творчасць, пошукі свайго мастацкага стылю. А яшчэ тут ёсць каханне — прыгожае, моцнае, усёпераможнае; каханне насуперак бацькам; каханне і смерць. Менавіта фрагменты ўспамінаў Тамары Стагановіч, прысвечаныя яе мужу-ўкраінцу Аляксандру Кольбу, мы і прапаноўваем чытачу.

img241.jpg

Аляксандр Стагановіч з дачкой Тамарай, выпускніцай Western College (Оксфард, Агаё). 1954 год


Аляксандар

…Барыс прывёў з сабою свайго сябра Аляксандра, пазнаёміўся са мною і прадставіў яго. Аляксандар быў маўклівы, шмат не гаварыў. Найбольш, што мяне ўразіла, гэта яго чорныя вялікія вочы. Але чаму яны такія сумныя? Мне штосьці запала ў сэрца, мне яго пачало быць шкада. Запытацца, чаму ён такі сумны, мне не выпадала. Пазьней я даведалася, што ягоны бацька памёр. Ужо ў каледжы, калі брала курсы пра гісторыя мастацтва, я пабачыла тыя-ж самыя вочы ў карцінах сьвятых мастака гішпанскага — Эль Грэко. […]

Барыс і Лёва, здаецца, былі знаёмыя са студэнцкіх часоў. Цяпер яны трох сталі моцнымі сябрамі. Барыс і Аляксандар прыходзілі штодзень ды «выцягалі» Лёву, то на паход у горы, то ў горад, то ў кіно. Гэта дало мне магчымасьць часам хутка пагаварыць з Аляксандрам. Ягоныя вочы, усё яшчэ сумныя, не давалі мне супакою. Чым часьцей яны прыходзілі да Лёвы, тым больш развязваўся Аляксандар, дык і мы знаходзілі пра што пагаварыць. Ён раз запытаўся, ці хацела-б я з і пайсьці ў кіно, тут у Егэрказэрне, бо ён ужо мае білеты. Я адказала, што я буду вельмі радая, бо я вельмі люблю кіно. У Мамы ледзьве выпрасілася, бо яна баялася, каб я не закахалася ў Аляксандра. Але-ж гэта было ўжо пачатае. Нешта ціхае, глыбокае пачало разьвівацца ў нашых сэрцах, хоць мы яшчэ мала зналі адзін за аднаго.

Калі Аляксандар гаварыў да мяне, дык ягоныя вочы былі толькі на мне, не шукалі па бакох нічога іншага. Ягоная ўвага была прысьвечаная толькі мне. З часам я даведалася пра Аляксандраву сям’ю. Маці ягоная аўдавела, калі ёй было 38 гадоў, асталася з чатырма сынамі. Аляксандар быў найстарэйшым, а наймалодшы меў 2 годзікі. Яна выйшла хутка другі раз замуж. А трох старэйшых сыноў высылала запісвацца на розныя курсы, каб мелі чым найбольш фахаў; каб добра жыць у новай краіне. Іхнюю сям’ю, так як і нашую, спансараваў Барыс Барэцкі, каторы прыехаў у Амэрыку раней за нас, дый пасьля аднаго году прыслаў нам запросіны-ўезд да Амэрыкі, а тады год пазьней, выпісаў і Аляксандра.

Тамара Стагановіч у Мітэнвальдзе (Баварыя). Канец 1940-х гадоў

Тамара Стагановіч у Мітэнвальдзе (Баварыя). Канец 1940-х гадоў

[…]

Кожнае нядзелі Аляксандар прыяжджае па мяне і мы едзем у парк, у нашае месца на лаўку. Доўга мы гаварылі пра маю праблему з бацькамі. Стараліся знайсьці выхад з гэтае невырашальнае сытуацыі. Тады Аляксандар просіць мяне выйсьці за яго замуж! Ізноў раптоўна, неспадзявана! Божа, чаму мы ня можам жыць так, як ёсьць, аж пакуль не знойдзем правільнага выхаду з гэтай нязноснай сытуацыі?

