Час вяртання Уладзіслава Казлоўскага

У сакавіку 1941 года група беларускіх пісьменнікаў наведала Вільню. Сярод іх быў літаратурны крытык Алесь Кучар, які ў БССР пісаў даносы на многіх пісьменнікаў. 

kazlouszczyk.jpg


Падчас той сустрэчы Кучар хваліў пісьменнікаў Заходняй Беларусі (як успамінаў Язэп Малецкі), што вытрывалі польскую акупацыю. Там ён сустрэўся з грамадскім і палітычным дзеячам, выдаўцом, паэтам, публіцыстам Уладзіславам Казлоўскім, які меў літаратурны псеўданім Казлоўшчык.

Падзяка з БССР


«Мы ў БССР пра Казлоўшчыка думалі як пра нейкага амерыканскага каўбоя, што абвешаны разбойнымі нажамі ды наганамі. А тут — вельмі сімпатычны чалавек. Мы крыху знаем вашую творчасць, яна даволі арыгінальная і цікавая, народная», — казаў Кучар.

Уладзіслаў Казлоўшчык пачытаў вязанку сваіх патрыятычных вершаў, што яшчэ больш раззброіла бальшавіцкую насцярожанасць Кучара. Ён нават прапанаваў Казлоўшчыку пісаць творы ў бальшавіцкім духу і раіў далучыцца да савецкай рэчаіснасці.

Да савецкай рэчаіснасці такія яркія асобы, як Уладзіслаў Казлоўшчык, далучыцца не маглі. Яны добра ведалі, што ў 1920-х — напачатку 1940-х гадоў адбывалася ў БССР. Хаця ў той самы час не проста і вельмі цяжка жылося і беларусам Заходняй Беларусі пад Польшчай.


Вайсковец-асветнік


Уладзіслаў Казлоўскі нарадзіўся 29 чэрвеня 1896 года ў вёсцы Залессе Сакольскага павета на Беласточчыне ў беларускай каталіцкай сям’і. З маладых гадоў пачаў цікавіцца жыццём тутэйшых людзей, і сам хутка стаў нацыянальна свядомым беларусам. Пачатковую і сярэднюю адукацыю ён набыў у Саколцы і ў Гародні.

У 1916 годзе юнак з Сакольшчыны паступіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Вільні. Там ён актыўна пашыраў між клерыкаў беларускую свядомасць. А ў 1919 годзе, калі заснавалася ў Вільні Беларуская вайсковая арганізацыя, пакінуў вучобу ў духоўнай семінарыі, бо марыў звязаць сваё жыццё з беларускім войскам. Адначасова з гэтым, каб не сядзець бясчынна ў БВА, якая тады яшчэ праводзіла толькі рэгістрацыю сяброў, ён запісаўся на беларускія кароткачасовыя настаўніцкія курсы пры Цэнтральнай Радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Курсы Уладзіслаў Казлоўскі скончыў паспяхова, і быў прызначаны ў Сакольскі павет для арганізацыі там беларускага школьніцтва. Але арганізоўваць курсы там было няпроста, бо польскія павятовыя чыноўнікі да гэтага ставіліся адмоўна. Тады юнак вярнуўся ў Вільню. А калі Беларуская вайсковая камісія заснавалася ў Мінску, пераехаў у Мінск.

Напачатку 1920 года Казлоўскі працуе інструктарам Беларускага нацыянальнага камітэта па пытаннях арганізацыі нацыянальнага і кааператыўнага жыцця ў Ігуменскім павеце. А ў маі гэтага ж года БВК дасылае яго ў Варшаўскую школу падхарунжых.

Пасля заканчэння ваеннай школы, Уладзіслаў Казлоўскі быў прызначаны інструктарам у Першы батальён беларускіх стралкоў, які ўжо быў эвакуяваны з Мінску ў Лодзь. Праз год, у сувязі з ліквідацыяй беларускіх аддзелаў, перавёўся ў польскае войска як кадравы афіцэр.


04_2.jpeg


Палітык

Будучы паручнікам чыннай службы, Казлоўскі не парываў сувязі з беларускім нацыянальным рухам. А ў 1930 годзе ўвогуле звольніўся са службы і зноў пераехаў у Вільню. Там ён поўнасцю аддаўся творчай працы і палітыцы. Спачатку арганізаваў гімнастычнае таварыства «Гайсак», пасля з’яўляўся выдаўцом і рэдактарам часопіса «Новы шлях» і адначасова адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Гэтая партыя праіснавала з 1933 па 1943 год. Старшынёй у ёй быў Фабіян Акінчыц. У кіраўніцтва партыі ўваходзілі, акрамя Уладзіслава Казлоўскага, Альбін Стэповіч, Павел Арцішэўскі, Лявон Дубейкаўскі, Кастусь Юхневіч, Алёйза Пецюкевіч і Антон Сапко.

У 1937 годзе БНСП была забароненая польскімі ўладамі, і частка сяброў у 1938 годзе выехала ў Германію. У тым ліку і старшыня партыі Фабіян Акінчыц, які ўзначаліў беларускае бюро ў нямецкім Міністэрстве прапаганды. Нелегальную дзейнасць БНСП на Віленшчыне ачоліў Уладзіслаў Казлоўскі.

