Ганна Смілевіч: «Не адлічылі б на гэтай сесіі, адлічылі б на наступнай…»
Гісторыя крохкай дзяўчыны, кіраўніцы Моладзі БНФ, якую выключылі з журфаку БДУ, ускалыхнула медыяпрастору. Ці чакала яна таго адлічэння? Як ставіцца да крытычных каментароў у сацсетках? Ці збіраецца ехаць вучыцца за мяжу? Каб разабрацца ў гісторыі, мы вырашылі сустрэцца з Ганнай асабіста.
![img_8827_logo.jpg img_8827_logo.jpg](/img/v1/images/img_8827_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
18-гадовая Ганна вучылася на другім курсе журфаку на бюджэтнай форме. Прыкладна месяц таму яе абралі кіраўніцай Моладзі БНФ і вось, ужо на зімовай сесіі, пачаліся праблемы. Дзяўчына атрымала пераздачы па трох прадметах падчас іспытаў, што ёсць аўтаматычнай падставай для выключэння. Такім чынам, Ганна паўтарыла лёс фактычна ўсіх ранейшых кіраўнікоў арганізацыі, якіх у розныя часы выключалі з беларускіх ВНУ.
— Ці былі ў вас раней праблемы на вучобе з-за палітычнай дзейнасці?
— Да гэтай сесіі ніякіх праблемаў не было. Ані разу не было пераздачаў экзаменаў. Усё заўжды здавала ў тэрмін. Такім чынам, праблемы пачаліся адно пасля абрання мяне кіраўніком Моладзі БНФ.
— То бок, вы адназначна звязваеце гэта з палітычнай дзейнасцю?
— Ну… Напэўна. Канешне, я не была ідэальна падрыхтаваная да экзамену. Але я цудоўна ведаю прыклады, калі студэнт мае па тры пераздачы, але яго ніхто не выключае — на тым жа журфаку. З намі на першым курсе вучылася дзяўчына, у якой наогул было чатыры пераздачы. І яе адлічылі толькі таму, што яна іх так і не пераздала, але мела шанец. Мне шанцу не пакінулі.
![img_8866_2_logo.jpg img_8866_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_8866_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Магчыма, з выкладчыцай прафесійнай этыкі журналіста, якая вас «заваліла», вы мелі нейкія асабістыя канфлікты?
— Не, ніколі. Калі трэба было адказваць па білеце, я ўсё адказала. Патрэбныя былі яшчэ канспекты, у прыватнасці, канспект «Кодэксу аб СМІ». Я і гэта прынесла, у мяне ўсё было. Але пасля пачаліся дадатковыя пытанні, нават не датычныя да прадмету… Я не адказала.
— А што за гісторыя з дыктафонам?
— Так, яна заявіла, што вяла дыктафонны запіс экзамену. Магчыма, гэта не законна і дакладна не этычна, хоць гэта акурат выкладчыца этыкі…
— А вы ведалі, што ідзе запіс? Наогул пра такую практыку ў сваім ВНУ чулі?
— Не, яна нікога аб гэтым не папярэджвала.
— Дык можа варта вам, як грамадскаму актывісту, падняць тэму парушэння правоў студэнтаў?
— Мы яшчэ гэта не абмяркоўвалі, магчыма, сапраўды варта так зрабіць.
![img_8828_logo.jpg img_8828_logo.jpg](/img/v1/images/img_8828_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Наогул, абіраючы такую спецыяльнасць, вы марылі стаць журналістам?
— Не, не планавала. Мне наўпрост цікава было вучыцца, ну і пісаць у мяне атрымліваецца. Выкладчыкі, якія чыталі мае матэрыялы, казалі, што пішу добра. Давучыўшыся да другога курсу, я адчула нейкае расчараванне… Шмат хто з аднагрупнікаў ужо таксама перадумаў быць журналістам.
— Што далей плануеце? Перапаступаць, неяк аднаўляцца, судзіцца?
— Напэўна, будзем судзіцца. У нейкай ступені добра, што ў мяне з’явіўся вольны час, каб займацца Моладзю БНФ. Пазней ужо падумаю пра вучобу.
— Магчымасць вучобы за мяжой вы разглядалі?
— Я б усё ж хацела вучыцца ў Беларусі. На дадзены момант з’язджаць на вучобу за мяжу не збіраюся — толькі ў скрайнім выпадку.
— Ці часта адлічаюць з вучобы прадстаўнікоў вашай арганізацыі?
— Юрася Лукашэвіча, былога лідара Моладзі, таксама адлічылі. Раней адлічылі Багдана Сакалова, таксама з журфаку. Яшчэ раней адлічылі Франака Вячорку… Такі лёс усіх лідараў Моладзі БНФ.
![img_8833_1_logo.jpg img_8833_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_8833_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Можаце распавесці пра дзейнасць Моладзі БНФ?
— У нас распрацаваны план на год. Будзе некалькі буйных кампаніяў, мы ўжо пачалі працу па іх. Сярод прыярытэтаў – развіццё міжнароднай супрацы, праца ў рэгіёнах, прыцягненне новых актывістаў…
— А да 100-годдзя БНР нешта будзе?
— Так, ужо пачалі.
![img_8840_1_logo.jpg img_8840_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_8840_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Наколькі балючыя для вас крытычныя каментары ў інтэрнэце, кшталту, «трэба было вучыцца…»?
— Я зараз наогул не чытаю каментароў. Першае маё інтэрв’ю было для «Нашай Нівы», яго шмат абмяркоўвалі. Тады я чытала, там было шмат негатыву. Не скажу, што мяне гэта моцна засмуціла, але паўсюдна пішуць тое самае — дык навошта гэта чытаць?
— Сама сітуацыя з адлічэннем сталася для вас нечаканасцю, ударам?
— Не, я чакала адлічэння. Загадзя мяне папярэджвалі калегі з арганізацыі, той жа Юрась Лукашэвіч. Таму, калі б не адлічылі на гэтай сесіі — адлічылі б на наступнай. Унутрана я была падрыхтаваная. Акрамя крытыкі я чула і шмат словаў падтрымкі: і ад партыйцаў, і ад аднагрупнікаў.
— А як бацькі паставіліся?
— Нармальна, адэкватна. Маці ад пачатку казала, што так будзе, але з разуменнем, маўляў, я сама выбрала свой шлях. Гэта быў фактычна выбар паміж палітыкай і журналістыкай. Значыць, трэба гэтага выбару трымацца і не распыляцца. У гэтым годзе для мяне галоўнае — Моладзь БНФ. На далёкую перспектыву пакуль нічога не планую: калі багата наплануеш ці марыш, можа не здзейсніцца. Калісьці ж планавала быць журналістам… і вось.
![img_8888_logo.jpg img_8888_logo.jpg](/img/v1/images/img_8888_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Нешта хочаце пажадаць выкладчыцы, праз якую вас выключылі?
— Я нічога не маю супраць яе асабіста. Крыўдна, хутчэй, што ў нашых ВНУ працуе такая сістэма: заахвочванні, калі ты ў БРСМ, і стварэнне штучных праблемаў, калі ты, напрыклад, у Моладзі БНФ. Так быць не павінна, я ў гэтым перакананая.
Фота Аляксандры Сергеевіч