Юрка Лістапад: незайздросны лёс вяртанца ў БССР

7 красавіка 1897 года нарадзіўся Юрка Лістапад — знакавая постаць для беларускага руху першай паловы ХХ стагоддзя. Чалавек няпростага лёсу, які ўвасобіў у сваёй асобе імкненне беларусаў да самастойнасці. Давайце больш дэталёва паглядзім на яго персону.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: alternativaby.net

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: alternativaby.net

Юрка Лістапад нарадзіўся ўвесну 1897 года на Случчыне. Край гэты на той час быў не проста заможным па мерках усёй астатняй Беларусі, але сапраўдным бастыёнам беларускай справы. Біяграфія Лістапада шмат у чым тыповая для беларускага актывіста таго часу: у 1914 годзе ён скончыў настаўніцкую семінарыю ў літоўскім Панявежысе, дзе раней вучыўся Іван Фёдараў, вядомы нам усім пад псеўданімам Янка Маўр. 

Выкладаў у родных мясцінах, потым працягнуў навучанне ўжо ў Мінску. У 1918-1919 гадах былі арганізаваны Беларускія педагагічныя курсы, дзе выкладалі знакавыя для тагачаснага беларускага руху постаці — Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, Антон Трэпка ды іншыя. Там Юрка Лістапад зацікавіўся літаратурай — яго апавяданне «Слуцкае вяселле» было апублікавана на старонках газеты «Беларусь». А сам аўтар адзначаны як добры знаўца беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. 

Увосень 1920 года Лістапад — ужо сфарміраваны беларускі дзеяч, гатовы змагацца за права свайго народа на незалежнасць. Гэта ідэальны час, каб праявіць сябе маладому пасіянарнаму чалавеку, бо землі былога Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў фазу турбулентнасці. Прыкладна ў адзін час адбылося некалькі знакавых падзей, які вырашылі лёс рэгіёна: «мяцеж» генерала Люцыяна Жалігоўскага, у выніку якога была абвешчана так званая Сярэдняя Літва, а Віленшчына засталася за палякамі, «Палескі паход» генерала Станіслава Булак-Балаховіча, які паспрабаваў сябе зрабіць «начальнікам» Беларускай дзяржавы і Слуцкае паўстанне. 

Юрка Лістапад прыняў актыўны ўдзел у падзеях на Случчыне. Ён увайшоў у Беларускую Раду Случыны, а потым далучыўся да Слуцкага паўстання, якое пачалося ў лістападзе 1920 года і праз некалькі месяцаў было жорстка задушана бальшавікамі. Прычыны паўстання даволі простыя: заможныя сяляне не хацелі дзяліцца з камуністамі, якія ў той час практыкавалі так званыя харчразвёрсткі. А «сваё» лепей адчуваецца тады, калі і сапраўды ёсць што губляць. 

Случчына на пэўны час апынулася такім сабе буферам, «шэрай зонай» паміж палякамі, якія адступалі згодна з папярэднімі дамоўленасцямі, і бальшавікамі, якія павінны былі заняць Слуцк і ваколіцы. Мясцовыя жыхары вырашылі скарыстацца гістарычным момантам і ўзяць справу ў свае рукі, абвясціўшы сябе часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пры гэтым беларускія дзеячы Случчыны спрабавалі наладзіць з палякамі прыязныя стасункі, каб тыя сама меней не заміналі, а яшчэ лепей — дапамаглі ў справе змагання з бальшавізмам. 