Пасля нападу Германіі на СССР Уладзіслаў Казлоўскі паспрабаваў легальна аднавіць дзейнасць партыі, аднак Альфрэд Розенберг, кіраўнік акупіраваных усходніх абласцей, забараніў яе. Акінчыц і сябры партыі хутка расчараваліся ў немцах, бо ўбачылі, што яны не нясуць абяцанай «новай Еўропы», а славян хочуць знішчыць і зрабіць рабамі. А астатні беларускі нацыянальны актыў не давяраў БНСП і лічыў іх людзьмі немцаў.


01_3.jpg


Літаратар

Першыя творы Уладзіслава Казлоўскага (Казлоўшчыка) з’явіліся ў перыядычным друку ў 1920-х гадах. Гэта былі публіцыстычныя артыкулы на спартыўныя тэмы. Тады ж выйшлі ў свет яго першыя кнігі «Фізічнае выхаванне грамадзянства» (1927) і «Аб фізічным выхаванні ў беларусаў» (1928).

У 1930 годзе Казлоўскі актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Шлях моладзі», дзе вёў рубрыку «Куток для спорту». Сам пісаў спартыўныя артыкулы, рэпартажы і друкаваў на старонках гэтага часопіса.

Добра пісалася і літаратура. З друку выйшлі яго кнігі «Беларускія народныя песні з Сакольскага павету», «Плач Беларускай Старонкі — маткі па дзетках сваіх рэнегатах», вершаваны раман «Путы кахання», зборнік паэзіі «Шляхам змагання», вершаванае апавяданне з Казюковага кірмашу ў Вільні «Казюк на кірмашы».

У сваіх вершах і празаічных абразках Уладзіслаў Казлоўшчык часцей звяртаўся да маладых. Яго верш «Песня беларускай моладзі» быў тады гімнам юнакоў і дзяўчат. Дарэчы, і музыку напісаў сам аўтар. 


Песня пачыналася так:


Мы бойкая моладзь — арлы маладыя,

За намі йдзе воля братоў.

У душах нашых шчырых ідэі святыя.

А ў жылах — Крывіцкая кроў…


У № 4 «Шляху моладзі» за 1930 год быў надрукаваны верш Казлоўшчыка «Беларусь устань!», які польскія ўлады палічылі крамольным і канфіскавалі ўвесь наклад выдання.


Калабарант ці патрыёт?


У гады Другой сусветнай вайны ў Мінску выдавалася «Мінская газета», якая з 5 лютага 1942 года памяняла назву на «Беларускую газету». Спачатку яе рэдагаваў Аляксей Сянькевіч, а затым — Уладзіслаў Казлоўскі. Наклад «Беларускай газеты» дасягаў 50 тысяч асобнікаў. Выданне інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі. Ролю і значэнне гэтых арганізацый яна значна перабольшвала, а любыя іх акцыі з захапленнем каментавала. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўцы настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця.


03_2.jpeg


Газета друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, многія з якіх былі яўна палітызаваныя, матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі, пра беларускія традыцыі і абрады, паходжанне беларускай сімволікі і іншыя. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы, творы беларускіх літаратараў, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і г.д. Але ўсё ж шэраг публікацый газеты канца 1943 — пачатку 1944 гадоў былі прасякнуты песімізмам, асуджанасцю, расчараваннем у выбраным шляху.

У лістападзе 1943 года Іван Шнігер зайшоў у рэдакцыю «Беларускай газеты» і стрэліў ва ўпор у яе рэдактара. Стрэл пачула Наталля Арсеннева, якая выбегла з суседняга пакоя і закрычала: «Трымайце, трымайце яго! Гэта той бандыт, які забіў Казлоўскага». Але было ўжо позна…

Тысячы беларусаў праводзілі ў апошні шлях здольнага грамадскага дзеяча, палітыка і літаратара. Часопіс «Новы шлях» адзначыў тады, што Уладзіслаў Казлоўшчык «стаўся чарговай ахвярай бандыцкага тэрору на Беларусі і загінуў як жаўнер пры спаўненні сваіх абавязкаў». А беластоцкая газета «Новая дарога» 12 снежня 1943 года пісала: «Дня 13 лістапада 1943 года ў Мінску, пры выкананні сваіх нацыянальных абавязкаў трагічна загінуў ад рук нікчэмных бальшавіцкіх бандытаў рэдактар «Беларускай газеты» Уладзіслаў Казлоўскі... Паховіны адбыліся дня 22 лістапада на Кальварыйскіх каталіцкіх могілках у Мінску. Падаючы гэтыя сумныя факты да ведама грамадзянства, рэдакцыя «Новай Дарогі» выказвае сваё глыбокае спачуццё асірочанай сям’і нябожчыка».

Сапраўды, Уладзіслава Казлоўскага пахавалі на Кальварыйскіх могілках. Але, на жаль, магіла яго згубілася. Адзіны сведка, хто мог бы сёння падказаць, дзе пахавалі Казлоўскага, — Антон Шукелойць, які жыве ў ЗША.

Уладзіслаў Казлоўскі заўсёды смела і аддана заклікаў свой народ ісці шляхам змагання, а тых, хто «на печы ў кажуху» сядзіць, «хай волі гром грыміць і будзіць, што дрэмлюць». Паэт шчыра верыў у Беларусь, а таксама спадзяваўся, што «прыйдзе той час — да сваіх я вярнуся і ў Маткі я Роднай кутка папрашу».