Лепшым амбудсменам быў бы Бяляцкі
«Новы час» амаль год друкаваў серыю артыкулаў доктара юрыдычных навук, прафесара Міхаіла Пастухова пад рубрыкай «Нашыя правы — нашае багацце». Што хвалюе беларусаў? Пра гэта — гутарка.
Унутраная лінія
— Большасць пытанняў мелі, скажам так, прыватны характар...
— Так, людзі прасілі разабрацца ў праблемах, і я адказваў на лісты ў прыватным парадку. У асноўным пытанні тычыліся канкрэтных сітуацый: працоўных правоў, незаконнага асуджэння, адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, маёмасных правоў... Як паказваюць водгукі, у нас не ўсё ў парадку з правамі чалавека ва ўсіх сферах жыцця. Яскрава гэта бачна на парушэннях правоў у крымінальнай галіне: незаконныя асуджэнні і ход следства.
— І як нам бараніць свае правы?
— Я настойваю: трэба скарыстаць усе ўнутраныя механізмы абароны. Гэты набор традыцыйны. Перш за ўсё — дапамога адваката, другое — скарга ў пракуратуру, якая можа праверыць факты парушэння і прыняць адпаведныя меры рэагавання, аж да прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці. І ўніверсальны сродак прававой абароны — суд.
Па ўсіх напрамках ёсць істотныя абмежаванні. Дапамога адваката вельмі дарагая. Самая сціплая кансультацыя і паперка каштуе каля ста тысяч рублёў. Гэта з-за таго, што адвакацкія паслугі ў нас — манаполія дзяржавы, да таго ж адвакатаў вельмі мала. Па дадзеных Мінюста, іх у краіне ўсяго 1 800 на ўсю Беларусь.
Што тычыцца пракуратуры — тут дзейнічае выбарчы падыход. Узгадайце хаця б «гучныя знікненні» былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага... Іх не могуць знайсці пятнаццаць гадоў, следства стаіць на месцы, і зразумела, чаму — справы палітычныя.
Асабліва складаная сітуацыя, калі правапарушэнне або злачынства здзяйсняюць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Нярэдка скаргі на іх недазволеныя метады працы, факты збіцця грамадзян не знаходзяць водгуку ў пракуратуры, і часцей за ўсё ў іх разглядзе адмаўляюць, што з’яўляецца грубым парушэннем законнасці.
Што тычыцца судоў, то яны разглядаюць скаргі толькі ў выпадках, калі пра гэта наўпрост гаворыцца ў заканадаўстве. А ёсць шмат выпадкаў, звязаных са злоўжываннямі службовых асоб, — такія заявы суды браць не хочуць. Хоць па Канстытуцыі суд павінен аказваць дапамогу грамадзянам, калі парушаюцца іх правы, і, пры неабходнасці, павінен забяспечыць і кампенсацыю маральнай шкоды. Але такога няма, і я магу смела канстатаваць, што ўнутраныя сродкі прававой абароны працуюць неэфектыўна.
Рэферэндумы і сцяг
— Чытачка Ніна Багінская заўважае: мы шмат пісалі, што рэферэндумы, якія прайшлі ў Беларусі, у тым ліку — пра сімволіку, нелегітымныя. Але за бел-чырвона-белы сцяг людзей затрымліваюць, збіваюць, арыштоўваюць. Як у такім выпадку быць?
— Калі зыходзіць з Закона «Аб гісторыка-культурнай спадчыне», дзяржаўны сцяг, герб, як і мова, павінны абараняцца і захоўвацца. Нават калі гэтыя рэліквіі адышлі ў гісторыю, нават калі пасля рэферэндуму сімволіку змянілі. Гэта ж не значыць, што старыя дзяржаўныя сімвалы павінны быць аддадзены анафеме. Непаважлівае стаўленне міліцыі і чыноўнікаў да старых дзяржаўных сімвалаў — гэта парушэнне аднаго з канстытуцыйных абавязкаў улады: берагчы гісторыка-культурную спадчыну краіны. Кожны чалавек — суверэнная асоба, якая мае свае каштоўнасці і перакананні, і можа паводзіць сябе так, як хоча, калі гэта ўпісваецца ў рамкі заканадаўства.