Ён мяне просіць, каб я яму не адказала, бо ён ня зможа гэтага перанесьці. Я спакойна кажу: «Не цяпер, не цяпер!» Стараюся паясьніць, што цяпер ня ёсьць добры час на жанімства, бо неразьвязаная справа з маімі бацькамі не дазволіць мне жыць спакойна, аж пакуль ня выясьніцца зь імі гэтае непаразуменьне. «Я цяпер перажываю жахлівы час, але ўсё-ж надзеюся, што бацькі зразумеюць маё паводжаньне, ды пагодзяцца на нашае жанімства. Таму, я не адказваю Табе, але толькі прашу цябе зразумець, што цяпер ня ёсьць для мяне добры час».

[…]

Аляксандар і я прыходзім да перакананьня, што пакуль мае Бацькі не пагодзяцца прыняць нас ды абгаварыць гэтую сытуацыю, каб яе вырашыць нармальным паразуменьнем, мы будзем стаяць, як на лёдзе, каторы штохвіліны можа зламацца пад нашымі нагамі. Таму рашаем, што-б ні сталася — пабрацца. Ажаніцца ды выехаць адсюль чым найдалей, нават можа на Гаваі.

Найперш, мы рашылі паехаць да айца Данілюка, каторы служыў у царкве ў Брукліне, ды прасіць яго нас павянчаць. Нашае зь ім спатканьне астанецца ў маім жыцьці як спакойнае, чульлівае, такое, як сапраўдны сьвятар павінен адносіцца да сваіх вернікаў. Мае надзеі, што вось тут толькі вырашыцца нашае пытаньне, шуганулі ўгару, калі айцец Данілюк заявіў нам, што ён нас павянчае. Аднак, калі ён нам аб’явіў, што мы павінны атрымаць дазвол ад уладыкі Васіля, маё сэрца чуць не трахнула аб падлогу. Я-ж знала добра, што Папа і ўладыка Васіль бралі разам удзел у аднаўленьні Беларускае Аўтакефальнае Царквы яшчэ ў Нямеччыне, ды, што Папа тады яшчэ марыў, каб утрымоўваць уладыку Васіля за свой кошт. Я адчула ў сваёй душы, што нашая візыта надарэмная, што ўладыка возьме старану майго Бацькі як праваслаўнага верніка гэтае-ж царквы, а не маю.

Мае перадчуцьці споўніліся. Уладыка Васіль аб’явіў нам, што ён нас павянчаў-бы, але-ж: «Стагановіч ёсьць маім найбліжэйшым сябрам, а ты ягоная дачка, дык я не змагу вас павянчаць». Ён пачаў нам даваць лекцыі аб дзецях і бацькох, аб паслухмянасьці дзяцей, аб грахох, калі дзеці ня слухаюць сваіх бацькоў і г.д., і г.д. Я не магла больш слухаць такое літаніі, ды думкамі адказвалася супраць ягонага «маральнага» права. Мы-ж былі ўжо дарослыя, мы мелі права рашаць ход нашага асабістага жыцьця, мы не рабілі гэта, каб апаганіць нашых бацькоў, дый я ня бачыла тут граху ў ім. Мама ж была ўсяго 16-гадовай, а Папа 24-гадовым, калі прысягнулі чакаць адзін на аднаго, што-бы не сталася. І яны-ж зналі забарону бабкі Ганны, яна ім напамінала, што пра жаніцьбу, каб яны нават і не думалі, бо былі блізкімі сваякамі — а гэта-ж грэх. Праўда, яны пажаніліся, але ўжо па сьмер­ці бабкі Ганны!

Далей уладыка Васіль пачаў даваць свае парады: «…разыйдзецеся вы, з часам вы забудзеце адзін аднаго; з часам вы знойдзеце сабе іншую пару ды ажэніцеся». Толькі дзеля пашаны да ягонае царкоўнае пасады я ўстрымалася, каб не выскачыць з гэтага памешканьня!

