Хрэстаматыя ад Дварчаніна
Сёння ўжо вернута добрае імя грамадска-палітычнага дзеяча і асветніка Ігната Дварчаніна рассакрэчана праўда пра адыход з жыцця, такая тыповая для лёсу інтэлігенцыі пад уладай таталітарызму.
Партрэт Ігната Дварчаніна работы мастака Анатоля Крывенкі, 1999 г.
З’явілася кніжка, праўда, не на радзіме, а ў Польскай Рэспубліцы, прысвечаная палітычнай біяграфіі і культурнай дзейнасці Ігната Дварчаніна.
Часткова вернута народу творчая спадчына: перакладзена з чэшскай мовы напісанае І. Дварчанінам даследаванне жыцця і асветніцкага подзвігу Францішка Скарыны, абароненае ў Празе як доктарская дысертацыя. Збольшага агледжана і скарыстана ў аказійных публікацыях пра Дварчаніна віленская, заходнебеларуская перыёдыка і беларускі друк 20-х гадоў у Чэхаславаччыне і Латвіі.
Трэба было б пільней, паўней выбраць публіцыстычныя выступленні і вершы Дварчаніна, расцярушаныя ў дзясятках перыядычных выданняў, каб сабраць усё ў адну кнігу спадчыны беларускага літаратара і палітыка. І абавязкова не забыцца пра яго пісьмы. Як засведчыў светлай памяці Нестар заходнебеларускай духоўнай эпапеі, нястомны Уладзімір Калеснік, эпісталярый Ігната Дварчаніна можа дапамагчы не толькі лепш убачыць асобу яго аўтара, але і нешта больш зразумець у перыпетыях палітычнага жыцця Беларусі 20-х — 30-х гадоў, асаблівасцях яе грамадскай думкі.
Нарэшце, ёсць адна рэч, здзейсненая Ігнатам Дварчанінам, на першы погляд простая, немаштабная для асветніка. Фактычна ж яе нельга пераацаніць для свайго часу. Больш за тое, яе абавязкова трэба паўтарыць сёння друкам. Я гавару пра «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры», падрыхтаваную і выдадзеную І.Дварчанінам у 1927 годзе ў Вільні. Была гэта сапраўдная скарбніца беларушчыны, яе залатая старонка. Аб’ядноўвала Хрэстаматыя (міжволі пішаш яе з вялікай літары) найлепшыя здабыткі беларускага краснага пісьменства, беларускага мастацкага слова практычна за чвэрць стагоддзя, але самага інтэнсіўнага ў развіцці нацыянальнай свядомасці беларусаў, самага плённага ва ўсіх сферах беларускага жыцця. І. Дварчанін у свой падручнік паўсталай да адраджэння нацыі ўключыў лепшыя ўзоры твораў, пачынаючы ад навел Ядвігіна Ш., мастацкіх шэдэўраў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, заканчваючы фрагментамі драм Францішка Аляхновіча. Творам кожнага пісьменніка папярэднічаў сціслы, змястоўны літаратуразнаўчы ўступ і фотапартрэт. Хрэстаматыя была ілюстравана дасканалай графікай Я. Драздовіча і мела самавіты паліграфічны выгляд.
Гэта была адна з кніг, што нараджаюць свята душы. Натуральна, у Заходняй Беларускі 20-х гадоў, дзе высокай хваляй уздымаўся вызваленчы рух, ішла кансалідацыя нацыі «Хрэстаматыя Дварчаніна» (так найчасцей яна і называлася ў абыходзе) набыла значэнне грамадскага Евангелля ад Беларушчыны, стала кнігай на штодзень. Узятыя з яе словы клаліся на ноты, рабіліся песняй, цытаты, пачэрпнутыя ў ёй, скарыстоўваліся як аргумент у палеміцы з паланізатарамі, тымі, хто хацеў быць навекі каланізаваць, асіміляваць Беларусь, а яе інтэлігенцыю загнаць у рэзервацыю або проста знішчыць.
