Першы рэдактар, у якога стралялі. Ігару Герменчуку сёння магло б споўніцца 60

1 студзеня спаўняецца 60 гадоў з дня народзінаў Ігара Герменчука, рэдактара газэты «Свабода» і дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, піша Свабода.

Ігар Гермянчук на сэсіі Вярхоўнага Савета. Здымак Уладзімера Сапагова

Ігар Гермянчук на сэсіі Вярхоўнага Савета. Здымак Уладзімера Сапагова


Ігар Гермянчук быў першым рэдактарам, у якога стралялі.
Не ў пераносным, а ў самым натуральным сэнсе, увасобленым у сьвінец — выпусьцілі кулю ў акно кухні, дзе ён звычайна любіў пісаць ды рыхтаваць чарговы нумар «Свабоды». «Хацелі б забіць — забілі б», — сказаў нядаўна зь іншай нагоды кіраўнік адной усходняй краіны. Хацелі сьмерці сьмелага рэдактара, вельмі хацелі. Ігар пакіне гэты сьвет ад цяжкай хваробы ў 42 гады.
Мы вучыліся зь Ігарам на адным курсе на журфаку, жылі ў адной казарме на вайсковых зборах у Слоніме, некалькі гадоў правялі разам у Авальнай залі ў якасьці дэпутатаў парлямэнту. Здавалася б, я вельмі добра мусіў яго ведаць, але ў нечым ён так і застаўся для мяне загадкай.
Вось, скажам, мы слухалі адны і тыя ж лекцыі, працавалі ў аднолькава саветызаванай савецкай прэсе, якая толькі з прыходам Гарбачова пачала мяняцца — але, узяўшы ў пачатку 90-х рэдагаваць газэту «Свабода», ён адразу задаў у ёй заходні ўзровень журналістыкі. Заходні ў прымяненьні да савецкага і постсавецкага часу азначае — высокі.
«Свабода» была ўнікальная газэта яшчэ і ў тым сэнсе, што іншыя («Літаратура і мастацтва», «Навіны БНФ», БДГ, «Имя») арыентаваліся на нейкі сэгмэнт грамадзтва — ці то на бізнэсоўцаў, ці на творчую інтэлігенцыю, ці яшчэ на некага, а выданьне Герменчука было для ўсіх.
«Свабоду» чыталі і прэм’ер-міністар (а пасьля 1994 і легітымны яшчэ прэзыдэнт), і дэпутаты, і міністры, і кіраўнікі прадпрыемстваў — але публікацыі абмяркоўвалі і ў рабочых курылках на МТЗ і МАЗе, і ў студэнцкіх аўдыторыях. На піке папулярнасьці газэта дасягнула накладу ў 100 000 асобнікаў — чым, дарэчы, Гермянчук абверг стэрэатыпнае і заганнае меркаваньне, што беларуская мова не надае выданьням папулярнасьці.
Адной з тэмай «Свабоды» была карупцыя — спачатку пры Кебічу, потым пры Лукашэнку. Літаратура на старонках амаль не сустракалася, хаця былі і выключэньні — напрыклад, ананімная паэма «Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт». Адзін чытач пазнаў сябе і вельмі пакрыўдзіўся. І нават патрабаваў пачаць крымінальную справу. Але тады парлямэнт нешта важыў, прыхільнікі зьняцьця з дэпутата Герменчука дэпутацкага імунітэту не набралі належнай колькасьці галасоў.

Нумар «Свабоды» ў часе жнівеньскага путчу ў Маскве, 1991.

Нумар «Свабоды» ў часе жнівеньскага путчу ў Маскве, 1991.


Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, «Свабода» не была газэтай БНФ ці органам парлямэнцкай апазыцыі, хаця яе рэдактар і ўваходзіў у яе склад. За ўсе гады я магу прыгадаць публікацыю толькі адной падпісанай намі палітычнай заявы — прычым той, якая ў выпадку іншага сцэнару каштавала б як мінімум свабоды і рэдактару, і яе падпісантам. Я маю на ўвазе заяву Апазыцыі БНФ 19 жніўня 1991 супраць ГКЧП, які быў названы дзяржаўным пераваротам.
Увайшоўшы ў гісторыю як Дэпутат Незалежнасьці, ён усё ж, на мой погляд, у большай ступені быў журналістам, чым палітыкам. І пры гэтым у Ігара была дакладна вызначаная палітычная пазыцыя, якая палягала на падмурку нацыянальнага Адраджэньня.
Сёньня, калі палітыкай зацікавіліся сотні тысяч беларусаў, штодня чытаеш у сацсетках: як магло здарыцца тое, што адбывалася на Акрэсьціна? Як грамадзтва дапусьціла ўсталяваньне таго, што заходнія аглядальнікі вызначаюць як дыктатуру?
Каб зразумець, як пачалося, варта пагартаць старонкі «Свабоды» за красавік 1995 году — калі Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум пра мову, сымболіку, права прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічную інтэграцыю з Расеяй, і пратэстоўцы-дэпутаты БНФ былі зьбітыя ў залі парлямэнту. «Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара» — гэтак падпісаны рэпартаж Герменчука. «Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта» — камэнтар Васіля Быкава. «Іхныя рукі ўжо ў крыві» — яшчэ адзін загаловак.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995. Зянон Пазьняк, Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук, Мікола Маркевіч, Сяргей Папкоў.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995. Зянон Пазьняк, Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук, Мікола Маркевіч, Сяргей Папкоў.


Уласна, вось у тую ноч усё і адбылося, і ацэнкі былі дадзеныя. Хто хацеў, той усё зразумеў. Проста большасьць насельніцтва вырашыла, што гэта тычыцца толькі тых, каго пабілі — «Мяне ж не чапаюць».
У тую ноч, калі на дэпутатаў напалі «гарылы» у чорным (гэта былі афіцэры групы КДБ «Альфа»), Ігар Гермянчук садраў маскі з двух ці трох, і тыя, каб ня быць апазнанымі, імгненна клаліся на падлогу, каб ня быць пазнанымі.
Ня любяць яны сьвятла.