Марыя Стагановіч з дачкой Тамарай у бацькоўскім агародчыку. Нью-Джэрсі, 1960-я гады.

Марыя Стагановіч з дачкой Тамарай у бацькоўскім агародчыку. Нью-Джэрсі, 1960-я гады.


Абгаворваем, што рабіць далей. Аляксандар заяўляе мне, што ён ня хоча вянчацца і ў украінскай царкве, каб не было далейшай падставы Папу ненавідзець яго. Але дзе й як? Прыходзім да перакананьня, што мажліва грэцкая царква можа нас павянчаць. Тэлефануем у грэцкі сабор (Hellenic Cathedral Holy Trinity), атрымоўваем назначаную гадзіну на спатканьне зь іхнім сьвятаром. Божа! Якая вялікая розьніца ў адносінах іхніх сьвятароў да людзей. Просіць нас садзіцца, кажа, што ён ёсьць айцец Казанас (Konstantine J. Kazanas). Пытаецца ў нас пра наш век і адразу нам кажа: «Пэўна-ж, я вас павянчаю». Тады расказвае нам гісторыю маладзенькае пары, што была тут у яго перад намі. У маіх вушах зьвініць ягоны голас: «Пэўна-ж, я вас павянчаю». Я яшчэ не веру, што тут сталася. Няўжо гэта праўда? Няўжо гэта канец нашаму вандраваньню па «муках»? Але стараюся слухаць ягонага апавяданьня. Вось гэтая маладзенькая пара, толькі-што кончылі гімназію, ім па 18 гадоў, але яны ўжо другі раз прыходзяць да яго, каб ён іх павянчаў. Ён даў ім добрыя парады, не адкідаючы іхняга жаданьня пра вянчаньне; даў ім шмат літаратуры пра жанімства, ды накрэсьліў ім на паўгода гутаркі зь ім, з айцом Казанас. Гэтая ягоная гутарка зь імі дасьць ім больш часу да дарастаньня, бо за гэты час яны пасталеюць і разважна пачнуць думаць пра жаніцьбу.

Выйшлі мы на вуліцу, яшчэ ня верачы, што наш лёс ужо вырашаны! Што будзе — тое й будзе! Ад гэтага моманту малюся са страхам, просячы ў Бога дапамогі. Гэта, я яшчэ надзеюся, што Папа зьменіць свае думкі пра нашую жаніцьбу. Падыходзіў дзень нашага шлюбу, а я яшчэ надзеючыся — адклала! Але ўжо калі назначылі на другі раз, я прасіла бога за здароўе бацькоў і Лёвы, ды за здароўе Аляксандравае мамы. Яна, даведаўшыся, што мае бацькі настаўленыя супраць Аляксандра, надзьмулася, ды не магла сабе ўявіць, каб нехта не любіў ейнага сына, першанца! Забрало нам шмат часу ўгаварыць яе, што гэта не таму, што Аляксандар — яе сын, а таму, што яны з усходняе Украіны — значыць, выхаваныя пад савецкай-камуністычнай уладай, дык усе, напэўна, камуністы, як лічыў бацька. Але гэта нічога не памагло.

Тут у Амэрыцы ўсе шлюбы адбываюцца ў суботы. Наш шлюб назначаны на 22-га лютага 1958 г. — гэты дзень ёсьць праўдзівым днём нараджэньня Джорджа Вашынгтона, першага прэзыдэнта Амэрыкі. Гэта проста так нам выпала, бо тады мы не зьвярталі ўвагі, што гэта за дзень, дый спэцыяльна не выбіралі.

