Эрвін Кашмідэр — апякун беларускіх студэнтаў

Кашмідэр вельмі сімпатызаваў поглядам беларускіх студэнтаў, заўсёды праяўляў цярпенне і непрадузятасць у розных ідэйных спрэчках. Яго рашэнні прызнаваліся большасцю сяброў Беларускага студэнцкага саюза аб’ектыўнымі і справядлівымі.

Беларускі студэнцкі саюз. У другім радзе чацвёрты справа Эрвін Кашмідэр, 1930-я гады

Беларускі студэнцкі саюз. У другім радзе чацвёрты справа Эрвін Кашмідэр, 1930-я гады


У адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай ад 18 сакавіка 1921 года, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Польшча павінна была забяспечыць свабоднае развіццё беларускай культуры, мовы, даць мажлівасць арганізоўваць беларускія школы — як пра гэта гаварылася і ў Канстытуцыі Польшчы ад 21 сакавіка 1921 года.

Аднак на справе гэта не выконвалася. Улады Рэчы Паспалітай, наадварот, займаліся дыскрымінацыйнай палітыкай да насельніцтва Заходняй Беларусі.

Найбольш дыскрымінацыя закранула асвету, навуку і культуру. 31 ліпеня 1924 года ў сейме быў прыняты закон, у адпаведнасці з якім асноўным тыпам школы навучання стала двухмоўная. Школы нацыянальных меншасцей зачыняліся, і ў выніку ў Заходняй Беларусі працавала 4421 агульная польская школа.

Беларускіх жа школ у 1934 годзе засталося толькі 16. У 1938–1939 навучальным годзе іх не стала зусім. Дзейнічала толькі адна беларуская гімназія ў Вільні, і не было ні адной беларускай вышэйшай навучальнай установы.

Аднак і ў такіх неспрыяльных умовах насельніцтва Заходняй Беларусі імкнулася развіваць сваю асвету, навуку і культуру. Юнакі і дзяўчаты хацелі вучыцца, яны паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Варшавы, Коўна, Прагі, Вільні. Там яны стваралі беларускія арганізацыі, таварыства і саюзы.

1 снежня 1921 года ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя стварыўся Беларускі студэнцкі саюз (БСС). За ўвесь час існавання сябрамі БСС лічылася каля 300 студэнтаў, куратарамі БСС былі вельмі паважаныя прафесары. З першага дня і да сярэдзіны 1932 года Беларускім студэнцкім саюзам апекаваўся прафесар неўралогіі Станіслаў Уладычка. Але падчас унутранага ідэалагічнага крызісу ў саюзе ён адмовіўся ад куратарства. З чэрвеня 1932 года да сярэдзіны 1939 года функцыі куратара выконваў нямецкі славіст, філолаг, музыкант, прафесар Эрвін Кашмідэр (1896–1977).

Эрвін Кашмідэр аддана любіў беларускіх студэнтаў у Вільні, а яны былі ад яго ў захапленні. Прафесар шчыра апекаваўся ўсімі справамі беларускай моладзі, прыкладаў шмат намаганняў, каб паміж студэнтамі ў канфліктных сітуацыях знаходзіць кампраміс, паразуменне і выйсце, якія часам узнікалі сярод асобных сяброў і сярод арганізацый.

Будучы доктарам славістыкі, Эрвін Кашмідэр мог нават з навуковых падыходаў разглядаць беларускае пытанне. Ён заўсёды і вельмі актыўна наведваў розныя студэнцкія беларускія мерапрыемствы, пасяджэнні праўлення арганізацыі, перажываў і радаваўся праблемам і поспехам беларускіх студэнтаў. Ён любіў фатаграфавацца з беларусамі, таму да сённяшніх дзён захавалася з віленскага перыяду другой паловы 1930-х гадоў шмат здымкаў, дзе беларусы — разам са сваім любімым куратарам.

Кашмідэр вельмі сімпатызаваў поглядам беларускіх студэнтаў, заўсёды праяўляў цярпенне і непрадузятасць у розных ідэйных спрэчках. Яго рашэнні прызнаваліся большасцю сяброў Беларускага студэнцкага саюза аб’ектыўнымі і справядлівымі.

Да беларускай моладзі прафесар ставіўся з цеплынёй і светлымі пачуццямі. Ён адчуваў час і добра ведаў тыя ўмовы, у якіх жылі і вучыліся беларускія хлопцы і дзяўчаты. Куратар ніколі не парушаў студэнцкага самакіравання і не ўмешваўся ў самадзейную працу студэнтаў. Але ён ім дапамагаў, прапаноўваў, абараняў. Апекаваў Эрвін Камшмідэр не толькі студэнтаў Віленскай беларускай гімназіі, але і Віленскага ўніверсітэта. У 1931 годзе там паўстала «Таварыства прыяцеляў беларусаведы». А праз два гады гэта таварыства было зацверджана сенатам універсітэта. Яго куратарам таксама быў прызначаны Эрвін Кашмідэр.

