Адышоў у лепшы свет легендарны дысідэнт

Сёння прыйшла сумная навіна — памёр Сяргей Ханжанкоў. Толькі нядаўна, 13 сакавіка, яму споўнілася 74 гады. Ён змагаўся з цяжкай хваробай, мужна, нікому не скардзіўся. Хвароба перамагла.



chanzankou_1__logo.jpg

Сяргей Ханжанкоў

Толькі пару дзён таму Марат Гаравы напісаў пра Сяргея Ханжанкова артыкул. Вось ён:

Ён нарадзіўся 13 сакавіка 1942 года на Калыме — у пасёлку Усць-Уціны Магаданскай вобласці Расіі ў сям’і інтэлігентаў-палітвязняў: бацька — студэнт Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту — быў асуджаны ў 1935 годзе за антысавецкую агітацыю, а дзед па матчынай лініі — эсэр — у 1929-м за барацьбу супраць калгасаў. У 1955 годзе сям’я атрымала дазвол пакінуць Калыму і пасяліцца ў Мінску. З маленства Сяргей прызвычаіўся да кнігі, разам з бацькамі слухаў замежныя радыёстанцыі, перадачы якіх у Мінску ледзьве было чуваць з-за глушылак. У 1959 годзе юнак стаў студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута, а праз тры гады разам з Віктарам Храпавіцкім і Рыгорам Сярогіным стварыў моладзевую падпольную антыкамуністычную арганізацыю, якая спачатку планавала друкаваць і распаўсюджваць антысавецкія ўлёткі, а пасля вырашыла падрыхтаваць выбухоўку і падарваць радыёглушыльную вежу на былой вуліцы Даўгабродскай (зараз — імя Казлова) у сталіцы БССР.

Юнакі знайшлі ў лесе артылерыйскія снарады, разабралі іх і здабылі выбухоўку. Затым пачалі рыхтаваць тэкст улётак, якія збіраліся расклеіць пасля падрыву. Але аб гэтых планах даведаліся спецслужбы праз школьнага сябра Сяргея, які адначасова быў членам падпольнай арганізацыі і сакрэтным агентам КДБ. Вось чаму 27 траўня 1963 года падпольшчыкаў арыштавалі. Дарэчы, Сяргей Ханжанкоў заўжды святкаваў дзень свайго арышту (недалёка ад плошчы імя Якуба Коласа), бо менавіта ў гэты дзень, з ягоных словаў, “савецкая ўлада прызнала мяне сваім ворагам, а сябрам яе я ніколі не быў”.

7 кастрычніка 1963 года за спробу зрабіць дыверсію, антысавецкую агітацыю і прапаганду Сяргей Ханжанкоў быў асуджаны на 10 гадоў лагераў строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў знакамітых Мардоўскіх лагерах, дзе пазнаёміўся з вядомымі дысідэнтамі савецкіх часоў.

Пасля вызвалення з ГУЛАГу ў 1973 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог і на Станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. У 1976 годзе ў Падмаскоўі спрабаваў арганізаваць сустрэчу былых палітвязняў, аднак усе яе ўдзельнікі былі затрыманыя КДБ. У 1990 годзе ўдзельнічаў у I з’ездзе савецкіх палітвязняў у Санкт-Пецярбургу. Сяргей Ханжанкоў не рэабілітаваны і ніколі гэтага не дамагаўся. Гэты малады душою чалавек актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Беларусі — падтрымлівае палітвязняў, сябра грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”.

Для беларусаў Сяргей Ханжанкоў — жывая легенда, сапраўдны маральны аўтарытэт, які ўвасабляе сумленне, гонар і годнасць нацыі.

Для мяне ён — вельмі цёплы, далікатны, сціплы, шчыры і адкрыты чалавек, якому хочацца пажадаць аднаго — жыцця. Каб праз год сярод сваякоў і сяброў мы адзначылі з Сяргеем Мікалаевічам ягоны 75-гадовы юбілей.

Я абдымаю цябе, дарагі Сяргей, з верай у тое, што прыйдзе час, калі такіх змагароў за вольную, дэмакратычную і незалежную Бацькаўшчыну адпаведным чынам ушануе і дзяржава. Бо сапраўдная цывілізаваная і моцная дзяржава абапіраецца, у першую чаргу, на такіх высакародных людзей.

Некалі легендарны дысідэнт даў інтэрв'ю нашай журналістцы Таццяне Шапуцьке, дзе распавёў пра тое, ці лічыць ён сябе тэрарыстам, як адрознівалася тагачасная «амерыканка» ад цяперашняй і чаму ў палітвязняў не атрымалася стварыць сваю партыю.

Інтэрв'ю можна пачытаць тут: