Забытыя героі бітвы пад Монтэ-Касіна. Юзаф Шашкевіч і Сямён Ерамееў
Пра лёсы жаўнераў Арміі Андэрса з Беларусі распавяла “Гістарычная праўда”
Юзаф Канстанцінавіч Шашкевіч нарадзіўся ў маі 1909 года ў вёсцы Стрыпуны на Ашмяншчыне. Працаваў на ўласнай зямлі, пакуль у 1931 годзе не быў мабілізаваны ў Першы полк пяхоты легіёнаў імя Юзафа Пілсудскага. Гэта была вайсковая адзінка з вялікай гісторыяй, якая пачыналася з Першай кадравай роты, якая ў жніўні 1914 года ўвайшла на тэрыторыю Каралеўства Польскага з Галіцыі і прымала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях супраць царскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны.
У перыяд польска-бальшавіцкай вайны полк змагаўся на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку пад Радашковічамі. У 1920–1930-х гадах гэтая вайсковая адзінка размяшчалася ў Вільне на вуліцы
Кальварыйскай.
Брытанскі вайсковы білет Юзафа Шашкевіча
У верасні 1939 года Шашкевіча ізноў прызвалі ў войска. Першы полк пяхоты легіёнаў уваходзіў у склад Аператыўнай групы Войска Польскага “Вышкаў”. 4–5 верасня 1939 года
жаўнеры палка ўступілі ў бой з немцамі ля мястэчка Ражаны, а пазней абаранялі Пултуск. 11 верасня 1939 года вільнянам прыйшлося біцца супраць частак палка СС “Лейбштандарт Адольф
Гітлер”.
Жаўнеры Войска Польскага, 1930-я гады
Пры спробе адступлення астаткі палка трапілі ў рукі бальшавікоў. СССР не знаходзіўся ў стане вайны з Другой Рэччу Паспалітай, аднак гэта не перашкаджала чырвонаармейцам забіваць польскіх вайскоўцаў і
браць іх у палон. Старэйшы стралок Юзаф Шашкевіч быў накіраваны ў лагер у Запарожжы, а ў чэрвені 1940 года быў пераведзены ў лагерны пункт Паўноччыгунлага ў рэспубліцы Комі.
Пасля заключэння англа-савецкай дамовы ў 1941 годзе былы жаўнер палка легіёнаў быў вызвалены з лагера і ў верасні таго ж года трапіў у 13-ты пяхотны полк Войска Польскага ў СССР. Праз год,
разам са сваёй часткай, ён аказаўся ў Іране. З кастрычніка 1942 года Юзаф Канстанцінавіч — капрал другой роты, 13-га Віленскага стралковага батальёна 5-й крэсовай дывізіі.
Жаўнеры 2-га корпусу пад Монтэ-Касіна
Ураджэнец Заходняй Беларусі ўдзельнічаў у кровапралітнай Бітве пад Монтэ-Касіна і 17 мая 1944 года быў паранены. Пасля выздараўлення Шашкевіч вярнуўся ў сваю частку. У лістападзе 1944 года ён быў
пераведзены ў другую роту 12-га Валынскага стралковага батальёна.
Эмблема 5-й крэсовай дывізіі 2-га польскага корпусу 8-й брытанскай арміі
У сакавіку 1945 года ўраджэнца Заходняй Беларусі ўзнагародзілі Крыжам Монтэ-Касіна. Падчас баявых дзеянняў на рацэ Сеніа вясной 1945-га Юзаф Канстантынавіч быў паранены другі раз. Наступнай узнагароды доўга чакаць не прыйшлося. За гераізм Юзафу Канстанцінавічу ўручылі польскі Крыж мужных.
Пасведчанне Юзафа Шашкевіча да Крыжа Монтэ-Касіна
Аднак, відавочна яму хапіла вайны, таму, што хутка “андэрсавец” вырашыў пакінуць войска і вярнуцца да дома, у савецкую Беларусь. Яму здавалася, што вайна скончылася і ўсё кепскае засталося ў мінулым. Але ў 1951 годзе капрала Арміі Андэрса Юзафа Шашкевіча савецкія ўлады дэпартавалі ў Іркуцкую вобласць.
Крыж мужных, уручаны сваякам Юзафа Шакевіча ў 2015 годзе
…У снежні 2015 года сваякі героя з рук польскага і брытанскага амбасадараў у Беларусі атрымалі дублікат Крыжа мужных, якім у далёкім 1945-м быў узнагароджаны Юзаф Шашкевіч.
У Першым пяхотным палку легіёнаў Войска Польскага з Вільні пачынаў службу і Сямён Макаравіч Ерамееў. Беларус нарадзіўся ў студзені 1911 года ў вёске Мілейкі Браслаўскага павету. У пачатку 1930-х ён
праходзіў тэрміновую службу ў Войску Польскім. Пазней займаўся сельскагаспадарчай працай на ўласным хутары. Па ўспамінах жонкі будучага “андэрсаўца”, у іх была добрая гаспадарка: 14
гектараў зямлі, карова, цялушкі, тры свінні, больш за дзесяць авечак, некалькі коней.
Жаўнеры Першага палка легіёнаў імя Ю. Пілсудскага, канец 1930-х гадоў
Напярэдадні пачатку Другой Сусветнай вайны, падчас усеагульнай мабілізацыі, 24 жніўня 1939 года, Сямён Макаравіч быў мабілізаваны ў польскае войска і ўдзельнічаў у Вераснёўскай кампаніі. Падчас
адступлення на ўсход беларускі жаўнер Войска Польскага трапіў у савецкі палон. Спачатку яго накіравалі ў лагер у Шапятоўцы, а пазней Ерамееў аказаўся ў Старабельскім лагеры для польскіх
вайсковапалонных, дзе знаходзіўся да верасня 1941 года. Калі ў СССР пачалося фарміраванне польскага войска, то ўраджэнец Віленшчыны трапіў у 6-ю Львоўскую пяхотную дывізію.
