ЯК СПРАВЫ? з Ангусам: З рок-н-ролам не атрымаецца зрабіць план на пяцігодку
Напачатку 1990-х слова «Ангус» у беларускіх аматараў металу асацыявалася спачатку з нашым суразмоўцам, а ўжо потым са знакамітым гітарыстам гурта AC/DC. Сённяшні госць рубрыкі «Як справы?», без перабольшання, легенда метал-сцэны не толькі беларускай, але і амаль усёй постсавецкай прасторы, лідар піянераў беларускага трэш-металу гурта «Тарнада» — Андрэй «Ангус» Піпко.
— Такім чынам, як справы?
— Не ведаю, як гэта патлумачыць, але неяк пасярэдзіне — ні тое ні сёе. З аднаго боку, канцэртаў няма, але ж робім нейкім запісы. З іншага боку — рабіць няма чаго, няма куды хадзіць ці ездзіць. Такі рок-н-рол у падполлі. Ёсць зараз некалькі твораў, займаемся імі, спрабуем, можа, атрымаць нейкую адтуліну. Вельмі шмат камандаў паразвальвалася, музыкі з'ехалі, канцэртаў амаль няма... Пандэмія таксама ж гэтая. Ёсць надзея, што можа на Захадзе нешта пойдзе вясной.
— Напрыканцы 1990-х «Тарнада», якое на той час разам з «Exhumator» з'яўлялася візітоўкай беларускай метал-сцэны, раптам знікае. Што адбылося?
— Дык час які быў?! Усё павалілася, трэба было неяк на жыццё зарабляць. Адзін гітарыст наш падаўся ў «бізнес», другі... На музыку ўжо часу не заставалася. Я не мог тады ў Польшчу ездзіць, гандляваць там чымсьці — ну, не маё гэта! Я не гандляр ані разу, хаця габрэйскія карані нейкія ёсць. Але ж, як выявілася пазней, гандлявацца я вельмі люблю і маю здольнасці. Тагачасная мая грамадзянская жонка — вакалістка — дапрацавала кантракт у Бахрэйне, вярнулася і прапанавала мне ехаць з ёй. Я тады пакруціў пальцам ля скроні, кшталту: «Ты што, зусім таго? Я вядомы металіст. Мяне ведаюць амаль па ўсім былым Саюзе, і я паеду зараз з дзеўкамі ў папсу нейкую гуляць?».
Але праз месяцы тры я зразумеў, што тут усё, і тады сказаў ёй тэлефанаваць агенту. І мы паехалі. Спачатку я быў дырэктарам іх гурта, кантраляваў кантракты, выступленні і г. д. Нават падчас выступаў сядзеў за клавішамі, хаця ніколі на іх не граў (смяецца). Пасля заканчэння кантракту вярнуўся дадому, мне тэлефануе агент і кажа: «Ёсць праца! Трое дзяўчат і ты. Але тут такая невялікая праблемка — трэба ехаць у Пакістан». А мне якая розніца, куды ехаць? Не, я вярнуўся з грашыма, але ж надоўга іх не хопіць, тут працы зусім няма. Вось і пагналі зноў. Тры месяцы тады там кайфавалі ў «Marriott» у Карачы. Потым была доўгая праца ў Дубаі ды Бахрэйне ў складзе кавер-гурта, а потым мяне гэта трошкі задзяўбло і я перайшоў на менеджарскую працу. Па розных установах яшчэ гады 3-4 рабіў.
— А чаму вырашыў вярнуцца?
— Праца менеджара — гэта 16 гадзін з тэлефонам. Дадому прыходзіш толькі паесці і паспаць. Прыходзіш — ужо цёмна, прачынаешся — яшчэ цёмна. Літаральна жывеш, каб працаваць. Стомленасць каласальная.Ну і падалося, што сітуацыя спрыяльная. Я вырашыў зрабіць сваю аграсядзібу. На Бліжнім Усходзе я вельмі моцна «падсеў» на бараніну, хаця дагэтуль яе не выносіў, і ў мяне з'явілася ідэя гадаваць тут новазеландскіх баранаў. Дом, які я купіў тады ў Налібоцкай пушчы, ідэальна падыходзіў да маіх планаў, да таго ж там такі паўмёртвы хутар, які цягам часу можна было выкупіць цалкам. Але не склалася... Як амаль заўсёды ў Беларусі — бярэш партнёра ў бізнес, значыць, нешта пойдзе не так. Шмат жа разоў ужо сабе казаў ні з кім не звязвацца партнёрствам, рабіць самому. Пазычыў чалавеку буйную суму грошай, якія былі на развіццё — дагэтуль не вярнуў. Там я і кемпінг планаваў зрабіць для турыстаў, фестываль зладзіць пазней... Так вось і прыйшлося вяртацца да музыкі.
