«Мы ведалі, што «Айчына» будзе патрэбная, але каб настолькі?!..»

У мінскай «Акадэмкнізе» з аншлагам прайшла аўтограф-сесія аўтараў і стваральнікаў шыкоўнага ілюстраванага выдання аб беларускай гісторыі.

aschtohraf_sesija_arlou__1__logo.jpg


Цяжка сабе ўявіць натоўп людзей у беларускай кнігарні, калі ты праціскваешся з заплечнікам ды сваім дэжурным “прабачце”. Тым больш нязвыкла чуць ад інтэлігентных людзей рознага веку ў адказ “калі ласка”. Наведнікаў сапраўды прыйшло надзвычай багата, а паколькі паток увесь час перацякаў ад дзвярэй да касы, ад касы да століку аўтараў, адтуль ізноў да дзвярэй, то і колькасць ацаніць не так проста.

aschtohraf_sesija_arlou__3__logo.jpg

З дакладнасцю можна казаць пра сотні пакупнікоў. І гэта пры тым, што кошт выдання не малы па нашых крызісных часах — 45 рублёў! Але за “Айчыну”, відаць гэта не занадта багата.

kniha__padpisanaja_alesju_bjaljackamu_i_jaho_zoncy_logo.jpg


Кніга рыхтавалася шэсць год

Як распавёў на пачатку імпрэзы фундатар выдання — бізнэсовец Павел Бераговіч — ідэя кнігі паўстала ў далёкім 2009 годзе, калі сам ён яшчэ ні разу не быў у Беларусь, адно ведаў пра тутэйшыя карані сваёй бабулі. Тады Бераговіч і напісаў першы ліст Уладзіміру Арлову з прапановай стварыць падобную кнігу. Пазней падключыўся і мастак-ілюстратар — Павел Татарнікаў.

Павел Бераговіч

Павел Бераговіч

“Нам падавалася, што за які месяц малюнкі будуць зробленыя, — узгадвае Бераговіч,а тут справа расцягнулася на шэсць гадоў! Не дзіўна, бо ў кнізе змешчана каля 200 ілюстрацыяў. Разлік быў на маленькага чытача, таму карцінка мела быць на кожнай старонцы… Наогул жа мы ведалі, што кнігабудзе патрэбная, але каб настолькі?!..”

pavel_berahovicz__1__logo.jpg


“Скарына быў бы задаволены!”

Зараз аўтары выношваюць план другой часткі “Айчыны”. Калі гэтае выданне ахоплівае перыяд ад Рагнеды да Касцюшкі, то другая частка мае распавесці пра час ад Напалеёна да нашых дзён, дакладней, да моманту набыцця незалежнасці. Разам з Татарнікавым будзе працаваць яшчэ адзін мастак, таму і справа мае доўжыцца не 6 год, а значна хутчэй.

Зміцер Санько

Зміцер Санько

“Мы бачым тут вялікую чаргу, бо ёсць па што стаяць, — заўважыў выдавец Зміцер Санько, Заўтра мы падаем заяўку ў Міністэрства інфармацыі: хочам удзельнічаць у конкурсе на лепшае мастацкае афармленне кнігі. У радку з апісаннем мы далі ўсяго адзін сказ: “Раскошнае выданне з тлумачэннем беларускай гісторыі, аналагаў якога яшчэ не было”. Мне здаецца, што Скарына, год якога зараз пачаўся, быў бы задаволены!”

uladzimir_arlou__1__logo.jpg


Ад Дзмітрыева да Зураба Царытэлі

Арлоў з Татарнікавым фактычна не адрываліся ад раздачы аўтографаў, таму нічога не прамаўлялі: чытайце і глядзіце самі. Уладзімір Арлоў толькі час-почас перапытваў, каму падпісаць чарговую кніжку. Цікава, што большасць публікі прасіла падпісаць выданні для дзетак: Яну, Францішку, Марку, Міхаліне, Патрыцыі… імёны, нібы ўваскросшыя са шляхецкіх радаводаў.

Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй

Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй

Тут жа нехта папрасіў падпісаць “Айчыну” для …Зураба Царытэлі: аўтары нават пераглянуліся. У чарзе, сярод іншых, можна было заўважыць і Алеся Бяляцкага з жонкай, і гісторыка Міколу Волкава, даследчыка артылерыі Радзівілаў, і палітыка Андрэя Дзмітрыева, які ўсё здымаў на тэлефон.

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Зараз можна канстатаваць, што вялікая частка 3000-га тыражу ўжо разыйшлася, на рэшту ёсць замовы, а попыт дагэтуль не падае. Вельмі верагодна, што яшчэ да з’яўлення другой часткі “Айчыны”, кніга будзе патрабаваць перавыдання, каб задаволіць жаданні ўсіх чытачоў.