Юлія Фралова: Касцёл мусіць быць адважным

Аніматар каталіцкай супольнасці «Каштоўная пярліна» Юлія Фралова распавяла НЧ, як сучасныя каталікі ладзяць крыжовы паход, ці лёгка евангелізаваць туркменаў і ці сумяшчальныя вера і палітыка.



fralova1.jpg

Юлія Фралова

Юлія Фралова цяпер жыве і працуе ў Германіі, у горадзе Карлсберг. Там месціцца Міжнародны цэнтр евангелізацыі «Святло-Жыццё». «Каштоўная пярліна» — так называецца беларуская супольнасць гэтага руху, якая існуе ўжо 20 гадоў. Мы сустрэліся з Юліяй падчас яе чарговага прыезду ў Беларусь, дзе таксама адпачываць не даводзіцца. Акрамя актыўнай касцельнай дзейнасці, Юлія ўваходзіць у Раду БХД, удзельнічае ў штовечаровых малітвах за Беларусь ля Чырвонага касцёла ды ў «Марафонах салідарнасці».

— Юлія, свецкія людзі ведаюць аніматараў, якія арганізоўваюць разнастайныя забаўкі на курортах. А хто такі аніматар у Касцёле?

— У «Каштоўнай пярліне» каля дзесяці аніматараў. «Anima» (лац.) — гэта душа. Аніматар — чалавек, які ажыўляе. У нас гэта чалавек, адказны за нейкі кірунак — за музыку, літургію, гаспадарку. У мяне ёсць крыж аніматара, яго калісьці ўручаў апостальскі нунцый у Беларусі Іван Юркавіч. Гэта знак таго, што чалавек прайшоў фармацыю ў супольнасці, пакліканы служыць. Кожны пакліканы, але аніматару давярае супольнасць, святар, іншыя аніматары, яму можна даручыць нейкую адказную справу. Я збольшага дапамагаю святару ў рэкалекцыях (духоўных сустрэчах — Т.Ш.), у міжнароднай дзейнасці — супольнасць нашая ёсць і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў Туркменістане.

— Чым займаецца «Каштоўная пярліна»?

— Пасля Другой сусветнай вайны, як мы верым, Дух Святы пачаў абуджаць звычайных свецкіх людзей, якія маюць сем’і, ходзяць на працу. Аснова нашага руху — менавіта свецкія людзі. Галоўная справа — гэта евангелізацыя. Мы размаўляем з людзьмі пра Бога, абуджаем іх веру, запрашаем у касцёл. Калі людзі прыходзяць да нас, мы мусім даваць ім духовае выхаванне праз малітвы, супольнае чытанне Слова Божага, рэкалекцыі. У нашым руху распрацаваная цэлая праграма евангелізацыі. Яе ствараў заснавальнік — айцец Францішак Бляхніцкі. Гэты святар, паляк, як і Ежы Папялушка, перадусім змагаўся з камунізмам. Ён з’ехаў па справах за мяжу за два дні да абвяшчэння вайсковага становішча ў Польшчы (1981 год), і ўжо не змог вярнуцца, памёр у 1987 годзе ў Нямеччыне. Апошняй яго працай была кніга «Постсаветыкум» — план евангелізацыі нашых краін пасля таго, як рухне камуністычная сістэма.

— Даводзілася назіраць, як адбываецца евангелізацыя ў пратэстантаў: яны наўпрост на вуліцы падыходзяць да людзей і пачынаюць распавядаць ім пра Бога. Каталіцкая евангелізацыя падобная?

— Так. Часам мы размаўляем з людзьмі на вуліцы ля касцёла, часам у касцёле — шмат людзей заходзіць туды проста пасядзець, нават няверуючых. Людзі не пужаюцца, рэагуюць нармальна, калі ты не навязваешся,падыходзіш з усмешкаю. Як фанатыкаў не ўспрымаюць. Мы ж таксама мусім пераадольваць страх і сорам, каб падыходзіць і загаворваць з людзьмі. Праўда, з вулічных евангелізацый мала людзей прыходзіць у касцёл. Найбольш глыбокія размовы з тымі, хто сам прыйшоў на імшу ці паразмаўляць са святаром. У верніцы з нашай супольнасці адбылася цікавая гісторыя: вельмі яе пацягнула да дзяўчыны, якая малілася на імшы. Але яна не хацела замінаць ёй, чакала-чакала, усё ж не вытрымала, падышла. Высветлілася, што тая дзяўчынка стаяла і малілася: «Божа, пашлі мне нейкага веруючага чалавека, каб я магла паразмаўляць».

