Любоў Санкевіч: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адмовілася бараніць мае правы
15 верасня ў Мінску на сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Шаран Бароў, якая з 14 па 16 верасня знаходзіцца з візітам у Беларусі, абмяркоўваліся праблемы сацыяльнага дыялогу, выканання правоў працоўных і прафсаюзаў у краіне. У сустрэчы прыняла ўдзел былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, а зараз пенсіянерка з Бабруйску Любоў Санкевіч.
Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 год і ў 2001 годзе была звольнена “за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай”. Трэба мець на ўвазе, што 11 з паловай гадоў ў Любоў Санкевіч былі выключна падзякі за добрасумленную працу. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы на заводзе.
Ужо 13 гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне з прадпрыемства неабгрунтаваным і незаконным. Спадарыня Санкевіч была сябрам Федэрацыі прафсаюзай Беларусі, якая адмовілася яе патрымаць у канфлікце з адміністрацыяй заводу. Суд Бабруйскага раёну і горада Бабруйска таксама стаў на бок кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.
У сваім выступе на сустрэчы са спадарыняй Шаран Бароў Любоў Санкевіч распавяла, што ў свой час паверыла галаве дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, які заклікаў грамадзянаў Беларусі беражліва адносіцца да дзяржаўнай маёмасці і змагацца з карупцыяй. “Вось чаму я пачала выкрываць недахопы на прадпрыемстве і менавіта за гэта была звольнена з працы. Але мой прафсаюз мяне не падтрымаў. І зараз шкадую, што ў свой час не ўступіла ў незалежнае прафсаюзнае аб’яднанне“, — заявіла Любоў Санкевіч.
На сустрэчы з Шаран Бароў прысутнічалі дыпламаты, а таксама кіраўнікі і актывісты тых прафсаюзных аб’яднанняў, што ўваходзяць у склад Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.