Дзесь ужо на пачатку 70-х гадоў, падчас фальклорна-збіральніцкай вандроўкі па колішняй Заходняй Беларусі натрапіў я на чалавека, ад якога даведаўся ўразлівы факт грамадскага рэзанансу «Хрэстаматыі» Ігната Дварчаніна, яе ролі ў духоўнай атмасферы свайго часу. У вёсцы Каччына Зэльвенскага раёна, на Гродзеншчыне, выпадкам, бо прыехаў ён на нейкі час з дому састарэлых, сустрэў я пажылога чалавека па прозвішчу Сталыгва. З размовы высветлілася, пацвярджэнне гэтаму пазней знайшоў у віленскай перыёдыцы, што ў час імклівага ўзрастання грамадаўскага руху на заходнебеларускіх землях мой нечаканы знаёмец узначальваў Лідскі павятовы сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. А ўвогуле Сталыгва — чалавек няпростага лёсу, нечым тыповага для беларуса ХХ стагоддзя. У даваенныя часы не мінуў польскага астрогу, а ў 1940 годзе, як і многіх былых грамадаўцаў ды капэзэбоўцаў, яго паслалі абжываць лагеры ГУЛага. Адтуль трапіў ненадоўга ў польскае войска і разам з дывізіяй генерала Андэрса выехаў у Іран. Аднак контрразведцы польскага генерала не спадабаўся дух іх легіянера з беларусаў. Сталыгва быў арыштаваны як камуніст. Яму, аднак, удалося ўцячы з-пад арышту і ўладкавацца рабочым на англійскім вайсковым заводзе ў Іране. Страшэнна хацелася дамоў. На запыты, звернутыя праз Савецкае пасольства ў Маскву, адказаў не меў. Толькі пасля смерці «бацькі ўсіх народаў» у сярэдзіне 50-х гадоў Сталыгва здолеў вярнуцца на Беларусь, у родную Лідчыну.
Дык вось гэты былы актывіст беларускага вызваленчага руху, вяртаюся ў думках-успамінах да часоў сваёй маладосці, сказаў мне.
«Апірышчам у абароне свайго тут, у Заходняй Беларусі, мелі мы дзве кнігі — «Геаграфію Беларусі» Смоліча і «Хрэстаматыю» Дварчаніна. Моцна яны нам дапамагалі стаяць на сваім. Добра сілкавалі ў сэрцах і розуме людзей беларускую ідэю. Няўжо забаронены? Дзе б дастаць гэтыя кніжкі? Хоць бы зірнуць на іх», — сказаў з прасвятленнем у стомленых вачах гэты сучасны беларускі Адысей.
Сотыя ўгодкі з дня народзін Ігната Дварчаніна і для аўтара гэтай нататкі — нагода выказаць перад памяццю асветніка і змагара асабістую ўдзячнасць.
Калі яшчэ ў юнацкія гады трапіла на вочы Дварчанінская «Хрэстаматыя», (набыў яе ў школьнага сябра), зразумела, не мог усвядоміць, што яна будзе нешта значыць у маім асабістым жыцці і ў сэнсе грамадскай арыентацыі. На моцным буі знаходзіліся тады нашы душы, на вятрыску, што дзьмуў толькі ў адзін бок, казённы.
Вільня 1920-х гадоў, дзе была выдана Хрэстаматыя
А тым часам не магло не рабіць уражання ўжо тое, што ў «Хрэстаматыі» Дварчаніна былі прадстаўлены аўтары, твораў якіх днём з агнём нельга было знайсці ў нашай праграме па літаратуры. Ні пра Алеся Гаруна, ні пра Максіма Гарэцкага, ні пра Ластоўскага, ні пра Цішку Гартнага, ні пра Аляхновіча мы ў класе не чулі і чуць не маглі ні слова, ні паўслова з-за іх найстражэйшай забароненасці. А калі праходзілі творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, то такіх агністых твораў іх, асабліва Купалавых, як тыя, што былі надрукаваны ў «Хрэстаматыі», у нашых падручніках і ў памінку не было.
