Ніна Багінская: Кожны народ — як тая кветка: хоча размаўляць на сваёй мове

30 снежня свой 76-ты Дзень народзінаў адзначае адна з самых вядомых жанчын беларускай сучаснасці, сімвал пратэстаў 2020 года Ніна Багінская. Адмыслова да гэтага дня мы паразмаўлялі з Нінай Рыгораўнай пра яе жыццё і яе пратэст.

img_6782_logo_censored.jpg

Пра сям’ю і свае карані

Дзед паходзіў са старой беларускай шляхты, якая не мела зямлі, з сядзібы Шулякі пад Слуцкам. Ён вучыўся ў слуцкай гімназіі, пасля быў начальнікам пошты. Пры цары яго як інтэлігента выслалі ў Крым, дзе Паўднёвы Буг. Там ён увайшоў у беларускую дыяспару і ў гэтай дыяспары знайшоў маю бабулю. Бабуля была настаўніцай малодшых класаў.

Калі пачалася грамадзянская вайна, сям’я прыехала ў Слуцк. Дома свайго ў іх не было, даводзілася здымаць памяшканне. Падчас Другой сусветнай, калі немцы наступалі, падрывалі масты, а калі адступалі, будавалі масты. У бацькі была вышэйшая адукацыя будаўніка, але не было да яго даверу з боку ўлад, і таму яго адправілі будаваць умацаванні пад Масквою. Калі немцы падыходзілі да Масквы, бацька паехаў на Урал, таму ён не быў на фронце — і гэта ўратавала яго жыццё.

Ён быў бяссрэбранікам. І за што я яго паважаю — не піў, не курыў і дажыў да 90 гадоў.

Моўнае пытанне

Пачалося ўсё, напэўна, яшчэ са школы. Дзеці вайскоўцаў у школе на Якуба Коласа былі вызвалены ад вывучэння беларускай мовы. У нашым класе два разы на тыдзень яе вучылі толькі недзе 30%. Часам з нас смяяліся — з-за нейкіх слоў, а гэта не зусім прыемна, некаторыя нават саромеліся беларускай мовы. Я вучыла мову прынцыпова, але размаўляла на «гарадской», бо беларуская лічылася «вясковай».

Адразу пасля школы я не захацела вучыцца, бо была памяшаная на спорце, круціла ровар. Потым працавала на заводзе імя Леніна мантажніцай радыёапаратуры, наш цэх выпускаў дазіметры для танкаў. І вось неяк пад Новы год прыйшоў ваенпрад і спытаў: «Хто хоча паехаць на Паўднёвы Урал? Там новыя дазіметры выпускаюць». Я туды паехала і тады ўпершыню пабачыла, што такое Масква. Мне было агідна.

img_2537_1024x683_logo_1_1_1.jpg

Памятаю, заправіла штаны ў боты, надзела доўгі швэдар — бо зіма, што ж я паеду мерзнуць! Прайшла міма ваенпрада, а ён мне сказаў: «Что ты так вырядилась? В ресторан тебя не хотят пускать, потому что ты очень модно одета, по-западному». Яны тады, у 1967 годзе, таксама ненавідзелі Захад і ганілі нас за тое, што мы хадзілі ў джынсах, запраўлялі іх у боты, што глядзелі на заходнюю культуру.

У такой абстаноўцы я расла. Але ў маім асяродку такое высмейвалася, бо я ўжо пачытала Сахарава і пра Бабін Яр, хто каго страляў падчас вайны.

Пасля таго, як я трапіла ў аварыю, мне забаранілі працаваць, і я вырашыла пайсці вучыцца. Паступіла ў Івана-Франкоўск на «Нафтавую геалогію» і званіла адтуль бацьку, каб перавесціся ў Беларусь, бо першыя два гады было вельмі цяжка: я не ведала ўкраінскай мовы. Дзяўчаты ў інтэрнаце пыталі: «А чаму ты размаўляеш па-руску? Ты што, маскалька?» Не, кажу, я беларуска. «Дык размаўляй па-беларуску!» Так я стала ўспамінаць беларускую мову.