fralova2.jpg

                                   Крыж аніматара, уручаны апостальскім нунцыем у Беларусі

— Ведаю, што «Каштоўная пярліна» мае сваю «антыалкагольную праграму»…

— Яна называецца «Круцяты вызвалення чалавека». «Круцыфікс» перакладаецца з латыні як «крыж». «Круцяты» — гэта крыжовы паход. Цела чалавека — гэта як Зямля Запаветная, якую трэба вызваляць ад граху. Яшчэ ў 1950-я гады айцец Францішак пабачыў, што камуністычныя ўлады алкагалізуюць насельніцтва, каб яго паняволіць. «Круцяты» разумеюць змаганне з любым чалавечым грахом, але цяпер менавіта алкагалізм — надзвычай актуальная праблема. Мы, людзі, вольныя ад алкаголю, падпісваем спецыяльную дэкларацыю і молімся за алкаголікаў. Посцімся, не п’ем, не даем грошай на алкаголь, не наліваем. Хоць мы і можам піць, алкаголь не забаронены, ён можа быць смачным, але свядома адмаўляемся ад гэтага. Алкаголікі ведаюць, што «круцяты» ёсць, што за іх моляцца і посцяцца — гэта дае ім сілы. Але спецыяльна на нейкія семінары мы іх не збіраем, гэтым займаюцца групы «АА» — ананімных алкаголікаў.

Яшчэ адзін важны накірунак — гэта рэкалекцыі. Таго, што людзі раз на тыдзень прыходзяць у касцёл і слухаюць імшу, недастаткова. Рэкалекцыі таксама былі запачаткаваныя Бляхніцкім. Гэта 15 дзён у малітвах, дысцыпліне, супольнай працы. За гэтыя дні ў жыцці можа здарыцца цэлая рэвалюцыя! Я ў 19 гадоў прыехала ўпершыню на рэкалекцыі — для мяне ўсё было новае, я тады толькі маліцца вучылася. Вярнулася дадому — ззяла! Усё за бацькамі ды сястрою хадзіла, хацела ім распавесці, а яны ўцякалі і казалі: «Юля, што з табою!»

— Вы шмат працуеце ў Туркменістане. Цяжка быць хрысціянскім місіянерам у мусульманскай краіне?

Туркмены — вельмі адкрытыя людзі. Яны прымаюць надзвычай ветліва. Прыйдзеш у вёсцы ў адзін дом — адтуль клічуць у другі, з другога — у трэці. У Савецкім Саюзе выкарчоўвалі не толькі хрысціянскую веру, але і мусульманскую таксама. Туркменістан нібыта мусульманская краіна, але рэлігійны ўзровень людзей ніякі. Нельга параўнаць з тым жа Іранам, які праз горы, за 20 кіламетраў ад Ашхабада. У Туркменістане іслам вельмі слабы. Людзі называюцца мусульманамі, але часта жывуць нейкімі забабонамі, магіяй. Такі зняволены народ! Квітнее наркаманія, алкагалізм, існуюць гарэмы — неафіцыйныя, канешне.

Туркменістан не быў першы. У 2003 годзе мы паехалі ў Казахстан, і чатыры гады праводзілі евангелізацыю ў розных гарадах. У Казахстане зусім іншая сітуацыя, там даволі моцныя каталіцкія супольнасці, якія ўтварыліся з высланых у часы СССР людзей — немцаў, якія з XVIII стагоддзя жылі на Волзе; палякаў, украінцаў. Шмат беларусаў — з тых, хто ездзіў «падымаць цаліну». У Туркменістане ж цяпер каля 150 каталікоў, траціна з якіх — дыпламаты.

— Ці варта працаваць з краінамі, дзе так мала каталікоў?

— Я скажу словы жанчыны з сапраўднай туркменскай сям’і Мірджэм, у якой 5 дзяцей, з якімі яна ездзіла на ўсе рэкалекцыі, у тым ліку і ў Рым. Яна сказала нашаму святару так: чаму ж вы не прыехалі раней, калі я была маладая, я б магла пражыць сваё жыццё інакш. Праз Мірджэм евангелізавалася яе вёска, дзе кожны другі наркаман. Калі туркмены навяртаюцца, яны становяцца вельмі адданымі, шчырымі. Яны нават лепш арганізоўваюць рэкалекцыі, чым беларусы.

— Летам у Рыме адбудзецца сустрэча Папы Францішка з рознымі супольнасцямі і рухамі. Ці будзеце прымаць удзел?

— Так, мы таксама будзем удзельнічаць. Гэта будзе даволі шырокая сустрэча на некалькі тысяч чалавек. Першы раз я была ў Рыме ў 1996 годзе, удзельнічала ў сустрэчах з Янам Паўлам ІІ, у тым ліку і ў сустрэчах у вузкім коле. Гэта як святы чалавек побач — ён даволі сталага ўзросту быў і шмат не казаў, але ад яго прысутнасці адчувалася радасць. Калі Ян Павал ІІ памёр, я вельмі перажывала, была на пахаванні — людзі на гэтае пахаванне прыходзілі як на сустрэчу з ім жывым. Калі Бенедыкт XVI, таксама вялікі чалавек, абвясціў пра свой сыход, ужо не было такога моцнага ўражання, што Рым і чалавецтва апусцелі. Можа, таму, што я гэта ўжо перажывала, можа, з-за розных спекуляцый у СМІ — маўляў, хто цяпер будзе Папа ці антыпапа (антыпапа — чалавек, які незаконна носіць званне Папы — Т.Ш.)…

— Юлія, вы — прыклад католіка, які актыўны ў публічнай грамадска-палітычнай дзейнасці. Мы часта чуем, што сапраўдны вернік мусіць упакорвацца ўладам. Ці так гэта?

— Вернік мусіць быць актыўным у грамадскім жыцці, у палітыцы. Сцвярджэнне пра тое, што трэба падпарадкоўвацца, быць нага з нагою з уладамі — гэта моцны ўплыў праваслаўя. Такія думкі я заўважаю нават у юнакоў з нашай супольнасці, якія выязджаюць на рэкалекцыі, на Захад, якія сустракаюцца з палякамі, італьянцамі, літоўцамі. У гутарцы з імі высветліла, што яны шмат чытаюць праваслаўнай літаратуры, глядзяць праваслаўнае тэлебачанне, слухаюць «папсовых» святароў накшталт Кураева — а гэта ўсё з Масквы, з іншага свету! Сапраўдная прапаганда!

— А чаму чытаюць і слухаюць? Не хапае перакладаў на беларускую ці рускую мовы якаснай грунтоўнай літаратуры, не хапае адукацыйных семінараў, заняткаў.

— Часта людзі, якія бачаць несправядлівасць у нашым грамадстве, прыходзяць з пытаннямі да святароў. Тыя не ведаюць, што ім адказаць, адсылаюць да біскупаў, біскупы хітра гавораць: чытайце Сацыяльнае навучанне касцёла. У навучанні ўсё напісана, я спецыяльна выпісвала, католікам нашым паказвала — там гаворыцца і пра малітвы за палітвязняў, пра змаганне за справядлівасць і г.д. У Катэхізісе таксама пішацца, што касцёл не толькі мае права выказацца, калі ёсць нейкая несправядлівасць, а мусіць, мае абавязак супрацівіцца. Людзі павярхоўна чытаюць, не ўдумваюцца. У 19 гадоў, калі я навярнулася, святар заўсёды мне казаў: «Юлечка, чаму ў вас Ленін стаіць?» Я адказвала: «Не ведаю, мабыць, не перашкаджае людзям». І пакуль сама не дайшла: як жа не перашкаджае, калі гэта ўвасабленне зла?

Адвагу не быць абыякавымі мусяць мець як людзі, так і Касцёл. Гісторыя паказвае нам прыклады шчырых вернікаў, якія былі актыўнымі ў палітыцы. Томас Мор, патрон палітыкаў, які асудзіў разрыў свайго сябра караля Генрыха VIII з Рымам і стварэнне Англіканскай царквы, за што паплаціўся жыццём; Жанна д’Арк, ксёндз Ежы Папялушка, Ян Павал ІІ. Вось жывое ўвасабленне Сацыяльнага навучання касцёла!