Натуральна, яны не ведалі аб тым, што Рада БНР годам раней зведала раскол на Народную і Найвышэйшую рады. Урад Вацлава Ластоўскага, які прэтэндаваў на поўную легітымнасць, быў у Коўне і завязаў прыязныя стасункі з літоўскімі ўладамі. Пры іх спрыянні была арганізавана антыпольская партызанка, дзе першую ролю адыгрывалі беларускія эсэры, якія ў сваю чаргу не без сімпатыі глядзелі ў бок Саветаў. А «прапольскі» ўрад Антона Луцкевіча аказаўся проста паралізаваным…

Для літоўцаў падтрымка беларусаў, заключэнне тых ці іншых дамоў насіла кан’юнктурны характар ад пачатку 1918 года, калі ў лютым была абвешчана Літоўская Рэспубліка, а следам у сакавіку паўстала і БНР. Справа ў тым, што беларусы ў той момант (нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне) усё ж уяўлялі з сябе хай і невялікую, але сілу, і іх можна было смела ангажаваць у літоўскія справы. Варта прыгадаць хаця б беларускія аддзелы ў складзе войска міжваеннай Літвы, а таксама тых самых партызанаў на Віленшчыне і Беласточчыне. Разам з тым беларусы былі адзінымі суседзямі літоўцаў, якім можна было не абяцаць нейкай пэўнай канкрэтыкі. 

Пасля паражэння паўстання Юрка Лістапад перабіраецца ў Заходнюю Беларусь, якая тады кантралявалася палякамі, і працуе там школьным інспектарам. Так зрабілі многія ўдзельнікі Слуцкага паўстання, якія неўзабаве далучацца да нелегальных беларускіх партый, найперш КПЗБ, што паўстала ў 1923 годзе. 

У наступным, 1921 годзе, на старонках віленскай газеты «Наша думка» з’явяцца ўспаміны Лістапада аб падзеях паўстання, напісаныя па гарачых слядах. Яны маюць даволі красамоўную назву — «Узбіліся на свой шлях». У тым тузіне старонак ён спрабаваў адрэфлексаваць прычыны не толькі паражэння ўласна паўстання на яго роднай Случчыне, але і агулам паражэння беларускага руху, які так і не змог здабыць незалежнасці беларускай дзяржаве.

Ягоны нарыс канчаецца горкімі радкамі, якія напісаны ў найлепшых традыцыях антычнай героікі: 

«Інтэрнаваную частку брыгады з штабамі палкоў палякі 23 снежня завезлі ў м. Беласток у канцэнтрацыйны лагер. Там небаракі паўстанцы-слуцакі, першыя на ўсёй Беларусі падняўшыя сцяг узброенай барацьбы за незалежнасць бацькаўшчыны, сядзяць цяпер паўгалодныя, босыя, голыя, у адных трамцях. Нягледзячы на свой марны лёс яны цешацца, што зрабілі вялікую працу, якая будзе залічана ў будучыне. Жывуць яны адною надзеяй на тое, што Беларусь не згіне, што Беларусь уваскрэсне».

Глядзіце таксама

Але ў хуткім часе Юрка Лістапад вернецца ў Савецкую Беларусь, дзе паціху-пакрысе пачнецца беларусізацыя і людзі, якія добра валодаюць беларускай мовай і прыхільны да беларушчыны, будуць запатрабаваны. Пазней такі самы крок зробяць і лідары паўстання — Уладзімір Пракулевіч і Павел Жаўрыд. Вярнуўся ў 1927 годзе і Вацлаў Ластоўскі, які адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці яшчэ ўвесну 1923 года і займаўся выключна культурніцкімі справамі. Здзіўляцца іх выбару не выпадае, бо ў сярэдзіне 20-х гадоў савецкі Мінск і праўда быў адзіным месцам, дзе беларушчына квітнела і пачувалася адносна вольна. 

У 1923-1925 гадах Юрка Лістапад працуе на курсах беларусазнаўства ў Слуцку. Такія заняткі былі арганізаваны тады па ўсёй невялікай рэспубліцы з мэтай вырошчвання мясцовай інтэлігенцыі. На іх вывучалі беларускую мову, літаратуру, гісторыю і культуру. Адным словам усё тое, што і было цікава Лістападу. Менавіта там, на гэтых самых курсах, ён завядзе знаёмства з Якубам Коласам, якое потым адыграе значную ролю ў лёсе нашага класіка. 