— То-бок, спачатку ты да музыкі вяртацца не планаваў?
— Не, я пра гэта не думаў. Насамрэч на той час мне музыка ўжо надакучыла — я пра каверы зараз. Канечне, было жаданне зрабіць штосьці з «Тарнада», але тады гітарыст яшчэ не, як кажуць, «аддупляў», а ён менавіта адзіны ў краіне, хто робіць рыфы. Больш ніхто не можа, граць развучыліся. Басіст быў, мы з ім зрабілі нават некалькі сур'ёзных рэчаў не зусім у трэш-стылістыцы, але потым ён з'ехаў працаваць у Кітай. Ну а дзесьці з 2018-га робім з «Тарнада». Першы альбом рыхтавалі 6 гадоў, зараз таксама штосьці шліфуем, падчышчаем. Цяпер прасцей — дома сядзі і запісвай, звадзі. Хочацца ўжо калі выдаць, дык нешта такое смачнае.
— Што тычыцца праекта «Dr. Jack». Чаму менавіта каверы? Ці гэта нейкае рэха тваёй працы на Блізкім Усходзе?
— Ну так, канечне. Увогуле я гэтым там і зарабляў. Спачатку я не планаваў збіраць поўны склад гурта, мог працягваць катацца з дзяўчынкамі ў якасці дырэктара. Хацеў прывезці туды «Краму» — у іх быў поўны склад, была праграма з кавераў, але не склалася, бо патрэбна было добрае дэма з відэа, каб размаўляць з агентамі. Так я зразумеў, што трэба збіраць штосьці свае.
Калі мы працавалі ў Пакістане, мой агент мне патэлефанаваў і сказаў, што ёсць кантракт на «паўжывы» склад у Дубаі — гітара, клавішы і 2 вакала. Ну, гэта ўжо штосьці было! Я патэлефанаваў Надзёжкіну (Сяргей Надзёжкін, гітарыст «Тарнада» — НЧ), ён узяў Леончыка (Андрэй Леончык, клавішнік гурта «Крама» — НЧ). Спачатку гралі ў невялікім англійскім пабе ў Дубаі. Там нас убачыў адзін індус — уладальнік вялікага клуба ў Бахрэйне. Мы яму вельмі спадабаліся, і ён запрасіў нас граць у сваім клубе. Тады ж да нас далучыўся наш бубнач Ігар Маскаленка. Індусы, дарэчы, вельмі любяць рок, хард-рок, хэві. Я пра гэта толькі там даведаўся. Раней мне здавалася, што індусы гэта такое «Джымі, Джымі, Ача, Ача», але ж не. Калі мы ўбачылі гэты клуб... Калі памятаеце такі «Бронкс» у Мінску, то там быў клуб удвая большы. Мала таго, гэты клуб знаходзіўся метрах у 300 ад амерыканскай ваеннай базы і, дарэчы, спецыяльна пабудаваны для гэтых вайскоўцаў. Ну і, канечне, усе новыя твары ў наваколлі «пад падазрэннем». Рускіх туды б не пусцілі ніколі, але яшчэ ў Дубаі гэты індус распрацаваў легенду, што мы нібыта галандцы, і так яно і прайшло. Але ж быў адзін нюанс — не было басіста, бо індус сказаў, што клавішнік ёсць і хопіць, маўляў, «Doors» і без басіста гралі. Так месяц мы неяк адыгралі, а потым гэтыя амерыканцы прыйшлі да індуса і сказалі: «Альбо ты гурт мяняеш, альбо басіста прывозіш, бо бачна ж, што хлопцам без баса ніяк». Гурт мяняць — дорага, да таго ж у Бахрэйн тады ніхто не хацеў ехаць, бо там з Іракам была напружанасць. Праз тыдзень да нас далучыўся наш басіст.
