Быццам плача над доляй жалейка… Да дня народзінаў Ларысы Геніюш
Сёння, у дзень народзінаў слыннай беларускай паэткі і патрыёткі мы вырашылі ўзгадаць успаміны яе сяброў.

Ларыса Геніюш з сям’ёй Андрэя Вайтовіча
Прайшоўшы
ўсе жыццёвыя нягоды і сталінскія катаванні, Андрэй Піліпавіч Вайтовіч часта
ўспамінаў пра Ларысу Геніюш, з якою шмат гадоў сябраваў. А адбылося ў яго
знаёмства са слыннай беларускай паэткай з дапамогай сяброў па сталінскіх
лагерах.
У 1972 годзе Андрэй Вайтовіч наведаў свайго сябра па рэпрэсіях Казіміра Гінца ў Вроцлаве, які быў знаёмы з Ларысай Геніюш. Той папрасіў Вайтовіча наведаць паэтку ў Зэльве і перадаць ёй прывітанне, а таксама даў Андрэю хусцінку, якую некалі ў лагерах падаравала яму паэтка. Вярнуўшыся з Вроцлава, Андрэй Вайтовіч паехаў у Зэльву да Ларысы Геніюш.
Так яны пазнаёміліся і да апошніх дзён жыцця паэткі шчыра сябравалі. Гэта Андрэй Вайтовіч дапамог ёй зрабіць помнік на магілу Янкі Геніюша і прывёз яго з Навагрудка ў Зэльву. То свежанінкі прывязе, то мёду — ні ў чым і ніколі не адмовіла сям’я Вайтовічаў мужнай і таленавітай жанчыне з Зэльвы. Захаваўся ў маім хатнім архіве і арыгінал пісьма да Вайтовічаў ад Ларысы Геніюш.
Гэты ліст пры жыцці мне перадаў Андрэй Піліпапіч. «Ты даследуеш творчасць Ларысы Антонаўны, няхай гэта пісьмо будзе ў цябе», — сказаў Андрэй Піліпавіч. Ліст раней не публікаваўся. Нават у кнігах эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, якія падрыхтаваў і выдаў Міхась Скобла, гэтага ліста да Вайтовічаў не было.
Вось што
пісала Ларыса Геніюш да Вайтовічаў 3 ліпеня 1981 года:
Аднойчы
Андрэй Вайтовіч паказаў мне свой сямейны альбом. О, гэта быў незвычайны альбом!
Справа ў тым, што пры сустрэчах з Ларысай Геніюш Андрэй Піліпавіч расказваў ёй
пра сваіх бацькоў, сясцёр, братоў, пляменнікаў. Паэтка ўважліва слухала і затым
перапраўляла пачутае ў вершаваныя радкі: некалькі соцень іх ён занатаваў у свой
сямейны альбом са здымкамі сваякоў. А бывала папросіць паэтку напісаць верш для
сына, для суседа, у якога юбілей, ці нейкая іншая нагода — і яна пісала.
Вось так і захавалася ў Андрэя Вайтовіча невядомая нікому асабістая літаратурная спадчына Ларысы Геніюш, прысвечаная ягоным сваякам. Усе гэтыя вершаваныя радкі пры жыцці спадар Вайтовіч перадаў мне. У іх — любоў да сваіх сяброў, да беларускай зямлі і яе працавітых і мужных людзей, пачуццё нацыянальнай годнасці і гонару. Прывяду толькі некалькі строфаў з гэтых твораў:
* * *
Так раны людскія дабром сваім гоячы,
Часам ва ўмовах даволі цяжкіх,
Роду свайму памагаюць Вайтовічы,
Ў дастойныя людзі выводзяць сваіх.
* * *
…Родам з поля, і з лесу, і з бору мы,
Усе мы родзічы, усе сябры,
Дык будзьма мужныя і непакорныя
Й пушчам верныя, як зубры.
* * *
Каб згода, каб радасць аж праз берагі,
З вачэй каб слязіны ніводнай.
А ў сэрцах хай вечна жыве дарагі
Наш край наднямонскі і родны…
Бывала сям’я Вайтовічаў у Зэльве вельмі часта, ды і Ларыса Антонаўна наведвала Вайтовічаў у Слоніме.
7 красавіка 1983 года Ларысы Геніюш не стала. Андрэй Піліпавіч прыехаў праводзіць яе ў апошні шлях. А ў памяці, як ён казаў, выразна гучалі радкі з паэмы «З вёскі Залозкі над Нёманам»:
Калі скончыцца дзень, і сум душу кране
Ўспамінам трывожным нейкім,
Дык, здаецца, чутно як калісь, як раней,
Быццам плача над доляй жалейка…
Гэту паэму Ларыса Геніюш прысвяціла сястры Андрэя Вайтовіча — Барбары і яе мужу Мікалаю. У ёй адлюстраваны лёс звычайнай беларускай сям’і — такіх лёсаў на нашай шматпакутнай зямлі было шмат. Паэма гэта таксама знаходзілася ў альбоме Андрэя Піліпавіча. У жніўні 1996 года ён дазволіў мне яе апублікаваць. І яна з’явілася ў зэльвенскай раённай газеце «Праца». Праўда, шмат радкоў Ларысы Геніюш, прысвечаных сваякам Андрэя Вайтовіча, застаюцца яшчэ неапублікаванымі. Але час на іх яшчэ будзе.

Каля помніка Янку Геніюш. Пятро Рашэтнік, невядомы, П. Саўчук, Усевалад Кароль, Андрэй Вайтовіч. Зэльва, 1980-я гады
Да сваіх апошніх дзён Андрэй Піліпавіч Вайтовіч заставаўся шчырым беларускім патрыётам, цікавіўся жыццём краіны, перажываў за ўсё тое, што адбываецца на нашай зямлі. Ужо хворы і слабы, ён з кіёчкам у руках прыходзіў у цэнтр горада і, як прафесійны будаўнік, дапамагаў аднаўляць слонімскі Спаса-Праабражэнскі сабор.
Пражыў ветэран беларускага вызвольнага руху 88 гадоў. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам 1 красавіка 2008 года на слонімскіх могілках.