Многае рабілася на голым энтузіязме, таму неабыякавыя і пасіянарныя беларускія актывісты былі для бальшавікоў у той час літаральна на вагу золата — улады часцяком былі гатовы заплюшчваць вочы на выразна антысавецкія пагляды многіх з іх. Натуральна, што за многімі наглядалі, сачылі, падслухоўвалі. Але гэта быў адносна вегетарыянскі перыяд у беларускай гісторыі, калі нават умоўнай лаяльнасці было дастаткова, каб пачувацца адносна вольна. 

Гэтым і скарыстаўся Юрка Лістапад, калі стварыў невялічкі патрыятычны гурток са сваіх навучэнцаў. Нічым асабліва крамольным у яго межах не займаліся: складалі вершы, чыталі і абмяркоўвалі кніжкі, цікавіліся ўсім беларускім. Але летам 1925 года ў некалькіх вёсках на Случчыне на тэлеграфных слупах з’явіліся антысавецкія ўлёткі з заклікам да сялян рыхтавацца да будучай вайны, каб «збудаваць вольную незалежную Беларусь». Вядома, што такая «акцыя» не магла застацца незаўважанай, і ўжо ўвосень пачаліся арышты і ператрусы. 

Уцягнутым у гэту справу аказаўся нават Якуб Колас, які быў знаёмы з удзельнікамі гуртка і нават аказваў ім пэўную дапамогу. Ён не проста чытаў іх аматарскія вершы, але і даваў грошы таленавітым маладзёнам, якія былі ў цяжкім фінансавым становішчы. Праз гэта ў яго на кватэры адбыўся ператрус, а потым класіку даводзілася хадзіць на допыты ў ГПУ, якія праводзіў сам Іосіф Апанскі. Пазней менавіта ён адправіць за краты Францішка Аляхновіча

Глядзіце таксама

Увесну 1926 года ў Мінску пачаўся адкрыты судовы працэс над «лістападаўцамі». Тагачасныя савецкія газеты з вялікай ахвотай давалі інфармацыю з пасяджэнняў і значным чынам раздзьмувалі маштабнасць: наўрад ці хто і тады шчыра верыў, што жменька маладых патрыётаў здолее адарваць ад Савецкага Саюза новапаўсталую рэспубліку. Але ў выніку фігуранты ўсё адно атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны, якія потым былі скасаваны — бальшавікі праз малады ўзрост нібыта «прабачылі» бунтаўшчыкам. 

Пасля Юрка Лістапад займаўся перакладамі, працаваў у выдавецтве і думаў нават перакласці на беларускую мову «Капітал» Карла Маркса. Яго, можа, і пакінулі б у спакоі, калі б на пачатку 30-х гадоў па ўсім СССР не распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў нацыянальных эліт. А ён са сваёй біяграфіяй быў ідэальным кандыдатам для сяброўства ў неіснуючым Саюзе вызвалення Беларусі. 

Справу раскруцілі ў 1930 годзе, і па ёй праходзіла больш за сотню чалавек. На кіраўніка саюза думалі спачатку прызначыць Янку Купалу, але потым спыніліся на асобе Вацлава Ластоўскага, той быў таксама ўзорным кіраўніком міфічнага нацыянальнага падполля. Арыштаваныя былі і былыя случакі — Уладзімір Пракулевіч, які працаваў у бібліятэцы, і Павел Жаўрыд. Усе яны на наступны год без судовых прыгавораў, але па пастановах ГПУ былі высланы з Беларусі. 

Для Юркі Лістапада гэта не значыла нічога добрага. Яго будуць зноў і зноў арыштоўваць па такіх надуманых справах, а потым адправяць у Байкала-Амурскі лагер, дзе ён будзе паводзіцца непакорліва. Там яго ўвесну 1938 года спачатку асудзяць на смерць, а потым і расстраляюць. У гісторыі беларускага руху ён так і застанецца неўтаймаваным… 

Глядзіце таксама