Так мы там два гады і адпрацавалі. Гралі толькі каверы, бо ім патрэбны былі толькі вядомыя песні. Адразу нам дыджэй выдаў спіс твораў, якія мы павінны граць, і гэты спіс рэгулярна дапаўняўся — наш рэпертуар праз два гады складаўся з 1500 песень! Амаль усё, што ты зараз чуеш ад «Dr. Jack», адпрацавана там.
Калі пачалася вайна з Іракам, вядома, мы вярнуліся ў Дубай, і яшчэ гадоў сем там працавалі. Калі прыязджалі сюды, то гралі на адкрыцці «TNT», у «0,5» таксама. Можна было б застацца і граць карпаратывы, але ж гэта трэба скакаць, дамаўляцца. А там было ўсё проста — за цябе ўсе бытавыя праблемы вырашаны, толькі грай!
— Большасць людзей даведалася пра тваё вяртанне менавіта калі ты стаў працаваць арт-дырэктарам у «Грай-кафэ». Што там адбывалася?
— Трэба сказаць, што я застаўся тут яшчэ і з той нагоды, што не губляў надзею прымяніць свае менеджарскія навыкі ў нейкай рэстарацыі, распрацаваць нешта з улікам сваіх ведаў. Пасля адбылося ўсё гэтае з аграсядзібай, і я амаль два гады жыў на хутары, некалькі разоў наведваючы горад. А потым пачалі скончвацца грошы, я вярнуўся ў Мінск, пазнаёміўся з цяперашнім гітарыстам Юрам і мы пачалі шукаць працу. Запісалі відэа на флэшку і хадзілі раздавалі па розных месцах. Так і ў «Грай» зайшлі, з жахам паглядзелі навокал, пакінулі відэа ды пайшлі. Праз некаторы час мне патэлефанаваў Міхаіл Жых, галоўны інжынер «Мінскай спадчыны», і прапанаваў дапамагчы «падняць з руінаў» гэты самы «Грай». А гэта ж мая праца! Мы самі там гралі першы год, зладзілі джазавыя вечары, зрабілі галерэю. «Дударскі клуб» і «Мова нанова» ў нас праходзілі — шмат чаго рабілася, каб пра гэтае кафэ даведваліся і прыходзілі. Так узяўся за гэтую, як потым высветлілася, бесперспектыўную працу. Праблема не толькі ў гэтым кафэ, такая праблема амаль ва ўсіх нашых падобных рэстарацыях: цябе прымаюць на працу, ты робіш нейкія змены і нешта пачынае рухацца, а кіраўніцтва думае, што далей усё пойдзе само сабой, і ты больш не патрэбны. Цяпер там Lidbeer Bar «Легенда»: сцэну добрую зрабілі, 7 залаў працуюць — бачна, што прыйшоў гаспадар.
— Ці можна зараз казаць, што «Dr. Jack» гэта дзеля грошай, а «Тарнада» — дзеля душы?
— Так і ёсць. «Тарнада» ніколі грошай не прыносіла. Можа, калісьці раз-пораз нам долараў 500 заплацілі за канцэрт. Заўсёды паўсюль за свой кошт. Толькі ў 1990-я, калі ездзілі ў Маскву ці Польшчу, нам аплачвалі праезд, жыллё і нейкі ганарар. Гэта было нашае жыццё, мы дзеля гэтага жылі. Я ўсё ж спадзяюся, што мы выдадзім ЕР і штосьці з гэтага атрымаецца.
— На твой погляд, ці застаецца ў наш час зацікаўленасць той музыкай, якую грае «Тарнада»?