Я аб’явіла маім манашкам, што выходжу замуж. Усе яны вельмі мною цешыліся, а дзяўчаты ўсе чакалі тое суботы. Спэцыяльных прыгатаўленьняў мы не рабілі, толькі замовілі царкву-катэдру з айцом Казанас і недалёкі рэстаўрант толькі для Аляксандравае сям’і, ды й для Барыса, Галі і Мусі, бо-ж з майго боку, зь мае сям’і нікога ня будзе. Муся, мая сяброўка-украінка яшчэ з гімназійных гадоў, была за дружку, а Валянтын, Аляксандраў малодшы брат, за шафера. Барыс і ягоная жонка Галя былі як-бы «сват і сваха», бо яны ўжо мелі сваё аўта, дык прыехалі мяне забраць ад манашкаў. Пагода была, як на бяду, жахлівая. Было поўна сьнегу, які ўжо напалавіну раставаў, ды канавамі стаяла сьцюдзёная вада на вуліцах па костачкі. Барыс прыйшоў у дом, каб адтуль несьці мяне ў аўта.

Усе дзяўчаты й манашкі чакалі мяне на першым паверсе ў фае, як я памалу сходзіла па сходах. Я рашыла адзначыць гэты свой дзень, які стаецца раз у жыцьці, ды купіла сабе цудоўную й дарагую белую шаўковую сукенку з кружавам і валь кароткі. Аляксандар прыслаў мне букет розаў, а Барысу даў наказ не зьяўляцца ў царкву без Тамары.

Тамара Стагановіч дэманструе, як ткаць беларускія паясы на фестывалі ў Нью-Джэрсі. 1987 год

Тамара Стагановіч дэманструе, як ткаць беларускія паясы на фестывалі ў Нью-Джэрсі. 1987 год

[…]

Сустрэў мяне айцец Казанас. Я папрасіла яго, каб ён вёў мяне да аўтара (тут, як закон, бацька вядзе маладую да вянца), дзе ўжо чакаў на мяне Аляксандар. Айцец з радасьцяй згадзіўся!

Шмат чаго я ня помню, бо мае нэрвы не давалі мне ўсё успрымаць і ўсё чуць. Як-бы недзе здалёк даходзілі й адыходзілі словы айца Казанаса. Помню як ён клаў мне на галаву вянок зь белых кветак. Не кароны — а вянкі кветак! Я добра не прыпамінаю, як ён нас вадзіў кругом малога прэстолу тры разы. І не помню, як пры канцы сьвятар кажа пацалавацца маладым.

Аляксандар згадваў: «Падчас нашага шлюбу айцец Казанас глядзіць на мяне дый кажа: «Для гэтага муж пакіне свайго бацьку й матку й з’яднаецца з жонкай, і яны дваіх стануць адным целам».

Пасьля шлюбу мы пайшлі ўсе да фатографа ў студыё, дзе ён і ягоная дачка рабілі нам фатаграфіі. А пасьля пайшлі да недалёкага рэстаўранту на абед. Гэта не было вясёлае вясельле, бо толькі адна сям’я была прысутная. З майго боку нікога! Як я магла радавацца? Толькі тое, што адна праблема вырашаная, ці на добра, ці на дрэнна, але вырашаная! Цяпер маё жыцьцё будзе залежаць ад нас абаіх, а што станецца ў сям’і — гэта будзе залежаць ад Бога.

Пасьля ўсяго мы папрашчаліся з Аляксандраваю сям’ёю ды Барыс з Галяй адвезлі мяне й Мусю да маіх манашак, бо за пару гадзін Аляксандар і я мелі замоўленыя білеты на аўтобус (Greyhound) ехаць на адзін тыдзень у Канаду на лыжы. Муся й я мелі пару гадзін на ціхія гутаркі пра ўсё, што сталася ў маім жыцьці, ды пра неакрэсьленую будучыню. Што можа стацца з бацькамі, мы ня мелі зялёнага паняцьця. Я малілася й прасіла ў Бога не дапускаць больш трагэдыяў у нашай сям’і. Думаю, што старэйшы мой брат Шура рабіў правільна, бо свае падружжы (першы раз ён ажаніўся зь немкай, а другі раз з украінкай) трымаў ад сям’і ў сакрэце, аж пакуль ставала ўсё ясна і ўжо нічога й ніхто ня мог зьмяніць. Дык было тады па часе наракаць, гневацца ды пагражаць. […]

