Аляксандру Вайтовічу — 85! Пяць фактаў з жыцця акадэміка і грамадзяніна

Біяграфія 11-га прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі з аднаго боку даволі тыповая для людзей сістэмы, але з іншага боку Аляксандр Паўлавіч нягледзячы ні на што заўсёды быў і застаецца прынцыповым чалавекам і грамадзянінам.

vajtovicz_1.jpg


Аляксандар Вайтовіч нарадзіўся 5 студзеня 1938 году ў вёсцы Рачкевічы Капыльскага раёну Менскай вобласці. Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту (1960). Затым 32 гады працаваў у Інстытуце фізыкі Акадэміі навук, ад малодшага навуковага супрацоўніка да намесніка дырэктара па навуковай працы. Затым быў дырэктарам Інстытуту малекулярнай і атамнай фізыкі Акадэміі навук Беларусі. У 1968 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Газавы аптычны квантавы генератар з селектыўнымі стратамі» і стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук. У 1979 годзе стаў доктарам фізіка-матэматычных навук (дысертацыя «Магнітааптычныя эфэкты ў газавых лазерах»).
У траўні 1997 году таемным галасаваннем быў абраны прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У снежні 2000-га па прапанове Лукашэнкі абраны Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі II склікання.
Аднак 28 ліпеня 2003 года Лукашэнка адклікаў Аляксандра Вайтовіча з пасады спікера Савета Рэспублікі. І вось чаму:

Узначаліў грамадскую ініцыятыву “За свабодныя выбары”

Пасля сыходу з Савету Рэспублікі Аляксанд Вайтовіч стаў адкрыта заяўляць пра нелегітымнасць Лукашэнкі і увосень 2004 года ўзначаліў грамадскую ініцыятыву “За свабодныя выбары”. Ініцыятыва ставіла перад сабой мэту скансалідаваць усе намаганьні беларускага грамадства, скіраваныя на барацьбу супраць магчымых фальсіфікацыяў падчас рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў. У ініцыятыву ўвайшлі такія вядомыя асобы як акадэмікі Радзім Гарэцкі й Іван Нікатчанка, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі, былы міністар працы Аляксандар Сасноў.

Ініцыятыва “За справядлівыя выбары” збірала і аналізавала інфармацыю аб ходзе выбараў ад усіх праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў, ад беларускіх і міжнародных назіральнікаў, а таксама ад кандыдатаў у дэпутаты. Вось што казаў тады пра ініцыятыву Вайтовіч: “Вельмі важна зрабіць заключэнне пасля таго, як пройдуць усе выбары, самы галоўны дакумент, вельмі абгрунтаваны і на высокім узроўні юрыдычным. Я не пабаюся гэтага слова сказаць, дыктатура ў нас існуе, і з гэтай нагоды хачу дадаць: ніякай люстрацыі ня трэба рабіць, трэба працаваць з адміністрацыйным рэсурсам. Там шмат людзей, якія працуюць не на дыктатуру, а на Беларусь”.

Быў кандыдатам у кандыдаты ў прэзідэнты

27 снежня 2005 года ЦВК зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў. Да гэтага шэраг вядомых асобаў (Пётр Краўчанка, Наталля Машэрава, Аляксандр Ярашук) заявілі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, аднак неўзабаве адмовіліся ад іх.

Сярод зарэгістраваных была і ініцыятыўная група Аляксандра Вайтовіча, загадчыка лабараторыяй Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай Акадэміі Навук (НАН) Беларусі. У группе было 1 304 чалавекі. Аднак 9 студзеня, не здолеўшы сабраць 100 тысяч подпісаў, Аляксандр Вайтовіч алмовіўся ад удзелу ў выбарах. Пры гэтым заклікаў іншых апазыцыйных кандыдатаў рушыць услед яго прыкладу. Прымаў удзел у акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. А ў верасні 2006 года звярнуўся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Сідорскага з просьбай прыняць на сябе паўнамоцтвы прэзідэнта «з-за нелегітымнасці Аляксандра Лукашэнкі».

