Да зняволенага Андрэя Бандарэнкі два месяцы не даходзілі лісты

Як мяркуе сам праваабаронца, прычына ў тым, што ён пісаў пра ўмовы ўтрымання, а таксама аб дзейнасці былых калег.



bondarenko_0803.jpg

На працягу двух месяцаў да зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога трымаюць у магілёўскай турме, не даходзілі лісты ад родных і калег. Пра гэта паведаміў праваабаронца Міхаіл Пастухоў.

«19 лютага на спатканне да Андрэя ездзіў яго бацька, — распавёў Пастухоў. — Там высветлілася, што лісты не даходзяць ні Андрэю, ні ад яго — яго родным. Як мяркуе сам Бандарэнка, прычына ў тым, што ён пісаў пра ўмовы ўтрымання, а таксама аб дзейнасці былых калег, у прыватнасці Алены Красоўскай-Каспяровіч».

24 лютага Міхаіл Пастухоў накіраваў начальніку турмы і пракурору Магілёўскай вобласці зварот з просьбай правесці праверку, на якой падставе зняволенага Бандарэнку абмяжоўваюць у праве на перапіску. «Дарэчы, выразкі з газэт, якія я яму адпраўляў, мне вярнулі назад, —дадаў праваабаронца. — Гэта былі артыкулы з «Народнай волі» і «Новага часу» пра самога Бандарэнку і яго калегу, Міхася Жамчужнага, які ў мінулым годзе таксама быў асуджаны».

Па словах Пастухова, зараз перапіска з Бандарэнкам аднавілася. «Аднак я па-ранейшаму чакаю, што мне адкажуць з адміністрацыі турмы і пракуратуры. Недапушчальна, каб у наступным такія парушэнні паўтараліся», — лічыць ён. Пастухоў таксама паведаміў, што Андрэй Бандарэнка па-ранейшаму ўтрымліваецца ў адзіночнай камэры магілёўскай турмы.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка быў стваральнікам і кіраўніком інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і культурна-асветніцкай установы «Платформы інавэйшн», якія займаліся абаронай правоў асуджаных. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў. 17 снежня 2015 гады па рашэнні суда Бандарэнку перавялі са шклоўскай калоніі ў турму Магілёва ў сувязі з «шматлікімі парушэннямі» рэжыму. 

Паводле беларускай службы Польскага радыё