Справа Вайтовіча: як пазбавіліся ад старшыні Савета Рэспублікі

Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня 2003 года збянтэжыў грамадскасць указам №320 аб адкліканні чальца Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандра Вайтовіча. Ва ўказе адсутнічала прычына адстаўкі кіраўніка палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, што давала глебу для розных меркаванняў і чутак.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода
     Рэспублікі Беларусь ў 2000-2003 гадах Аляксандр Вайтовіч

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь ў 2000-2003 гадах Аляксандр Вайтовіч


МАРНЫЯ СПАДЗЕВЫ

А пачалося ўсё 15 снежня 2000 года, калі Лукашэнка прызначыў прэзідэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Аляксандра Вайтовіча членам Савета Рэспублікі другога склікання. Праз некалькі дзён лёс прыпаднёс Вайтовічу чарговы сюрпрыз. Лукашэнка прапанаваў яму пасаду старшыні гэтага органа.

19 снежня 2000 года пасля прамовы Лукашэнкі, у якой ён традыцыйна абрынуўся на прадпрымальнікаў і апазіцыію, абвінаваціўшы іх ва ўсіх смяротных грахах, у тым ліку і «в шпионаже против республики», кандыдатура Вайтовіча была зацверджана на безальтэрнатыўнай аснове. Галасаванне адбылося шляхам падачы імянных бюлетэняў. У выніку з 62 розданых бюлетэняў 2 апынуліся несапраўднымі: 57 «сенатараў» выказаліся за Вайтовіча і 3 — «супраць». У падтрымку Вайтовіча ля мікрафонавыступілі і на сённяшні час вядомыя асобы: Пётр Брыгадзін, Мікалай Чаргінец і Міхаіл Кадыраў.

Увогуле Савет Рэспублікі другога склікання адрозніваўся наяўнасцю ў ім адносна вялікай колькасці прадстаўнікоў навукі і культуры. У гэтым (як і ў абранні Вайтовіча) быў тонкі палітычны разлік. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны былі прайсці ў 2001-м, уладам трэба было паказаць добрыя адносіны дзяржавы і інтэлігенцыі.

Пётр Брыгадзін (па цэнтры)

Пётр Брыгадзін (па цэнтры)


Зрабіўшы стаўку на Вайтовіча, Лукашэнка вырашыў усё ж падстрахавацца. На пасаду намесніка старшыні Савета Рэспублікі быў абраны рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Аўласевіч. Знакамітая Надзея Ермакова пафасна заявіла, што «два великих ученых составят очень хороший тандем в руководстве».

Праз шмат гадоў Аляксандр Вайтовіч, распавядаючы пра сваю згоду на пасаду старшыні Савета Рэспублікі, тлумачыў гэта добрымі памкненнямі: дапамагчы навуцы з матэрыяльна-тэхнічнага боку. Аднак, па ўласных прызнаннях, Вайтовіч хутка адчуў, што вельмі і вельмі абмежаваны ў сваіх магчымасцях, і што старшыня Савета Рэспублікі, які ў дзяржаўнай іерархіі займае трэцяе месца, фактычна з’яўляецца фігурай дэкаратыўнай.

Больш таго, стаўшы ля стырна фармальна вышэйшага заканадаўчага органа ўлады, акадэмік пачаў публічна рабіць заявы, якія не маглі не насцярожыць Лукашэнку. Так, пры адкрыцці трэцяй сесіі Савета Рэспублікі другога склікання 2 кастрычніка 2001 года выступ Вайтовіча ўяўляў сабой сапраўдную прамову кіраўніка дзяржавы. Вайтовіч казаў пра необходнасць магутнага рыўка краіны наперад, пра ўдасканаленне заканадаўства. Па словах старшыні, напрыклад, у Канстытуцыі не зусім дакладна вызначаны паўнамоцтвы Савета Рэспублікі, у прыватнасці, у той частцы, дзе гаворка ішла аб роспуску Саветам Рэспублікі мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага і грубага парушэння Асноўнага закона з боку апошняга. Паняцці «груба» і «сістэматычна», лічыў Вайтовіч, павінны быць канкрэтазаваны максімальна.

Вайтовіч публічна выказаўся за тое, каб заканадаўчыя акты выдаваліся на беларускай і рускай мовах. Практыку, калі ў заканадаўстве амаль пануе руская мова, сцвярджаў старшыня Савета Рэспублікі, трэба згортваць.

