Вільня як разменная манета
Бальшавіцкая Расія заключыла з Літоўскай Рэспублікай мірную дамову, паводле якой старажытная сталіца Вялікага княства Літоўскага з часткай тэрыторыі былі перададзены літоўцам. Было гэта 97 гадоў таму, 12 ліпеня 1920 года.

Дамова паміж Літвой і РСФСР 1920 г.
Геапалітычныя гульні
Пасля распаду імперыі Раманавых шматлікія краіны Усходняй Еўропы заявілі пра сваю незалежнасць. Не выключэннем стала і Беларусь. Аднак адстаяць сваю самастойнасць Беларускай Народнай Рэспубліцы не ўдалося. 5 студзеня 1919 года ў Вільні стаялі часткі Чырвонай Арміі, праз некалькі месяцаў старажытны горад быў ужо ў руках палякаў. Тут у красавіку 1919 года «начальнік польскай дзяржавы» Юзаф Пілсудскі звярнуўся да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага.
За месяц да гэтага Другая Рэч Паспалітая і Літва заявілі аб сваіх правах на Віленшчыну на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Аднак у Коўна шансаў на падтрымку з боку Францыі было мала. Парыж разглядаў літоўскія землі як частку Расіі, а з Польшчай ён размаўляў як з роўнай. Лондан схіляўся да падтрымкі літоўскай незалежнасці. Больш за тое, у аналітычнай запісцы МЗС Вялікабрытаніі таго часу ўсходняя мяжа Польшчы пазначалася ля Сувалак, Горадні і праходзіла праз раку Заходні Буг да Галіцыі. Аднак французы лічылі незалежнасць Літвы «германскай інтрыгай» і не да канца давяралі Коўна.

Чырвонаармейцы ў Мінску, 1920 г.
Летам 1920 года сітуацыя змянілася. Чырвоная Армія выбіла польскія войскі з Беларусі і імкліва наступала на Захад. Пры гэтым бальшавікі імкнуліся заручыцца падтрымкай Літвы ў вайне з Польшчай і афішавалі ідэю аб прызнанні літоўскіх правоў на Віленшчыну.
10 ліпеня 1920 года была заключана дамова паміж Другой Рэччу Паспалітай і саюзнымі дзяржавамі, паводле якой палякі павінны былі перадаць Віленшчыну пад часовае кіраванне Літве. Аднак гэтае пагадненне так і не было выканана.

Афіцэры літоўскага войска, 1920 г.
Спробы дамовіцца
Увесну 1920 года Коўна накіравала ўраду РСФСР прапанову пра заключэнне мірнай дамовы, галоўнай умовай якой было б прызнанне бальшавікамі незалежнасці Літвы і ўваход у яе склад не толькі літоўскіх, але і часткі беларускіх тэрыторый. У адказ бальшавіцкі наркам Рыгор Чычэрын прапанаваў вызначыць «нацыянальную прыналежнасць таго ці іншага горада» на адмысловай канферэнцыі.

