Украіна пачала расследаванне імпарту сернай кіслаты, асноўны пастаўшчык — Беларусь

Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі (МКМГ) Украіны па заяве «Усходняга горна-абагачальнага камбінату» (Жоўтыя воды, Днепрапятроўская вобласць) вырашыла правесці спецрасследаванне імпарту ва Украіну сернай кіслаты і олеума незалежна ад краіны паходжання», паведамляе інфармагенцтва «Интерфакс-Украина».

15090807.jpg

«Прадстаўленыя матэрыялы ўтрымліваюць дастаткова доказаў, згодна з якімі можна зрабіць выснову, што на працягу 2014-2016 г. імпарт ва Украіну сернай кіслаты і олеума незалежна ад краіны паходжання і экспарту ажыццяўляўся ў такіх памерах і на такіх умовах, што магло мець месца нанясенне значных стратаў нацыянальнаму таваравытворцу», — адзначае МКМГ.
У прыватнасці, імпарт тавару ў 2015-м і 2016 гадах вырас адпаведна на 87% і 225% у параўнанні з 2014 годам, а яго доля ў спажыванні — адпаведна на 80% і 200%.
«Аналіз цэнавай дынамікі сведчыць, што на працягу доследнага перыяду цэны імпарту былі ніжэй коштаў заяўніка (акрамя 2016 гады) і сабекошту яго вытворчасці», — дадае камісія.
У выніку абʼёмы продажу «Усходняга горна-абагачальнага камбінату» на ўнутраным рынку ў 2015-м і 2016 гг. знізіліся адпаведна на 5% і 8% у параўнанні з 2014 годам, абʼёмы вытворчасці — на 5% і 6%, занятасць — на 6% і 8%, пры гэтым рэалізацыя тавару на ўнутраным рынку была стратнай.
Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, імпарт сернай кіслаты і олеума ва Украіну ў студзені-траўні 2017 года склаў 20,33 тыс. тон на суму $ 543,3 тыс., тады як экспарт — 0,05 тыс. тон на $ 15,5 тыс. Асноўным пастаўшчыком выступае Беларусь — 20,13 тыс. тон на $ 531,3 тыс.
Прадпрыемства «Усходні горна-абагачальны камбінат» — адзінае ва Украіне і найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы ўранавай руды.
Паводле belsat.eu