— Я не думаю, я ведаю. Зараз мода на гэтую музыку. Я не магу сказаць, што мы граем тое ж самае, што раней, але вельмі падобнае. Думкі ўжо іншыя, мы не слухаем, тое, што раней, новага таксама не слухаем. У Штатах, вунь, «Anthrax», «Sodom», «Exodus» зноў збіраюць стадыёны. У нас наўпрост няма гэтай інфармацыі. Мы не разлічваем на стадыёны, але да клубаў мы гатовыя! У сакавіку можна было б паехаць у тур па Еўропе, але мы згубілі бубнача і трэба шукаць новага.
Выступ на канцэрце памяці Аляксандра Кулінковіча.
У нас ёсць матэрыял, ёсць жаданне, узровень. Нічога не страчана — мы ў тым жа 1991 годзе былі трэцімі на вялікім фэсце ў Маскве «Thrash`em All» і гралі адразу ў фінале. Мусілі граць на тым самым фэсце ў Тушына разам з «Metallica», «AC/DC» і «Pantera», але СССР скончыўся, і ўдзел там маглі браць толькі расіяне. Як «Red Dynamite» выдаваліся на зборніку ў Вялікабрытаніі. Ды шмат чаго было.
— Гледзячы на тое, што было, ты хацеў бы штосьці зрабіць інакш?
— Не, дакладна не. Ты ж, калі штосьці робіш, не ведаеш, што атрымаецца. Робіш таму, што робіш. З рок-н-ролам не атрымаецца зрабіць план на пяцігодку. Не, увогуле нічога б не мяняў! Можа за выключэннем пары-тройкі дробязей, але не ўпэўнены, бо ўсе падзеі паміж сабой вельмі цесна звязаны.
— А з'язджаць не плануеш?
— Вельмі складанае пытанне. Калі будзе магчымасць — з'еду. Шчыра кажучы, мяне тут амаль нічога не трымае. У 1996 годзе падчас «Чарнобыльскага Шляху», у якім я браў удзел, шмат чаго зразумеў. У тым, што зараз адбываецца, асабіста для мяне нічога новага няма. Я стаміўся глядзець на тое, што навокал. Мяне гэта раз'юшвае. Мне больш падабалася прыязджаць сюды як турысту падчас працы за мяжой. І тое — падчас знаходжання тут я на вуліцу практычна не выходзіў: да сваякоў на аўто і дадому, з сябрамі сустракаліся таксама недзе дома. Адзін мой сябар, сын вялікага партыйнага дзеяча, сказаў неяк вельмі дакладна: «Калі прыязджаеш у Беларусь і стаіш на вуліцы — такое ўражанне, што беларусаў адначасова ўсіх абрабавалі». Ён з'ехаў гадоў 15 таму і сказаў гэта гадоў 7-8 таму падчас кароткатэрміновага прыезду. Там адвыкаеш бачыць змрочныя, затурканыя вочы ў чалавека, і калі вяртаешся, гэта вельмі прыгнятае. А калі знянацку дакранешся, то ў гэтых вачах з'яўляецца натуральная злоба, бо ён бачыць, што ў цябе няма такой затурканасці, і яму гэта зусім не падабаецца.
— Ну і амаль традыцыйнае наша пытанне. Давай уявім, што вось заўтра сыдзе кавід і «ўзыдзе сонца». Што ты па-першае і ўвогуле зробіш?
— Пайду балатавацца на пасаду прэзідэнта! (пасміхаецца). Ну а што рабіць? Камусьці ж трэба. У мяне за 15 гадоў у галаве ўжо склалася канцэпцыя дзяржавы на гэтай зямлі. Тут не разумеюць аднаго такога нюанса: беларусы не падыходзяць ні пад які стандарт кіравання. Ані еўрапейскія, ані азіяцкія формы кіравання не працуюць. Беларусам трэба рабіць сваю асобную дзяржаву па сваіх прынцыпах ды законах. Такая сістэма каардынацыйных саветаў на ўзроўні горада ці вёскі, вобласці і гэтак далей, гарызантальная сістэма. Беларусы амаль 30 гадоў жа так ужо жывуць, яны самі сабой кіруюць, шукаюць нейкія шчыліны, каб абысці дурныя законы вертыкалі. Тут павінен быць такі своеасаблівы гібрыд Эміратаў, Швейцарыі і Ісландыі — гэта будзе ідэальна для Беларусі.
Фота аўтара