Мапа баявых дзеянняў 1920 г.
Адзін з чальцоў літоўскай дэлегацыі ў Маскве пісаў міністру замежных спраў Літвы:
«Рускія прынцыпова не могуць задаволіць нашых патрабаванняў, бо ў Лідскім, Ашмянскім і асабліва ў Гарадзенскім паветах, без усялякага сумнення, пражывае значная колькасць беларусаў і рускіх. Трываласць бальшавіцкай пазіцыі заключаецца яшчэ і ў тым, што ў адносінах да Лідскага, Гарадзенскага і Ашмянскага паветаў у нас, сапраўды, няма ніякіх этнаграфічных доказаў». Бальшавікі разумелі, што літоўцам як паветра трэба міжнароднае прызнанне іх незалежнасці, і спрабавалі прымусіць Коўна заключыць з імі ваеннае пагадненне. Літоўскі бок адказваў, што можа разгледзець перспектыву вайсковага саюзу, але толькі пасля заключэння мірнага пагаднення.
Што было ў дакуменце
Сітуацыя ў рэгіёне непакоіла Захад, які баяўся бальшавіцкай экспансіі ў Еўропу. Літва ўзяла тайм-аўт у перамовах да чэрвеня. Урэшце, 12 ліпеня 1920 года ў Маскве была заключана мірная дамова паміж Расіяй і Літвой.
У маёй калекцыі ёсць унікальнае выданне: «Зборнік дзеючых дамоў, пагадненняў і канвенцый, заключаных РСФСР з замежнымі дзяржавамі», выдадзены ў 1922 годзе. У гэтай кнізе змешчана і бальшавіцка-літоўская дамова.
Прывядзем вытрымкі з гэтага дакумента:
«Зыходзячы з абвешчанага РСФСР права ўсіх народаў на вольнае самавызначэнне аж да поўнага аддзялення ад дзяржаў, у якіх яны ўваходзяць, Расія безумоўна прызнае самастойнасць і незалежнасць Літоўскай дзяржавы з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі. [...] Дзяржаўная мяжа паміж Расіяй і Літвой праходзіць: пачынаючы ад месца ўпадзення ракі Гараднянкі ў раку Бобр у 2 вёрстах на ўсход ад вёскі Чарныляс па рацэ Гараднянцы паміж вёскамі Хмельнікі і Хмелеўка і вёскамі Ляўкі і Вольша; адтуль у накірунку да паўднёвага боку вёскі Весялова; адтуль па безыменнаму прытоку ракі Каменнай. Далей у верх па цячэнні ракі Каменнай. [...] Далей па рацэ Індурка, міма вёскі Лужкі, міма мястэчка Індура, міма вёскі Пракаповічы, міма вёскі Белява, далей па рацэ Лашанцы, міма вёскі Баброўнікі і далей да ўпадзення гэтай ракі ў Свіслач. Далей па рацэ Свіслач да ўпадзення яе ў раку Нёман; адтуль па рацэ Нёман да вусця ракі Бярэзіна, па рэках Бярэзіна, Іслач і Валожынка, па заходнім баку мястэчка Валожын. [...] Мяжа перасякае чыгуначны вузел так, што чыгуначная лінія Вільня—Маладзечна—Ліда застаецца на літоўскай тэрыторыі, а чыгуначная лінія Вілейка—Маладзечна—Мінск — на расійскай тэрыторыі».
То бок, бальшавікі пагадзіліся аддаць Літве значную частку этнічна беларускіх тэрыторый з Гродна, Шчучынам, Ашмянамі, Смаргонню, Браславам, Лідай, Паставамі. Аднак бальшавікі не адмовіліся і ад ідэі беларускай рэспублікі.
16 ліпеня ў Маскве прынялі рашэнне аб фармаванні Беларускага рэўкома, а 31 ліпеня ў Мінску адбылося паўторнае абвяшчэнне ССРБ (Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі), якая на той момант складалася з 6 паветаў Мінскай губерні.
Паводле бальшавіцка-літоўскай дамовы, канчатковую мяжу паміж краінамі павінна была правесці змяшаная камісія. Саветы і літоўцы планавалі заключыць асобнае пагадненне наконт арганізацыі памежнай аховы. Бакі дамаўляліся не арганізоўваць на сваіх тэрыторыях атрадаў, якія б вялі ўзброеную барацьбу супраць аднаго з бакоў — падпісантаў дамовы. Расія прызнавала літоўскае грамадзянства, а таксама абавязалася вярнуць Літве ўсе бібліятэкі, архівы, музеі, мастацкія творы і іншую маёмасць, якая была вывезена з літоўскай тэрыторыі падчас Першай сусветнай вайны.

Жаўнеры літоўскага войска 1919 г.
Цікавы момант: у дакуменце падрабязна прапісвалася лінія дзяржаўнай мяжы паміж Літоўскай Рэспублікай і РСФСР, аднак нідзе не згадваецца права Літвы на Вільню.
Вырашэнне лёсу Вільні
Кіраўніцтва БНР 22 ліпеня 1920 года накіравала ў Маскву, Коўна, а таксама заходнім саюзнікам ноту пратэсту, у якой падкрэслівалася, што «ўмовы літоўска-бальшавіцкага міра парушаюць самым грубым чынам нацыянальныя, культурна-эканамічныя і суверэнныя правы беларускага народа, бо гэты мір заключаны за кошт гістарычных і этнаграфічных беларускіх земляў».
У гэты ж час урад Другой Рэчы Паспалітай накіраваў у Коўна ліст, у якім прызнаваў літоўскі ўрад. Аднак літоўцаў цікавіла толькі «Віленскае пытанне», наконт якога Варшава маўчала.

