Лёс намесніка міністра замежных спраў БНР

Ён быў беларускім консулам, намеснікам міністра замежных спраў БНР, ад’ютантам генерала Урангеля, заснаваў Беларускую народную Самапомач, яго падазравалі ў забойстве Кубэ, быў актывістам у жыцці беларускай дыяспары ў ЗША, яго не любіла Ларыса Геніюш… Гэта не хто іншы, як беларус Іван Ермачэнка.

Консул у Турцыі Іван Ермачэнка (справа) са сваім сакратаром. Канстанцінопаль, 1921–1922 гады

Консул у Турцыі Іван Ермачэнка (справа) са сваім сакратаром. Канстанцінопаль, 1921–1922 гады


Маленства і юнацтва

Нарадзіўся Іван Ермачэнка ў беларускай сялянскай сям’і ў траўні 1894 года ў вёсцы Капачоўка Барысаўскага павета. Спачатку вучыўся ў пачатковай школе ў сваёй роднай вёсцы, а потым у Маскве скончыў гімназію і паступіў на электратэхнічны факультэт адной з вышэйшых навучальных устаноў. Але скончыць не паспеў, бо пачалася Першая сусветная вайна. У гэты час уся сям’я Ермачэнкаў жыла ў Маскве, бо бацька пэўны час працаваў на чыгунцы каля Масквы.

Ермачэнка пайшоў у армію добраахвотнікам, а перад гэтым паспеў скончыць школу прапаршчыкаў. Яго накіравалі на фронт, дзе беларус даслужыўся да паручніка, і нават меў некалькі ўзнагародаў. На фронце ў 1918 годзе ён трапіў у палон, але яму ўдалося ўцячы.


У арміі генерала Урангеля

У Расіі ішла грамадзянская вайна. З палону Іван Ермачэнка трапіў у Белую армію рускага генерала Пятра Урангеля, які камандаваў паўднёвым фронтам. Там Ермачэнка даслужыўся да палкоўніка. Хутка генерал узяў яго да сябе і прызначыў сваім ад’ютантам. Пасля паразы разам з генералам Урангелем беларус эвакуяваўся ў Турцыю, у Канстанцінопаль.

У Канстанцінопалі Ермачэнка наладжваў сувязі з беларусамі, і ў 1921 годзе стварыў Беларускі Камітэт.


На карысць БНР

Беларускі Камітэт у Канстанцінопалі ў 1921 годзе актыўна наладжваў сувязі з кіраўніцтвам Беларускай Народнай Рэспублікі, якое ў той час знаходзілася ў Коўне. Туды і паехаў Ермачэнка: сустрэўся з Вацлавам Ластоўскім — старшынёй ураду БНР. За подпісам Ластоўскага ён атрымаў дазвол на дыпламатычнага прадстаўніка БНР у Канстанцінопалі і генеральнага консула на Балканах. З дыпламатычным пашпартам Ермачэнка вярнуўся ў Канстанцінопаль. Дзякуючы яму хутка былі атрыманы прызнанні БНР дэ-факта ад французскага, італьянскага і грэчаскага ўрадаў. Беларускі дыпламат наведаў усе дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы ў Турцыі, дзе яго запэўнілі, што беларускія пашпарты БНР будуць сапраўдныя, як і пашпарты іншых дзяржаў свету.

Газета «Наша думка» з аб'явай. 1921 год, № 23

Газета «Наша думка» з аб'явай. 1921 год, № 23

У Турцыі Іван Ермачэнка дапамагаў беларусам-вайскоўцам выехаць у Літву, Амерыку і ў іншыя краіны. Ён таксама заснаваў консульскія аддзелы БНР у Балгарыі і Югаславіі.

У другой палове 1922 года Іван Цвікевіч выклікаў Ермачэнку ў Коўна і прызначыў яго намеснікам міністра замежных спраў БНР. Але ў канцы гэтага года літоўскі ўрад выгнаў беларускае кіраўніцтва. Праўда, літоўцы прапанавалі Івану Ермачэнку застацца ў Літве і стаць каман­дзірам аднаго з палкоў літоўскай арміі. Але ён адмовіўся — і разам з урадам БНР пераехаў у Прагу.


У Празе

У Празе Іван Ермачэнка паступіў у Карлаў універсітэт на медыцынскі факультэт. Падчас вучобы ён стаў актыўным сябрам Беларускага студэнцкага саюза, кіраўніком беларускай секцыі арганізацыі моладзі «Сокал», якая існавала пры агульным чэшскім «Сокале», супрацоўнічаў з сябрамі БНР.

У 1929 годзе Іван Ермачэнка скончыў навучанне і адкрыў свой прыватны лекарскі кабінет у Празе. Ён займаўся не толькі медыцынай, але і актыўна цікавіўся палітыкай. У Празе ён ведаў амаль усіх беларусаў, да якіх ставіўся па-рознаму.

Вось як пра яго згадвае паэтка Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі»: «Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты (аб’явы) аб сваім кабінеце даслоўна ва ўсіх чэшскіх газетах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсміхаўся, але зусім не выклікаў да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла медыцыну (зубніха) на беларускую стыпендыю, мелі яны дзве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек не меў ніякае літасці над беднымі сваімі суайчыннікамі, ён наагул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маёй сымпатыі й маяго даверу. Яго ўсе баяліся, але я не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць…».