Эрвін Кашмідэр

Эрвін Кашмідэр

Антон Шукелойць прыгадвае: «Па славянскай філалогіі прафесарам быў немец Кашмідэр, якога палякі запрасілі ва ўніверсітэт. Вялікі прыяцель беларусаў, ён быў апекуном нашых беларускіх арганізацый ва ўніверсітэце. Усе арганізацыі ва ўніверсітэце мелі сваіх апекуноў, якія перад адміністрацыяй універсітэцкай былі адказныя за дзейнасць дадзеных арганізацый. У гімназіі я вучыў французскую мову і нават матуру здаваў з французскай. Калі паступіў на філалогію, прафесар Кашмідэр сказаў: «Як вы будзеце з філалогіяй, калі не ведаеце нямецкай мовы?» У тыя міжваенныя часы найвышэй славянскія навукі існавалі ў Нямеччыне. Асноўная граматыка на славянскай мове — гэта лексіка. Таму мусіў я вывучаць нямецкую мову, як лектарат. Гэта не тое, што ў гімназіі. Тут яе вывучалі, каб карыстацца навуковай літаратурай. Ва ўніверсітэце я быў на сваім месцы. Этнаграфію я студыяваў. Потым прафесар перацягнуў на этнаграфію яшчэ цэлы шэраг людзей, якіх ён ведаў: найперш, літоўца Ёзаса Альдуліса, камуніста, ён выцягнуў яго з турмы. Пасля з прыродазнаўчага факультэта перацягнуў Цітовіча…»

Эрвін Кашмідэр (і гэта немалаважны факт) з беларускімі студэнтамі заўсёды размаўляў па-беларуску. Ён добра ведаў беларускую, польскую, украінскую, рускую мовы. Як піша гісторык Уладзімір Ляхоўскі ў сваёй кнізе «Ад гоманцаў да гайсакоў», Кашмідэр у 1937–1938 навучальным годзе на кафедры славянскай філалогіі Віленскага ўніверсітэта распрацаваў 20-гадзінны спецкурс беларускай мовы, які чытаў студэнтам свайго аддзялення. Ён шчыльна супрацоўнічаў у гэтым пытанні з Янкам Станкевічам, які меў на гэтым аддзяленні лектарат беларускай мовы.

Добра і шчыра прыгадваў пра Эрвіна Кашмідэра і беларускі грамадскі актывіст у тыя часы ў Вільні Мар’ян Пецюкевіч. Пецюкевіч згадаў, што прафесар Кашмідэр некалькі гадоў быў дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі імя Урублеўскіх у Вільні. Мар’ян Пецюкевіч туды дастаўляў беларускую літаратуру з БССР. «Эрвін Кашмідэр не хадзіў мне па пятах, што і давала мне адвагі «падкормліваць» сваіх нелегальных чытачоў савецкай літаратурай. Але за пару гадоў перад пачаткам Другой сусветнай вайны становішча пагаршалася і змушала мяне да большай асцярожнасці», — пісаў Пецюкевіч у сваіх успамінах пра Віленскі музей, якія былі апублікаваны ў часопісе «Спадчына».

Злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч, 1932 г.

Злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч, 1932 г.


У Вільню Эрвін Кашмідэр трапіў з Вроцлаўскага ўніверсітэта. Аднойчы прафесар Атрэмскі, вучань Карскага, пачуў на славянастычным з’ездзе даклад дацэнта Кашмідэра па польскай граматыцы (стылістыцы) і запрасіў яго выкладаць славянскую філалогію ў Вільню. Кашмідэр пагадзіўся. Да гэтага запрашэння немец вывучаў класічную філалогію, славістыку і санскрыт у Вроцлаўскім універсітэце. Там абараніў доктарскую дысертацыю.

У 1938 годзе Кашмідэра тэрмінова адклікалі з Вільні, і ён выехаў у Нямеччыну. Падчас вайны яго мабілізавалі ў нямецкую армію афіцэрам сувязі. А калі вярнуўся з вайны, жыў у Мюнхене. У Мюнхенскім універсітэце ўзначальваў кафедру славянскай філалогіі на філасофскім факультэце. Там і адпрацаваў да пенсіі. Быў сябрам Баварскай акадэміі навук, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Аўстрыі.

Кашмідэр усё жыццё шчыра любіў беларусаў і ўкраінцаў. З украінцамі ён наладжваў розныя навуковыя канферэнцыі, сустрэчы, прэзентацыі. Ім напісана шмат даследчых прац, у якіх ніколі не мінаў беларусаў і беларускай мовы. Пра прафесара заўсёды пісалі, што ён на сваёй пасадзе і, дзякуючы сваім навуковым працам, набыў вялікі давер. Ён даследаваў скрыжаванне літоўскіх, беларускіх і польскіх інтэлектуальных плыняў…

Пасля таго, як Кашмідэр пакінуў Вільню, рашэннем сената і рэктара Віленскага ўніверсітэта ад 23 чэрвеня 1939 года куратарам беларускіх студэнтаў у Вільні быў прызначаны мастак Ежы Гапен — дацэнт факультэта мастацтваў гэтага ўніверсітэта. Але пан Гапен не змог так, як Кашмідэр, унікнуць у справы беларускіх студэнтаў і свядома паўплываць на іх.

Дый хутка пачалася Другая сусветная вайна.