У сваім выступе 2 кастрычніка 2001 года Вайтовіч закрануў праблему беларуска-расійскіх адносін, дэманструючы сябе ў якасці паборніка цеснай інтэграцыі Масквы і Мінска. У якасці «надёжной основы» інтэграцыі Вайтовіч назваў Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы. Прынамсі, гэта была даволі недальнабачная заява: у жніўні 2002 года Уладзімір Пуцін рэзанансна выказаўсяаб знакамітых мухах і катлетах. А прапанова расійскага кіраўніка аб магчымасці ўваходжання Беларусі ў склад Расіі па абласцях напужала нават Лукашэнку.

Роўна праз год, 2 кастрычніка 2002 года пры адкрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі другога склікання Вайтовіч канстатаваў, што стварэнне базы айчыннага заканадаўства ідзе маруднымі тэмпамі. Акадэмік прывёў лічбы: калі Расія за першую палову 2002 года прыняла 85 законаў і кодэксаў, то Беларусь — толькі 26. Канешне, прызнаваў Вайтовіч, Расія большая за Беларусь, аднак, лічыў акадэмік, калі будуецца саюзная дзяржава, то кожнаму боку варта мець адносна аднолькавую колькасць зацверджаных прававых актаў. Далей Вайтовіч зрабіў смелую заяву: «Пополнение действующей правовой базы декретами и указами президента не изменяет общего вывода о недостаточно быстрых темпах её создания».

Яшчэ больш сумна тое, разважаў Вайтовіч, што ў Беларусі галоўным распрацоўшчыкам законапраектаў выступала выканаўчая ўлада. Напрыклад, у Расіі за першую палову 2002 года Савет Федэрацыі разгледзіў 116 законапраектаў, 48,5% з якіх былі ўнесены кіраўніком краіны і ўрадам, а 45% — дэпутатамі Дзярждумы. У Беларусі ў гэты ж перыяд Савет Рэспублікі разгледзіў 43 законапраекты, якія ўсе былі ўнесены выканаўчай галіной улады. Вайтовіч тлумачыў гэта недахопам сродкаў і заклікаў у бюджэце на 2003 года спецыяльна замацаваць грошы для заканадаўцаў.

ЯК ПАСВАРЫЛІСЯ ЛУКАШЭНКА І ВАЙТОВІЧ

Своеасаблівай кропакай невяртання ў адносінах Вайтовіча і Лукашэнкі стала Нацыянальная Акадэмія навук. Нягледзячы на «элегантную победу» на прэзідэнцкіх выбарах 9 верасня 2001 года, кіраўнік дзяржавы некалькі разоў публічна заявіў, што не атрымаў ад БДУ чаканай падтрымкі, улічваючы дапамогу ўніверсітэту з боку ўладаў. Гэта стала прычынай, па якой БДУ, паводле ўказа ад 24 верасня 2001 года «Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падначаленых ураду», БДУ страціў свой асобы статус і падпарадкоўваўся міністэрству адукацыі.

Аднак, Лукашэнкам, відаць, цвёрда апанавала думка пра тое, што большая частка навуковай супольнасці супраць яго. Таму наступны ўдар ён накіраваў на Акадэмію навук. Паводле дэкрэта №25 ад 17 кастрычніка 2001 года знішчаліся галоўныя элементы самакіравання Акадэміі: выбарнасць прэзідэнта і прэзідыума. Цяпер усе яны зацвярджаліся кіраўніком дзяржавы (у кастрычніку 2004 года замест прэзідэнта Акадэміі навук была ўведзена пасада старшыні прэзідыума). Здзіўленне навуковай супольнасці выклікала прызначэнне 19 кастрычніка 2001 года прэзідэнтам НАН кадравага чыноўніка Міхаіла Мясніковіча, які прайшоў амаль усе ступені службовай лесвіцы, але не працаваў у навуковай сферы.

Вайтовіч хоць і наіўна, але ж спадзяваўся, што дэкрэт №25 будзе адменены. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю «Советской Белоруссии» ў студзені 2002 года з нагоды пяцігадовага юбілею Савета Рэспублікі. Пры гэтым ёнпрывёў у прыклад на знакаміты дэкрэт №40, які прадугледжваў магчымасць дасудовай канфіскацыі маёмасці фізічных і юрыдычных асоб у выпадку нанясення імі шкоды дзяржаве, і які быў адменены 13 лістапада 2001 года.

Аднак падзеі разгортваліся ў іншым накірунку. 5 сакавіка 2002 года Лукашэнка выдаў дэкрэт №7 аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі, згодна з якім Акадэмія навук падпарадкоўвалася прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. 14 лістапада 2002 года «сенатары» пачалі разглядаць дэкрэты №25 і №7, каб прыняць іх да ведама. Вайтовіч выступіў з рэзкай крытыкай дэкрэта №25, указваючы, што ён рыхтаваўся ў абсалютнай таямніцы ад навуковай супольнасці, а таму стаў для яе сапраўдным шокам.

Міхаіл Мясніковіч - прэзідэнт НАН Рэспублікі Беларусь з у 2001-2004 гадах

Міхаіл Мясніковіч - прэзідэнт НАН Рэспублікі Беларусь з у 2001-2004 гадах



Па словах, Вайтовіча, Акадэмія навук і яе рэсурсы — сапраўдная нацыянальная бяспека краіны, таму ўводзіць такія метады кіравання ёй недапушчальныя. Крытычна ацэньваючы прамову новага кіраўніка НАН Міхаіла Мясніковіча, старшыня Савета Рэспублікі прывёў лічбы: з моманту прыняцця дэкрэта №25 прайшло больш года, аднак колькасць навуковых публікацый і патэнтаў на вынаходніцтвы ў Акадэміі рэзка знізілася пры павялічэнні яе штатаў у вынікі рэрганізацыі ў 1,6 раза. Вайтовіч звярнуў увагу на гаротны стан вышэйшай адукацыі ўвогуле, калі 40% выпуснікоў («лучшие люди») беларускіх ВНУ жадаюць з’ехаць за мяжу. На гэта эмацыйна адрэагаваў Мікалай Чаргінец, які заклікаў Мясніковіча «удержать нашу молодежь».

Напрыканцы Вайтовіч заявіў, што акадэмічная супольнасць негатыўна аднеслася да нападаў на сваю ўстанову: «Вы знаете, академики спокойный народ, но если они дважды писали президенту в течение полугода, то значит дело плохо». Выступоўца паабяцаў, што дэкрэт №25 не падтрымае. Вынікі галасвання былі наступныя. З 45 зарэгістраваных «сенатараў» пры кворуме ў 33 члены Савета Рэспублікі «за» прагаласавалі 38, «супраць» — 3 і не галасавалі — 4. Дэкрэт №7 фактычна не абмяркоўваўся і быў прыняты да ведама: «за» — 42, «супраць» — 1 (хутчэй за ўсё, Вайтовіч), не галасавалі — 2.

Чаканні Вайтовіча наконт дэкрэта №25 усё ж спраўдзіліся. Гэты акт быў адменены ўказам Лукашэнкі №56 ад 3 лютага 2003 года «Аб некаторых пытаннях Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі». Аднак Акадэмія так і засталася пад кантролем выканаўчай улады.

БЫЎ «ЗА», СТАЎ «СУПРАЦЬ»

З вясны 2003 года адносіны Вайтовіча і Лукашэнкі імкліва псаваліся. 16 красавіка 2003 года на пасяджэнні сёмай сесіі Вайтовіч асмеліўся паставіць на галасаванне пытанне аб адмене прэзідэнцкага дэкрэта №23 ад 9 верасня 2002 года, датычнага падаходнага падатка з фізічных асоб.

Справа ў тым, што шэраг «сенатараў», у прыватнасці, эканаміст Таццяна Быкава, заўважылі ў дакуменце шэраг істотных недахопаў. Напрыклад, адсутнасць нормы ад уплаце падаходнага падатка асобамі, якія былі маладзейшыя за 18 гадоў і інш. Большасць членаў Савета Рэспублікі, страхуючыся і следуючы залатому правілу «divide et impera», абвінавацілі ва ўсім не персанальна Лукашэнку, а Савет Міністраў (праект дэкрэта рыхтаваў Мінюст).

Па словах старшыні камісіі Савета Рэспублікі па сацыяльных пытаннях Анатоля Новікава, «проблема в том, что Совет Министров и министры не хотят знать мнение парламентариев или хотя бы профильной комиссии». Міхаіл Аўласевіч, канстатаваўшы дэкрэт, як «удар по президенту», прапанаваў прыняць «неполитизированное решение»: дэкрэт прыняць да ведама, аднак некаторыя прапановы накіраваць Лукашэнку. Ініцыятыва Вайтовіча не знайшла падтрымкі сярод калегаў: з 56 зарэгістраваных членаў Савета Рэспублікі толькі 9 прагаласавалі «за» («супраць» — 32, не галасавалі — 15).

29 мая 2003 года Вайтовіч раскрытыкаваў праект закона аб дзяржаўнай службе: маўляў, стаж падчас працы ў Савеце Міністраў налічваецца ў любы час, а вось стаж працы ў Вярхоўным Савеце 12 і 13 склікання і ў Нацыянальным сходзе — толькі ў перыяд працы на прафесійнай аснове. У выніку за закон прагаласавалі 49 «сенатараў» і 1 — «супраць».

30 чэрвеня 2003 года пры закрыцці сёмай сесіі Савета Рэспублікі другога склікання Вайтовіч адзначыў, што ў парламента «нет никаких своих центров: ни аналитических, ни законопроектных».

Цярпенне Лукашэнкі скончылася, калі Вайтовіч пачаў разважаць пра немагчымасць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну для адной і той жа асобы, а таксама выказаўся супраць закрыцця Беларускага гуманітарнага ліцэя, якое адбылося 25 чэрвеня 2003 года.

АДСТАЎКА

20227510_249711872209879_1241043520_n.jpg

Вынікі галасавання па датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Аляксандра Вайтовіча. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Лукашэнка вырашыў прыбраць Вайтовіча ў самы бяспечны з палітычнага пункту погляду перыяд — летам. На нечарговай восьмай сесіі Савета Рэспублікі другога склікання, на якой разглядалася пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Вайтовіча, зарэгістравалася рэкордная — 58 — колькасць «сенатараў». Паседжанне сесіі вёў Міхаіл Аўласевіч, які без ваганняў дыстанцыяваўся ад свайго начальніка.

Некаторыя парламентарыі выказалі думку наконт таго, што Вайтовічу не трэба даваць слова. Аднак здаровы сэнс перамог: з 54 «сенатараў», якія ўзялі ўдзел у галасаванні, толькі 8 выказаліся супраць.

Аляксандр Вайтовіч не стаў палітызаваць свой выступ: ён быў кароткім, ёмістым і добразычлівым.

Пасля выступіў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Урал Латыпаў, які заявіў, што адкліканне Вайтовіча — прынцыповае рашэнне, бо старшыні Савета Рэспублікі ўжо 65 год. Латыпаў спаслаўся на прыняты закон аб дзяржаўнай службе. Аднак, здаецца, былы чэкіст і сам разумеў усю недарэчнасць сітуацыі, бо ў законе нічога не гаварылася пра кіраўніцтва Савета Рэспублікі. Да таго ж, «сенатару» Мікалаю Чаргінцу споўнілася 65 год яшчэ раней, але адклікаць якого ніхто не збіраўся.

Урал Латыпаў, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2001-2004 гадах

Урал Латыпаў, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2001-2004 гадах

Таму Латыпаў распавёў сенатарам пра логіку рашэнняў Лукашэнкі. Па словах, Урала Рамдракавіча, старшыня Савета Рэспублікі заўсёды павінен раўняцца на курс кіраўніка краіны, а Вайтовіч «не всегда этому золотому правил следовал». Латыпаў прывёў прыклад Расіі, дзе кіраўнікі Федэральнага сходу — не з каманды Пуціна, аднак ніколі не выказваюцца супраць курса дзяржавы. Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі таксама распавёў, што за Вайтовічам былі размовы наконт добраахвотнага зыходу, але той адмовіўся.

Вынікі галасавання былі наступныя. З 58 зарэгістраваных «сенатараў» 56 падтрымалі адкліканне Вайтовіча, і 2 не галасавалі.

НАСТУПНЫ І ЛАГОДНЫ

Аб тым, што адстаўка Аляксандра Вайтовіча планавалася загадзя, сведчыць аператыўнае абранне яго пераемніка. Ім аказаўся былы ўрадавы кіраўнік Генадзь Навіцкі. Прадстаўляючы кандыдатуру Навіцкага, Латыпаў сказаў наступнае: «Когда Совет Республики будет возглавлять человек, которому президент полностью доверяет, то Совет Республики, я думаю, будет работать намного эффективнее».

Сапраўдныя панегірыкі Навіцкаму прамовілі Павел Шыпук, Мікалай Чаргінец і Барыс Батура.

Вельмі паказальны быў выступ Навіцкага. Па-першае, ён выявіў тып чыноўніка, які цалкам залежыць ад Лукашэнкі: «Премьер-министр — это наконечник бура, который надо чаще менять». Па-другое, Навіцкі, сам таго не ведаючы, падкрэсліў другасны стан свайго новага ведамства: «Работа сенатора — это тыл».

«Справа Вайтовіча» паказальная па некалькіх момантах. Па першае, прэзідэнцкая ўлада ў выніку небяспекі выкарыстоўвала любыя захады для нейтралізацыі палітычных праціўнікаў. Па-другое, думкі пра тое, што нешта можна палепшыць у рамках адбудаванай Лукашэнкам мадэлі, наіўныя. Патрэбны сістэмныя змены. І, па-трэцяе, «справа Вайтовіча» зможа стаць добрай нагодай вывучэння фонда 1534 (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь) Савета Рэспублікі, які, нягледзячы на свой фармальна высокі афіцыйны статус, з’яўляецца «terraingognita» для грамадскасці і для даследчыкаў.