Трэба дамагацца, каб бел-чырвона-белы сцяг, як цяпер герб «Пагоня», быў афіцыйна ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
— Чытачка Валянціна Валчэцкая прапануе ўвесці ў газеце рубрыку экспертызы судовых рашэнняў...
— Я не думаю, што прыватныя выпадкі канкрэтнага чалавека будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў. Апроч таго, кожная справа ў працэсе суда абрастае падрабязнасцямі, дакументамі, даведкамі. Часам судовыя справы складаюць дзясяткі, а то і сотні тамоў. Разабрацца ва ўсіх перыпетыях новаму чалавеку вельмі складана. Таму, дарэчы, нашы адвакаты за вывучэнне матэрыялаў справы патрабуюць асобную стаўку, і гэта, паверце мне, сума немалая. Гэта самая дарагая паслуга адваката і самая аб’ёмная частка яго працы.
Нават праваабарончыя арганізацыі ў большасці сваёй такіх экспертыз не робяць, не кажучы ўжо пра газету... Што тычыцца мяне, то ў пэўных выпадках, па магчымасці, я б мог адказваць на лісты чытачоў і даваць парады юрыста.
Дайсці да ААН
— Такім чынам, грамадзяне праходзяць усе судовыя інстанцыі без выніку. Далей...
— Па заканчэнні ўнутраных механізмаў адстойвання сваіх правоў, аж да Вярхоўнага суда, трэба скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Не варта думаць, што гэта нейкая незвычайная рэч. КПЧ ААН вынес рашэнні ўжо, як мінімум, па 63-х зваротах грамадзян Беларусі. Але пакуль ніводнае з гэтых рашэнняў беларускімі ўладамі не было выканана.
Зараз мы ставім задачу прымусіць Рэспубліку Беларусь выконваць рашэнні КПЧ ААН. Мы — гэта людзі, якія туды звярталіся і атрымалі станоўчыя рашэнні. Мы лічым, што самы эфектыўны сродак — аб’яднацца ў арганізацыю і абараняць свае інтарэсы. Магчыма прыняць закон, які б прапісаў працэдуру выканання рашэнняў КПЧ ААН. Мабыць, можна звярнуцца ў суд, і ён абавяжа выканаць рашэнні міжнароднай арганізацыі.
Калі хтосьці звернецца да нас па дапамогу ў напісанні скаргі ў КПЧ, мы можам аказаць метадычную дапамогу.
— Ці ёсць магчымасць прымусіць улады выконваць рашэнні КПЧ ААН? Напрыклад, за парушэнне правоў прафсаюзаў Беларусь выключылі з сістэмы генеральных прэферэнцый Міжнароднай арганізацыі працы. Дзяржава церпіць наўпроставыя фінансавыя страты з-за ціску на прафсаюзы…
— Акрамя КПЧ, ёсць Савет ААН па правах чалавека. Гэты Савет можа прыняць рэзалюцыю, якая таксама з’яўляецца рэкамендацыйнай, але знаходзіцца пад кантролем больш важкіх міжнародных арганізацый, і можа нават разглядацца на Генеральнай асамблеі ААН. Генасамблея можа прыняць рэзалюцыю, якая ўжо з’яўляецца абавязковай для выканання. А ўвогуле, гэта ганьба для Беларусі: яна ігнаруе рашэнні органа ААН, з’яўляючыся заснавальнікам ААН!
Канстытуцыйны суд для грамадзян
— З пачатку публікацыі цыкла прайшоў год. Ці змянілася нешта ў галіне правоў чалавека за гэты час?
— Грамадзяне, хоць і апасродкавана, але атрымалі магчымасць звяртацца ў Канстытуцыйны суд, па законе аб зваротах грамадзянаў. Раней такой магчымасці не было.
Ад грамадзян у КС паступае 600–800 зваротаў штогод. Сакратарыят суда разбірае гэтыя звароты і выбірае з іх тыя, якія, на думку суддзяў, уяўляюць цікавасць для ўсяго грамадства. Па скарзе прызначаецца суддзя-дакладчык, робіць запыты ў дзяржорганы, збірае статыстыку, наколькі распаўсюджанае гэтае парушэнне правоў, наколькі рашэнне суда палепшыць сітуацыю з канстытуцыйнай законнасцю і г.д. Суд выносіць рашэнні рэкамендацыйнага характару: прыняць нарматыўны акт, новы закон, унесці змены ў стары... То бок, некаторыя «тыповыя» скаргі грамадзян КС разглядае, і зараз з’явілася больш шанцаў быць пачутым пры звароце ў КС.
На маю думку, трэба прыняць асобны закон пра зварот грамадзян у КС. Інакш мы парушаем артыкул 60 Канстытуцыі, па якім грамадзяне могуць звяртацца ў любы суд, у тым ліку Канстытуцыйны. Тады КС будзе разглядаць усе скаргі, а не выбарча.
Амбудсмен у праекце
— Шмат размоў было пра стварэнне інстытута амбудсмена — упаўнаважанага па правах чалавека…
— Былы старшыня Канстытуцыйнага суда і былы генпракурор Рыгор Васілевіч падрыхтаваў цэлую канцэпцыю «Нацыянальнай установы па правах чалавека» — так патрабуецца называць упаўнаважанага па правах чалавека ў рэзалюцыі Савета ААН. Канцэпцыя, у прынцыпе, пісьменная, але шэраг яе палажэнняў выклікаюць у мяне нязгоду.
Напрыклад, Васілевіч лічыць, што асноўная функцыя упаўнаважанага па правах чалавека — інфармацыйна-асветніцкая. Кшталту прывіваць і павышаць павагу да правоў і свабод чалавека ў грамадзян і службоўцаў, праводзіць гутаркі пра каштоўнасць правоў чалавека... Маўляў, ён пагаворыць з чыноўнікамі аб неабходнасці выканання правоў чалавека — і ўсё стане ў нас добра.
Мяне здзівіла, што Васілевіч прапануе прызначаць упаўнаважанага ўказам прэзідэнта з папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў. Атрымліваецца, што ўпаўнаважаны па правах чалавека — яшчэ адзін орган пры прэзідэнце? Абіраецца амбудсмен на 7 гадоў. Для таго, каб датэрмінова вызваліць яго з пасады, трэба стварыць дэпутацкую камісію, якая праверыць прэтэнзіі да амбудсмена. Але ў нашых умовах такая працэдура — пытанне тэхнікі.
Таксама Васілевіч прапануе для амбудсмена залімітавыя патрабаванні. Гэта павінен быць грамадзянін Беларусі, якому споўнілася 50 гадоў, пажадана юрыст, які мае стаж юрыдычнай працы і які б займаўся творчай дзейнасцю. Сярод патрабаванняў — свабоднае валоданне дзвюма мовамі: беларускай і рускай.
Такое ўражанне, што Васілевіч пісаў праект, каб самому заняць гэтую пасаду.
Я выступаю за ўпаўнаважанага, які абіраецца парламентам, мае незалежны статус, павінен быць вядомым праваабаронцам, на практыцы адстойваць правы чалавека... На мой погляд, лепшая кандыдатура — Алесь Бяляцкі. Праўда, адразу паўстае пытанне аб тым, як быць з судзімасцю? У Васілевіча, дарэчы, пра гэта нічога не напісана, але закон аб дзяржслужбе не рэкамендуе прызначаць на дзяржаўныя пасады судзімых асоб. А праект закона аб барацьбе з карупцыяй наогул забараняе прызначаць судзімых на якіясьці пасады, апроч як са згоды прэзідэнта.
Алесь Бяляцкі, нават калі ён атрымае Нобелеўскую прэмію міра, не зможа заняць не толькі пасаду амбудсмена, але і нават пасаду самага дробнага дзяржслужачага кшталту судовага выканаўцы. Парадокс? Але калі сітуацыя ў краіне зменіцца, можна будзе аддаць героям па заслугах. Героям — без двукоссяў.