Тамара Стагановіч. Нясутычы, 1930-я гады

Тамара Стагановіч. Нясутычы, 1930-я гады


Вярнуліся мы з Канады да Аляксандравай мамы. Памешканьня свайго мы яшчэ ня мелі, бо ў такой непастаяннай сытуацыі, як нашая, мы нічога канкрэтнага не маглі рашаць. На нашае шчасце, мы знайшлі кватэру ўмэбляваную ў заходняй частцы Мангаттана, ды туды перанесьлі свае рэчы. Мой першы абед быў катастрафічны! Здавалася, што біфстэйк, картофля, агародніна й салата павінны былі быць вельмі проста прыгатаваныя? Але для мяне, не знаючы, як варыць, было непрадугледжанае. Я ўсё паставіла варыць і жарыць у тойсамы час. Але як біфстэйк быў гатовы за 14 хвілін, картофля была яшчэ зусім сырая, а агародніна напаўвараная.

Мне было вельмі сорамна перад Аляксандрам, ды гэта прывяло мяне да сьлёз. Але-ж ён знаў, што я не ўмею варыць! У гэтым маім выпадку, я не ўяўляла, сколькі хвілін кожная страва забірае для варэньня або жараньня! Памалу пры дапамозе малое «кухаваркі» — кніжачкі, я выбірала падобныя да Маміных страваў, ды па часе ўцягнулася з запалам у кулінарыю. У гэтым памешканьні адведала нас Галіна. У гэтым памешканьні я пачала маляваць! Першую карціну, успаміны з Альпаў, я падаравала Аляксандру!

Па нейкім часе (адзін месяц пасьля нашага мядовага падарожжа ў Канаду), Галіна йзноў прыехала да нас і прывезла нам цудоўную, неспадзяваную навіну: «Твае бацькі хочуць пабачыцца з вамі». Мяне гэтая вестка ўскалыхнула да глыбіны. Няўжо? Няўжо яны зьмянілі свае пагляды? Папа-ж быў вельмі стойкі ў сваіх адносінах да іншых поглядаў людзей, а чаму да нас ён іх зьмяняе? Я пачынаю быць вельмі асьцярожная. Галіна абяцае нам пайсьці разам з намі.

У назначаны дзень мы траіх уваходзім у Бацькоўскі дом. Адразу-ж у ўваходзе стаіць Мама з падносам на якім я бачу хлеб і соль, і гарэлку. Яна нас адразу-ж бласлаўляе, ды мы ўсе выпіваем гарэлку, закусваючы хлебам і сольлю. Мы цалуемся, ды я прашу ў яе выбачэньня. Мы ўсе маем сьлёзы ў вачах. Цяпер яна падштурхоўвае мяне ісьці ў сталовую, дзе я бачу Папу, ляжачага на дзіванчыку. Я адразу бягу да яго, цалую, з плачам прашу яго выбачыць мне за маё паводжаньне. Ён мяне бласлаўляе, цалуе мяне й плачучы просіць мне прасьціць яму за ягонае несправядлівае адношаньне да мяне й Аляксандра. Тады падыходзіць да яго й Аляксандар, але гутаркі паміж імі я ня чула, бо яшчэ была ў гэткім паднесеным, нэрвовым стане, што нават і ня помню Галіны, што яна была прысутная тут-жа. Знаю, што Мама нас частавала чаем і салодкім печывам, але ня помню якім і як. […]

Спачатку гутарка не вязалася, дык мы папрашчаліся зь імі й паехалі ў Нью-Ёрк, абяцаючы, што суботамі будзем іх адведваць.


Наталля Арсеннева падпісвае кнігу Тамары Стагановіч. Злева — Марыя Стагановіч. 1980-я гады

Наталля Арсеннева падпісвае кнігу Тамары Стагановіч. Злева — Марыя Стагановіч. 1980-я гады


Сумеснае жыцьцё

Пачаліся найшчасьлівейшыя гады ў маім новым, невядомым жыцьці. Прывыкаць ад замужняга жыцьця спачатку было ніякава; былі нечаканыя маленькія «праблемкі», але Аляксандар умеў, як да мяне падыйсьці й выясьніць іх. Тады мне тыя «праблемкі» рабіліся сьмешнымі ды сарамлівымі. Я была заўжды настарожаная, дык найменшае непаразуменьне мне ўяўлялася як нейкая абраза; я замыкалася ўнутры ды не хацела зусім гаварыць. А ён, маючы бязьмерную цярплівасьць, садзіў мяне на канапу й раз’ясьняў мне тую, мною ўяўленую «абразу». Мы тады далі адзін аднаму слова не замыкацца ў сабе, але адразу-ж сесьці, пагаварць ды выясьніць, у чым справа.

З дня на дзень я бачыла ягоную вялічэзную ды моцную любоў да мяне. Аляксандар баяўся, каб я не адхілялася нідзе ані на сэкунду; заўжды трымаў мяне за руку або плечы. Няўжо гэта тая праўдзівая любоў, пра якую я тады яшчэ ня знала? Я чулася як-бы ў нейкім зачараваным любоўю царстве, дзе знаходзіліся толькі мы, я й Аляксандар. Я думкамі шукала паміж нашымі знаёмымі параў такіх, як мы, але параўноўваючы іхнія адносіны з нашымі, не знаходзіла нікога з такою сілаю любові. Тады мне ставала страшна, і я думала, Божа, чаму гэткае каханьне наканаванае мне? Чым я яго так заслужыла?

[…]

У маіх вачах ён быў надзвычайным чалавекам. Спакойны, разважлівы, ціхі, ды ягоную любоў да мяне я адчувала й чула кожны дзень нашага замужжа. Ён ніколі ня гневаўся. Ён прымаў усе спакойна, зраўнаважана. Ад першых дзён нашага знаёмства я адчувала нейкую сумную цягу да яго. Цераз усё нашае замужняе жыцьцё мы казалі адзін другому «I love you» («Я кахаю цябе») у кожны момант ці хвілінку. І я бачыла ў ягоных вачах, што заўжды астанаўляліся на маім абліччы, на ягоных вуснах была шчасьлівая ўсьмешка.

Нашага каханьня я не ўяўляла, што такое існуе наагул. Нават і цяпер я яго падзіўляю ды ня верыцца, што яно было прызначанае якраз мне. Аляксандар заўжды сваім амэрыканскім сябрам казаў, што Другая Сусьветная вайна пачалася з-за нас, каб даць нам мажлівасьць сустрэцца й закахацца; адлегласьць паміж паўдзённа-ўсходняй Украінай і паўночна-заходняй Беларусяй ёсьць вялічэзная. У нармальных абставінах мы ніколі не сустрэ­ліся-б! Дык нам наракаць на вайну ня трэба, бо безь яе мы павыходзілі-б і пажаніліся-б з іншымі, барані Божа!

Мы былі вельмі шчасьлівыя 53 гады й 4 месяцы!!! Дзякую Табе, мой каханы!

***

Да канца студзеня яшчэ можна накіраваць заяўку на ўдзел у прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановіч за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры. Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе дачкой Марыі і Аляксандра — Тамарай Стагановіч-Кольба, вядомай мастачкай, што жыве ў Нью-Ёрку, — каб ушанаваць памяць бацькоў. Лаўрэатамі першай прэміі ў 2015 годзе сталі Андрэй Федарэнка, Генадзь Кісялёў і Сяргей Дубавец.