Вядома ж, гэта суб’ектыўная думка Ларысы Геніюш. Тым не менш, у Празе Іван Ермачэнка стварыў уласнае прыватнае выдавецтва, якое выпускала кнігі. Ён фінасаваў выданне часопіса «Іскры Скарыны», першы нумар якога пабачыў свет 3 ліпеня 1931 года. У ім друкавалі свае артыкулы, разважанні і вершы Тамаш Грыб, Васіль Захарка, Уладзімір Жылка і іншыя беларускія дзеячы.


Беларуская народная Самапомач

У 1940–1941 гадах, як пісаў гісторык Юры Туронак, Іван Ермачэнка займаўся арганізацыяй беларускіх лекараў у Германіі. Ён актыўна супрацоўнічаў і сябраваў з доктарам Вагнерам, які ў сярэдзіне 1941 года заняў у міністэрстве акупаваных усходніх зямель пасаду загадчыка аддзела, а таксама сачыў за дзейнасцю аддзяленняў Самапомачы на акупаваных абшарах СССР. Дарэчы, Беларуская народная Самапомач была заснавана Ермачэнкам у Мінску ў 1941 годзе. Адначасова Іван Ермачэнка кантактаваў з прафесарам Мэндэ, з якім часта вёў гутаркі наконт гісторыі і становішча на Беларусі. Прафесар Мэндэ хутка заняў высокую пасаду ў міністэрстве Розенберга. Гэтае сяброўства і сувязі садзейнічалі Івану Ермачэнку ў яго будучай кар’еры падчас акупацыі.

Галоўная Рада Беларускай Самапомачы ў Мінску, 1942 г. Сядзіць трэці справа Іван Ермачэнка

Галоўная Рада Беларускай Самапомачы ў Мінску, 1942 г. Сядзіць трэці справа Іван Ермачэнка

Восенню 1941 года Іван Ермачэнка прыехаў у Мінск. Ён сур’ёзна пачаў займаецца Самапомаччу, якая задумвалася акупацыйнымі ўладамі як дабрачынная арганізацыя для апекі над збяднелым насельніцтвам. Але, дзякуючы Івану Ермачэнку, удалося стварыць агульнабеларускую арганізацыю, якая займалася не толькі сацыяльнымі пытаннямі, але і пытаннямі школьніцтва, культуры і грамадскага жыцця. Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ падтрымліваў беларускія справы Івана Ермачэнкі. Шырокая нацыянальная дзейнасць Самапомачы ўзняла нацыянальную самасвядомасць і арганізаванасць беларусаў падчас акупацыі. Але гэты беларускі нацыянальны ўздым выклікаў незадавальненне ў акупацыйнай палітычнай паліцыі (СД). Пачалася прыхаваная барацьба, ахвярай якой стаў Ермачэнка. Напачатку 1943 года гітлераўскія спецслужбы пачалі сачыць за кіраўніком Самапомачы, бо ўбачылі ў ім вялікую небяспеку. У красавіку 1943 года яго выслалі ў Прагу пад нагляд гестапа.

Першы з'езд акруговых кіраўнікоў Беларускай Народнай  Самапомычы ў Мінску, 1942 год. Сядзіць пяты злева Іван Ермачэнка

Першы з'езд акруговых кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомычы ў Мінску, 1942 год. Сядзіць пяты злева Іван Ермачэнка


Падазрэнне ў забойстве Кубэ

Выбухам міны ў Мінску 22 верасня 1943 года быў забіты генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. У сувязі з гэтым у Празе быў арыштаваны Іван Ермачэнка, які падазраваўся ў арганізацыі забойства. Спачатку яго пасадзілі ў турму, а потым на цягніку адправілі ў канцлагер.

Ратаваць беларуса пачалі той самы прафесар Мэндэ і жонка Вера Шафер. Цудам выратавалі. А вясной 1945 года Іван Ермачэнка разам з сям’ёй з Чэхіі з’ехаў у Заходнюю Германію, а праз тры гады эміграваў у ЗША.


На эміграцыі

У ЗША Іван Ермачэнка разам з некалькімі беларусамі заснаваў Задзіночаны (Злучаны) беларуска-амерыканскі дапаможны камітэт у Саўт-Рыверы. Тады пачаў выдавацца і часопіс «Беларус у Амерыцы», дзе друкаваўся і сам спадар Ермачэнка.

Да канца свайго жыцця (памёр 25 лютага 1970 года) Іван Ермачэнка быў сябрам рэдакцыйнай камісіі Беларускага Кангрэсавага камітэта Амерыкі, якая рыхтавала да друку гісторыю Беларусі на англійскай мове.

Іван Ермачэнка

Іван Ермачэнка

Архіў

У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі ў Маскве (фонд 5875) знаходзіцца шмат дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю былога намесніка міністра замежных спраў БНР. Гэтыя дакументы паступілі туды пасля Другой сусветнай вайны. Ёсць там справаздачы Ермачэнкі, паслужныя спіскі і пасведчанні за 1916–1920-я гады, студэнцкія дакументы і перапіска з чэшскімі медыкамі, з беларускімі эмігрантамі, са сваякамі, дакументы пра знаходжанне яго ў Белай арміі і іншыя. Дакументы падчас дзейнасці Ермачэнкі на паса­дзе генеральнага консула БНР у Канстанцінопалі знаходзяцца і ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 827).