Пра гэта, пасля таго, будучы вучнямі дзясятага класа і гаварылі мы з сябрам Лявонам Соснай над рэчкаю, што бегла праз Смаргонь непадалёк ад нашай школы. Пэўна, тады яшчэ падсвядома, узгадваю, пачаў час ад часу думаць пра лёс гэтых літаратараў, схаваных ад нас, відаць, незнарок. У Мінску на першым курсе ўніверсітэта, калі раптам адчуў, як на свядомасць, самаадчуванне пачалі ціснуць каменныя зводы тагачаснай грамадскай будыніны, часцей стаў звяртацца да «Хрэстаматыі» Дварчаніна, шукаючы ў творах, рассыпаных на прасцягу яе патолі для душы. Вызнаў у іх меру, эталон праўдзівай, шчырай перад самой сабой і народам беларускай нацыянальнай літаратуры. Такой, якой яна была раней, на пачатку стагоддзя, і павінна быць заўсёды.
Тады не самі сабой запомніліся з падачы Ігната Дварчаніна, яго «Хрэстаматыі» Купалавы «Прарок», «Над Нёманам», «Не пагаснуць зоркі ў небе», Гаруновы «Ты мой брат, каго зваць беларусам», «Хто сказаў: «І я з народам», Багдановічава «Пагоня». У скрушную хвіліну яны паклікаліся на вусны, мацавалі дух, пакраплялі на духу, як выслаўляўся мастак Пётра Сергіевіч.
Значна пазней зразумеў, што Дварчанін сваёю «Хрэстаматыяй новай беларускай літаратуры» ў тых неадназначных умовах, у якіх мы раслі, надзейна дапамагаў арыентавацца на родны грунт, сапраўдныя духоўныя вартасці, а тым самым засцерагаў ад эфемерных ідэй, якімі нас вабіла ў некуды Дзяржава-мачыха.
Дзякуй яму, светламу чалавеку асветніку-змагару за ўрокі, за паданую руку на хісткіх кладках юнацтва. Няхай вітае ў небе Беларусі яго светлы цень, ратуе заблуканых у пацёмках ад бяспамяцтва, бяздум’я, бязбацькаўшчынства.
ДВАРЧАНІН Ігнат Сымонавіч
(08.06.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на — 08.12.1937), грамадскі дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, вучоны, пісьменнік, паэт, літаратуразнавец. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта (1925) са ступенню доктара філасофіі. У 1917 г. быў сакратаром культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве, супрацоўнічаў у газеце «Дзянніца», прымаў удзел у падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда 1917 года, рабоце Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады. У Празе стаў старшынёй Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, з У. Жылкам выдаваў часопіс «Перавясла», «Прамень» (друкаваў артыкулы і вершы). Выкладаў літаратуру ў беларускай гімназіі. Склаў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры. Сябар Беларускай Рады, якая аб’ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі. З 1926 г. у Вільні ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ). У 1928 г. абраны ў польскі сейм, удзельнік беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганне». Уваходзіў у кіраўніцтва Таварыства беларускай школы. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. У 1932 г. абменены і дастаўлены ў Беларусь. Працаваў у АН Беларусі па вывучэнні Заходняй Беларусі. 16 жніўня 1933 г. арыштаваны агентамі НКУС па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Пакаранне адбываў на Салавецкіх астравах. Паводле прыгавору «тройкі» ад 25.11.1937 г. прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па двух прыгаворах у 1956 г. ваенным трыбуналам БВА. У г.п. Дзятлава ўстаноўлены помнік І. Дварчаніну, на радзіме ў в. Погіры ўстаноўлена мемарыяльная дошка.