Пазней беларуса перавялі ў 18-ты стралковы батальён 5-й крэсовай дывізіі. У маі 1944 года, падчас штурму Монтэ-Касіна, Сямён Макаравіч удзельнічаў у штурме сумнавядомай вышыні
“Прывід”. Па ўспамінах відавочцаў той бітвы вышыня была пакрыта туманам і было ў ёй нешта містычнае. У атаку на немцаў ішло некалькі пяхотных батальёнаў
“андэрсаўцаў”, узмоцненых падраздзяленнямі сапёраў і агнямётчыкаў.
Ужо на працягу першай гадзіны боя польскія страны склалі 20 % асабовага складу. Кравапралітныя баі працягваліся да 16 мая у выніку чаго немцы былі выбіты з вышыні. Падчас штурму
“Прывіда” Сямён Ерамееў быў паранены. За гераізм яму прысвоілі званне ўзводны. За ўдзел у баявых дзеяннях у складзе Арміі Андэрса Сямён Макаравіч быў узнагароджаны Крыжом
Монтэ-Касіна, бронзавым Крыжом заслугі, памятнай адзнакай 2-га корпусу, а таксама брытанскімі зоркамі за Італьянскую кампанію і Другую Сусветную вайну.
Жаўнеры 5-й крэсовай дывізіі падчас Бітвы пад Монтэ-Касіна, 1944 год
Пасля выздараўлення, у студзені 1945 года, беларус быў пераведзены спачатку ў 66-ты батальён 16-й паморскай пяхотнай брыгады, а пазней ў 21-шы батальён 7-й пяхотнай дывізіі. У жніўні 1946 года ахоўны
батальён, у якім служыў Ерамееў, быў пераведзены ў Вялікабрытанію, а меньш чым праз год “андэрсавец” з Віленшчыны дэмабілізаваўся.
Хутка беларус праз порт у Гдыне выехаў у савецкую Беларусь. Аднак у 1951 годзе у сям’ю Ерамеевых прыйшла бяда. Вось як дэпартацыю ў Сібір узгадвала жонка “андэрсаўца” Марыя
Сямёнаўна: “1 красавіка 1951 года ў наш двор на санях уехалі жаўнеры. Мяне ўсю скаланула, калі іх убачыла на двары. Зразумела, што нашы справы кепскія.
Жаўнеры 5-й крэсовай дывізіі, 1945 год
Адзін з вінтоўкай адразу ўстаў ля дзвярэй, а нехта з іх загадаў: “Збірайцеся”. Апрануліся самі і дзяцей апранулі. Думалі ўзяць з сабой збожжа, але ў санях не знайшлося месца. Усё
пакінулі. Удалося прыхапіць толькі невялічкі мяшок бульбы. Нас прывезлі ў Міёры. На чыгуначную станцыю. Там мы былі два дні. А потым падагналі вагоны. Яны не былі прыстасаваныя да перавозкі людзей,
халодныя. Праўда, сёе тое было перароблена: уздоўж сцен стаялі нары. А ў канцах былі невялікія печкі. Куды вязуць – ніхто не ведаў. Пра сябе толькі адзначалі - Сібір. Гэта слова было на
вуснах людзей. У дарозе, у першую чаргу, пакутвалі дзеці. У 20-х чыслах прыехалі ў Іркуцкую вобласць. Тут і атрымалі загад выгружацца”.
Захаваліся ўспаміны дачкі Сямёна Макаравіча Верамеева Соф’і пра тое, як праходзіла іх катарга. “У вёске Маргуды, паблізу Ангары бацька працаваў у Леспрамгасе. Валілі лес, а ўвесну
сплаўлялі па рацэ. Жылі ў пасёлку, пасярод тайгі. Наступнае пасяленне было ад нас у 80 км. Жылі ў бараках. На ўвесь пасёлак была адна карова. Нам давалі стакан малака на 4 дзяцей. Мой дзед, Макар
Цімафеевіч, ахоўваў краму. Там, у Сібіры, ён і памёр.
Калі нам дазволілі вярнуцца на Радзіму, то мы вымушаны былі плаціць за таварны вагон. Памятаю, на вагоне было напісана “Міёры. Людзі”. Ехалі 18 дзён. У бацькі быў туберкулёз.
Захварэў падчас дарогі ў Сібір. Ён ляжаў ў бальніцы, але лячыўся травамі”, — узгадвала жанчына.
Беларускія жаўнеры Арміі Андэрса. Сямён Ерамееў стаіць трэці злева
Пасля вяртання на Радзіму ў 1957 годзе Ерамеевым прыйшлося ўсё адбудоўваць з пачатку. Ранейшая гаспадарка была канфіскавана. Марыя Сямёнаўна (жонка “андэрсаўца”) працавала даяркай.
Хутка з’явіўся новы дом і сям’я пачала ізноў абжывацца ў роднай Беларусі. Памёр Сямён Макаравіч Ерамееў у красавіку 1991 года. У сваякоў засталіся здымкі з яго службы ў Арміі
Андэрса. А вось самае каштоўнае, баявыя узнагароды героя Бітвы пад Монтэ-Касіна, канфіскавалі падчас дэпартацыі…