Акадэмік Вайтовіч супраць рэдактара Якубовіча

У верасні 2007 года Аляксандр Вайтовіч збіраўся паскардзіцца на галоўрэда СБ Паўла Якубовіча, паколькі як лічыў акадэмік: : Па-першае, галоўны рэдактар абманвае чытачоў, што няма загаду на падпіску ягонай газэты. Я нядаўна напісаў да яго ліст, да якога далучыў загад ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму. Такі загад рассылаецца ва ўсе прадрыемствы й установы. У ім гаворыцца, колькі экзэмпляраў газэты павінна выпісвацца. Па маіх падліках, на „Савецкую Беларусь” штогод прымусова траціцца 12 мільярдаў рублёў. Другая прычына – Павал Якубовіч прамуе прынцып „паважайце сябе й іншых”. Але ў яго гэта азначае паважаць толькі сябе. Ён абражае чытачоў, адказвае на пытаньні вельмі некультурна й некарэктна. Ён гэтага прынцыпу не прытрымліваецца. Па-трэцяе, гэтае ж ён робіць у дачыненьні да іншых дзяржаваў. І ўсе гэта не на карысць Беларусі”.

Вайтовіч прапанаваў галоўнаму рэдактару “СБ” распачаць кампанію за адмену прымусовай падпіскі ў краіне. “Дакажыце, што вы супраць таго, каб фінансавы дабрабыт “СБ”, іншых друкаваных СМІ дасягалася за кошт антыдзяржаўных дзеянняў”, — пісаў Вайтовіч.

Не бачыў нічога дрэннага ў будаўніцтве АЭС

На пытанне журналістаў ці трэба будаваць АЭС у Беларусі, у 2013 годзе Аляксандр Вайтовіч адказаў: «Ва ўсім свеце выкарыстоўваецца гэтая крыніца энэргіі. Нічога страшнага, калі і ў нас гэта адбудзецца. Я сам фізык паводле адукацыі, і лічу, што яшчэ пэўны час гэтая крыніца энэргіі будзе ўжывацца. Што наконт месца, то мне здаецца, гэта не самы лепшы выбар. Што тычыцца ружы вятроў, то з гэтага гледзішча Астравецкі раён — ня самае лепшае месца. Але гэта мае значэнне толькі ў выпадку нейкага выкіду радыенуклідаў — спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца. Што тычыцца падрадчыка, то ў сітуацыі, у якой знаходзіцца наша краіна, іншага выбару не магло і быць. Бо адносіны з усімі іншымі дзяржавамі, якія валодаюць тэхналёгіямі ў атамнай энэргетыцы, вельмі кепскія. І вядома, што немагчыма было там здабыць падрадчыка і крэдыты, якія дае Расея».

У жніўні 2020-га выступіў супраць гвалту

Ранкам 11 жніўня забаставаў Інстытут фізікі НАН. Удзельнікі страйку распавялі НЧ:

“Напярэдадні мы калектывам вырашылі, што трэба б падтрымаць забастовачны рух, трэба неяк выказацца супраць гвалту, які адбываецца ў нашай краіне. Мы выйшлі з плакатамі “Спыніце гвалт!” на знак таго, што мы падтрымліваем нацыянальную забастоўку. Гэта не было непасрэдна забастоўкай, бо мы знаходзіліся на працоўных месцах, унутры інстытута, за прахадной, адразу каля вахты. Мы маглі б выйсці на вуліцу, але не сталі гэтага рабіць па дзвюх прычынах. Па-першае, каб нельга было трактаваць нашу акцыю як масавае мерапрыемства, якое трэба ўзгадняць з гарадскімі ўладамі, (бо мы знаходзіліся на тэрыторыі закрытага аб’екта). Па-другое, частка з нас былі ў адпачынках (прыехалі адмыслова, каб выказаць салідарнасць), а частка — не; уся тэрыторыя інстытута з’яўляецца нашым працоўным месцам, падрабязней у нас у працоўнай дамове не прапісана, таму фармальна мы працоўны кодэкс не парушалі. Да таго ж мы бачылі, што пра акцыю хімікаў, якія выйшлі з інстытута, потым казалі “А гэта не нашы, нейкія прыйшлі чужыя, пастаялі і сышлі”. Пра нас так сказаць ужо было нельга. Тады мы вырашылі выказацца пісьмова, скласці ліст ад інстытута, ці ад усёй акадэміі.

Аляксандр Вайтовіч быў сярод тых, хто падпісаўся пад зваротам супраць гвалту.

Віншуем Аляксандра Паўлавіча Вайтовіча з 85-годдзем! Зычым здароўя і вольнай Беларусі!