Украіна. Сталіцу — у Чарнобыль!
Цікавую грамадскую рэакцыю выклікала ідэя ўкраінскага апазіцыйнага дэпутата Міхаіла Добкіна перанесці сталіцу Украіны.

Сваю прапанову, якая была агучаная падчас аднаго з інтэрв’ю, Міхаіл Добкіна аргументаваў тым, што кіеўская інфраструктура не адпавядае выклікам сталіцы і мае кепскую энергетыку. На думку дэпутата, сталіцу трэба вярнуць у Харкаў (ён быў сталіцай савецкай Украіны ў 1919–1934 гадах).
У адказ на словы дэпутата грамадскасць Харкава літаральна паўстала. Шмат мясцовых аўтарытэтаў выступілі супраць ідэі Харкава як сталіцы. Больш за тое, як бачна па інтэрнэт-форумах, не выказваюць жадання стаць жыхарамі сталіцы і людзі ў іншых гарадах.
Культуролагі лічаць, што прычынай такога феномену стаў досвед Кіева, які атакуюць правінцыялы ў пошуках працы. Як следства, за гады незалежнасці профіль сярэднестатыстычнага кіяўляніна стаў больш маргінальным.
У гэтым плане нечакана вялікую папулярнасць атрымала ідэя перанесці сталіцу ў Прыпяць — горад каля Чарнобыльскай АЭС, адкуль усё насельніцтва было эвакуяванае пасля выбуху на станцыі.
Паводле ўкраінскай прэсы