Жаўнеры Чырвонай Арміі
У гэты ж час у Вільню ўвайшоў… 3-ці кавалерыйскі корпус Чырвонай Арміі пад камандаваннем Гаі Гая. (6 жніўня 1920 года ў Коўна была падпісана бальшавіцка-літоўская канвенцыя аб вывадзе рускіх войскаў з тэрыторыі Літвы. 27 жніўня 1920 года літоўскія часткі ўвайшлі ў старажытную сталіцу ВКЛ.
За 10 дзён да гэтага Чырвоная Армія атрымала цяжкую паразу пад Варшавай. «Цуд над Віслай» паставіў крыж на рэалізацыі бальшавіцкіх планаў сусветнай рэвалюцыі ў Еўропе.

Міхаіл Тухачэўскі і яго войска
Літва накіравала ў Варшаву ноту, у якой падкрэслівала свой нейтралітэт у польска-бальшавіцкай вайне. 26–31 жніўня у Коўна адбыліся польска-літоўскія перамовы, на якіх палякі ціснулі на літоўцаў у справе заключэння саюза супраць Расіі. Аднак Літва на гэта не пагадзілася. Тады палякі абвінавацілі літоўцаў у тым, што праз літоўскую тэрыторыю адступаюць бальшавіцкія часткі, інтэрнаваныя ва Усходняй Прусіі.
У жніўні-верасні 1920 года ўзброеныя сілы Літвы спрабавалі выцесніць часткі Войска Польскага з Сувалак. Гэта прывяло да кровапралітных баёў паміж палякамі і літоўцамі. 7 кастрычніка 1920 года ў Сувалках было падпісана польска-літоўскае пагадненне аб перамір’і.

Літоўскі бронецягнік, 1920 г.
А ўжо ў ноч з 8 на 9 кастрычніка 1920 года адбылася падзея, якая цалкам перакрэсліла сэнс бальшавіцка-літоўскай мірнай дамовы. Паводле тайнага распараджэння «начальніка польскай дзяржавы» Юзафа Пілсудскага, са складу 1-й літоўска-беларускай дывізіі Войска Польскага была сфармавана вайсковая групоўка (15 393 чалавек) пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага, якая з’імітавала бунт і заняла Вільню. Была ўтворана так званая «Сярэдняя Літва» (частка тэрыторый Ашмянскага, Віленскага і Свянцянскага паветаў). 17 снежня 1920 года кантрольная камісія Лігі Нацый зацвердзіла 10-кіламетровую нейтральную паласу паміж Літвой і Віленскім краем.

Юзаф Пілсудскі прымае парад польскіх войскаў

Польскія жаўнеры ў Беларусі, 1920 г.
Спрэчная тэрыторыя
Што ж у гэтай сітуацыі рабілі беларусы? 11 лістапада 1920 года Урад БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім заключыў пагадненне з Літвой аб вайсковым і палітычным супрацоўніцтве супраць Польшчы. У канцы лістапада 1920 года сітуацыю вакол Віленскага краю разгледзеў Савет Лігі Нацый і прапанаваў правесці плебісцыт пад кантролем наглядальнікаў і вайсковых кантынгентаў трэціх краін, аднак гэтая прапанова так і засталася на паперы.

Літоўскія жаўнеры
У лютым 1921 года МЗС Літвы абяцала, што «ў будучым можа быць створана беларуская палітычная адзінка ў федэратыўнай сувязі з Літвой». А вось прыхільнікі Найвышэйшай Рады БНР падтрымалі польскую аперацыю Жалігоўскага. І нават занялі месцы ва ўрадзе «Сярэдняй Літвы».

Артылерысты Войска Польскага
18 сакавіка 1921 года ў Рызе была заключана мірная дамова паміж РСФСР, УССР з аднаго боку і Польскай рэспублікай. Гэты дакумент завяршыў кровапралітную польска-бальшавіцкую вайну, у выніку якой Заходняя Беларусь засталася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. А 20 лютага 1922 года Віленскі сейм адзінагалосна прагаласаваў за ўваход «Сярэдняй Літвы» ў склад Другой Рэчы Паспалітай, што і адбылося ў красавіку таго ж года. У 1926 годзе ў складзе Польшчы з’явілася новае ваяводства — Віленскае.
У 1923 годзе ўрад БНР пераехаў з Коўна ў Прагу. Амаль да пачатку Другой сусветнай вайны паміж Варшавай і Коўна не было дыпламатычных стасункаў. Яны былі адноўлены толькі ў 1938 годзе. У верасні 1939 года гэта выратавала значную колькасць жаўнераў і афіцэраў Войска Польскага, якія адступілі на літоўскую тэрыторыю і былі інтэрнаваныя. Ну і, нарэшце, у кастрычніку 1939 года Іосіф Сталін «перадаў» Віленскі край Літве.

Чырвонаармейцы
Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава