Капітан непераможных караблёў

Ці скончылася з сыходам Пятра Марцава яго эпоха? Звычайна эпоха завяршаецца, калі ў настаўніка няма паслядоўнікаў. У Марцава былі і засталіся журналісты «Имя» і «БДГ», яго эпоха працягваецца.



marciev.jpg

З Пецем Марцавым… — хай не прагучыць гэта фамільярна, але Марцава я ведаў амаль трыццаць гадоў: у 1985-м паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а Марцаў, толькі скончыўшы філфак, быў мастацкім кіраўніком нашага Студэнцкага тэатра эстрадных мініяцюр ці, прасцей кажучы, СТЭМа. Марк Мерман пісаў песні для спектакляў, а іх пастаноўшчыкам быў Пеця. Самы яркі ўспамін тых гадоў — Леанід Шырын і Пётр Марцаў спяваюць «Саракавыя-ракавыя» на верш Самойлава: «Сороковые-роковые… А мы такие молодые»… Дык вось, з Пецем Марцавым мы размаўлялі «пад запіс» толькі аднойчы. Гутарылі пра канкрэтную гісторыю з асабіста-дзяржаўнага жыцця Марцава.

Лета 1999 года. «БДГ» друкуе праграму фарміравання залатавалютных рэзерваў Беларусі, якая значылася пад грыфам «абсалютна сакрэтна». Інфармацыйнай нагодай стаў нечаканы арышт Эдуарда Эйдзіна, кіраўніка групы, што і распрацавала праграму. Паводле публікацыі, людзі, якія ажыццяўлялі здзелкі на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана, рабілі іх з парушэннем заканадаўства ўсіх трох дзяржаў. Эдуард Эйдзін быў арыштаваны з той прычыны, што пэўныя асобы пажадалі пераключыць гэтыя схемы на сябе, выключыўшы тых, хто займаўся праграмай: не паставіўшы ў час золата ў Беларусь, яны далі зразумець, што яно і не будзе дастаўлена, пакуль Эйдзін з таварышамі будуць мець дачыненне да падобных спраў. «БДГ», апублікаваўшы гэтую інфармацыю, мусіць, самым сур’ёзным чынам нашкодзіла закрыццю здзелак.

Афіцыйная рэакцыя на публікацыю ў «БДГ» была надзвычай эмацыйная: падчас вузкай нарады з кіраўнікамі сілавых структур быў дадзены загад ліквідаваць галоўнага рэдактара «БДГ». Праўда, аднаму з тых, хто атрымаў той загад, ён здаўся, мякка кажучы, незаконным. У выніку гэты чалавек знайшоў магчымасць папярэдзіць Марцава.

Я разумеў, што гэта эмацыйнай рашэнне, — распавядаў Пётр. — Аднак я не мог дакладна ведаць, праўда гэта ці ўсё ж такі правакацыя. Аднак у памяці былі вясновыя падзеі таго года: раптоўная смерць аднаго з лідараў апазіцыі Генадзя Карпенкі, таямнічае знікненне Юрыя Захаранкі… Я прыйшоў да высновы, што, магчыма, варта паставіцца да гэтага папярэ­джання больш сур’ёзна, чым звычайна, паколькі, мяркую, любы галоўны рэдактар незалежнай беларускай газеты можа пахваліцца, што некалькі разоў на год яму пагражаюць. На жаль, гэта норма для нашай прафесіі. Я падумаў, што калі гэта ўсё сур’ёзна, дык мяне знойдуць дзе заўгодна. І прыняў рашэнне… усіх падмануць і не выязджаць з краіны. Але зрабіў выгляд, што з’язджаю. Дзеля гэтага на працягу двух дзён адкрыў візу ў Германію, выпісаў камандзіроўку і нават купіў квіток на самалёт па маршруце Масква — Гамбург

На працягу гэтых двух дзён Марцаў зняў кватэру ў Мінску, падключыўся да інтэрнэту і паставіў кампутар. І трэба сказаць, падмануць атрымалася: яго ніхто не шукаў. Праўда, адзін раз усё ж знайшлі. Абсалютна выпадкова. Справа ў тым, што ў той жа час ішла размова пра тое, што ў турме можа апынуцца рэдактар газеты «Имя» Ірына Халіп, і Марцаў сустрэўся з ёй, каб паведаміць пра тое і паспрабаваць пераканаць з’ехаць з краіны. Менавіта ў той момант яго і засекла знешняя «наружка», якая вяла Халіп, — абодвух сфатаграфавалі. Фотаздымкі леглі на стол таго, хто і аддаў загад пра ліквідацыю. Рэакцыя была зноў эмацыйнай: «Як жа вы сцвярджаеце, што ён з’ехаў, калі ён тут?!» Зрэшты, яго супакоілі, пераканаўшы, што Марцаў прыязджаў у Мінск толькі на адзін дзень…

На гэтай кватэры я пражыў паўтара месяца, — працягваў ён аповед. — І падыхаць паветрам выходзіў толькі па начах. Прадукты прыносіў мой сябар, зносіны з якімі я не падтрымліваў ужо гадоў дзесяць, таму было малаверагодна, што нехта мог сачыць за ім. Наогул, адчуванні не з прыемных… Але іншая справа, што гэтая гісторыя ў чарговы раз прадэманстравала, што кіраўнікам дзяржаў і вышэйшым службовым асобам не так ужо прыемна займацца падобнымі справамі, і ёсць людзі, якія не схільны выконваць падобныя загады. Аднак калі яны не могуць адкрыта запярэчыць, дык тады, як мінімум, здольныя хаця б сабатаваць іх. Апроч таго, я разумеў, што загад у адносінах да мяне будзе рана ці позна адменены. Мабыць, так і адбылося, бо аднойчы атрымаў па электроннай пошце ліст, дзе паведамлялася, што я магу з’явіцца. У выніку я «выйшаў на волю». І роўна праз дзесяць дзён знік Віктар Ганчар.

Праўда, ужо пасля выхаду Марцава на волю пачалася шырокамаштабная праверка паўсотні фірм, якія працавалі з «БДГ» і рэкламнымі агенцтвамі Марцава.

Прафесія журналіста ў Беларусі — прафесія, безумоўна, небяспечная, — рэзюмаваў ён тады. — Факты кажуць самі за сябе. Прычым факты, якія не маюць дачынення асабіста да мяне. Яна заўсёды небяспечная для жыцця ў тым выпадку, калі журналіст апаніруе ўладзе, калі ён даследуе факты карупцыі і крадзяжу сярод вышэйшага чыноўніцтва. Журналісту ў гэтым выпадку пагражае крымінальная справа ці проста збіццё. Пэўны час мы мелі справу з абсалютнымі адмарозкамі (і не істотна, якую пасаду ў дзяржаўнай іерархіі займаў гэты адмарозак), для якіх загадаць забіць чалавека нічога не каштавала. Гэтыя людзі не мелі ніякіх маральных бар’ераў. І, на жаль, вельмі многа людзей, якія здольныя за грошы такі загад выканаць. Аднак, мяркую, Беларусь у гэтым сэнсе — краіна, на жаль, не ўнікальная. Проста сітуацыя тут адрозніваецца тым, што журналіст, які працуе ў недзяржаўных СМІ, ужо з прычыны гэтых абставінаў абавязкова будзе знаходзіцца пад пільным наглядам улады. Мяркую, найлепшая абарона ў гэтым сэнсе — гэта інфармацыя, якой ты валодаеш і якую своечасова атрымліваеш

Але колькі падобных гісторый адбылося ў жыцці Марцава? Адна? Дзве? Тузін? Аднаму Богу вядома. Ці яшчэ каму?..

Увогуле, Пеця быў выдатным апавядальнікам. Гэта таксама адзін з яго шматлікіх талентаў. Ужо не пад запіс ён расказваў, як у гасцініцы «Мінск» яго спрабаваў завербаваць супрацоўнік КДБ, якога Марцаў пасля некалькіх сустрэч «перавербаваў», — усё ж ён валодаў дзіўным талентам пераконваць (да слова, праз шмат гадоў на пытанне аднаго з гэбістаў: «Колькі нашых у цябе працуе?» рэдактар «БДГ» іранічна адкажа: «А колькі прыслалі, столькі і працуе»).

Ці як падлеткамі Пеця з сябрукамі павярнулі вежу ў танка, што стаіць на пастаменце каля мінскага Дома афіцэраў, у бок будынка ЦК КПБ, пасля чаго пачаўся, вядома, вэрхал, і тую вежу прыварылі ўжо навечна. Ці як быў перакладчыкам у варагуючых афрыканскіх плямёнаў. Ці пра інтэрв’ю з Уладзімірам Караткевічам, якое ў бібліяграфіі Уладзіміра Сямёнавіча не згадваецца. Ці, нарэшце, пра тое, як напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў яго запрасіла да сябе кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Пяткевіч (хто сёння прыгадвае яе? Усе гэтыя чыноўнікі як прыходзілі, так і сыходзілі, змяняючы адзін аднаго ў бясконцай чахардзе, а Марцаў дваццаць гадоў быў і заставаўся такі адзін) і патрабавала адрадзіць «БДГ», таму што, бачыце, чытаць няма чаго. Гэта было б вельмі падобна на анекдот, калі б гісторыю гэтую, пасмейваючыся, не расказаў сам Марцаў.

А яшчэ з ім было надзейна. І гэта таксама адзін з яго талентаў. І нават калі патаналі нашы караблі — «Имя» і «Белорусская деловая газета», — мы да апошняга верылі ў нашага капітана Пятра Марцава. З ім было надзейна да апошняга. І не толькі таму, што мы ў яго верылі, але і таму, што ён сапраўды быў адважным капітанам. Хоць колькі яму было, калі ён толькі запусціў у плаванне свае караблі? Трыццаць з невялікім? А калі, не жадаючы здавацца, сам жа іх і патапіў, — крыху больш за сорак... Марцаў не на словах — ён прыкладам сваім вучыў бясстрашнасці.

Ды і газеты, выдаваныя Марцавым, былі не проста газетамі. Што роўнага ім было раней? Што ёсць сёння?.. Праз «Имя» і «Белорусскую деловую газету» прайшло каля трохсот журналістаў. Марцаўскія выданні былі сапраўднымі журналісцкімі ўніверсітэтамі. Не думаю, што будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што яны, свядома ці не, але вызначылі твар сучаснай беларускай журналістыкі. Больш за тое, яны былі сапраўднай чацвёртай уладай — газеты Марцава маглі любіць ці ненавідзець, але іх усё роўна — чыталі. Чыталі ўсе, пачынаючы ад простых чытачоў і заканчваючы няпростай гэтай уладай…

Ці скончылася з сыходам Пятра Марцава яго эпоха? Звычайна эпоха завяршаецца, калі ў настаўніка няма паслядоўнікаў. У Марцава былі журналісты «Имя» і «БДГ», былі і засталіся, такім чынам, яго эпоха працягваецца. І ў гэтым яшчэ адзін бясспрэчны талент Марцава: ён умеў па натхненні збіраць разам таленавітых людзей, якія вельмі хутка рабіліся адной дружнай камандай. Камандай, на чале якой, бачна ці не, стаяў ён, капітан. Капітан Марцаў. Пеця Марцаў, які трыццаць гадоў таму спяваў: «А мы такие молодые».