БНФ і Зянон Пазняк

Калі я вярнулася ў Беларусь, тут ужо з’явіліся забароненыя газеты. Маёй суседкай была сястра дзяўчыны, з якой мы разам працавалі, і яна сядзела ў адным пакоі з Зянонам Пазняком. Адпаведна, усе матэрыялы БНФ, якія Зянон пачаў ствараць, пайшлі да яе ў рукі. Яна была незамужняй, не ўладкавала сваё жыццё і таму ўдарылася, як кажуць, у гэтую гісторыю, у гэтую праўду, у палітыку.

У Савецкім Саюзе тады ўжо пачалася нястача. Наш інстытут быў у Сцяпянцы, побач з вайсковай часткай. Некаторыя вайскоўцы працавалі ў нашым інстытуце, і дзякуючы ім нас прапускалі праз КП на тэрыторыю, дзе была крама. Там мы куплялі крупы для сваіх дзяцей, напрыклад, грэчку, якой сто гадоў не было ў звычайных крамах. Гэта таксама давяло мяне да таго, што я паверыла Зянону Пазняку.

А потым пачалі пісаць і пра Чарнобыль, пра які схавалі праўду. Але ў геолагаў, асабліва ў геадэзістаў, былі дазіметры, мы ездзілі па ўсёй Беларусі, склалі мапу загаджанасці Беларусі радыёнуклідамі — яны плямамі былі паўсюль, проста паўсюль. Напэўна, і зараз ёсць.

Цяпер, як і тады, нас гэтак жа сутыкаюць адно з адным. Як у БНФ, калі з Пазняком усе сутыкаліся. Мы ў партыі сварыцца пачалі, бо адны адно гавораць, другія — іншае. Адны штосьці сказалі Лявону, другія — Вячорку. Таму Пазняк і з’ехаў. Яму далі зразумець: з табою будзе тое ж, што і з Захаранкам. (Верагодна, тут адбылася нейкая памылка: Зянон Пазняк з’ехаў з Беларусі ў 1996 годзе. — Заўв. рэд.) Некаторыя яшчэ пачалі ганіць яго: «Баязлівец, баязлівец...». Ну і што? Кожны чалавек павінен бараніць сваё жыццё і думаць, як яму дапамагчы іншым людзям і не зрабіць зла.

Пра наступствы 2020 года, сцягі і здароўе

Кепска я яго перажыла. На мяне кідаліся тады, забіралі сцяг, таксама ў вар'ятню піхалі. Усяляк было.

Зло мяне разабрала асабліва ў 2021 годзе. Калі сталі арыштоўваць моладзь, я так раззлавалася! Яны ж вырывалі мабільнікі з рук, раскідвалі людзей. Я аднаму з тых, хто за намі назіраў, дала нагой па бутсах і сарвала ў яго прыбор назірання, адкінула. Але потым я пакаялася і папрасіла ў іх прабачэння, сказала, што так дзіка сябе паводзіць больш не буду. Я разумею, што выбух нянавісці трэба ў сабе гасіць. І чым чалавек старэйшы, тым больш ён павінен разумець: нянавісць правакуе яшчэ большую нянавісць.

img_6704_1_logo_censored.jpg

Я падлічыла: 16 сцягоў адабралі. У мяне тады яшчэ былі пальцы пашкоджаныя, загнойваліся. Цяпер нямеюць рукі, скалечаныя ўсе, бо я не толькі на вуліцах млела і падала — я падала і ў сябе дома на газавую пліту. Вось так упала і спаліла палец. Была адна дома, апрытомнела, думаю: «Халера, зноў самлела». Пайшла ў паліклініку, пачалі там лячыць, але занадта позна ўсё гэта і занадта моцна пашкодзіла. Карацей, палец давялося адрэзаць, і пасля гэтага пачалі млець рукі, цяпер мне складана шыць. Палову сваіх таблетак, якія цяпер нашу з сабой, прапіла да вясны. Я змагаюся за сябе і буду змагацца.

Нядаўнія акцыі, затрыманні і... Навінкі

19 верасня гэтага года я пайшла з бел-чырвона-белым сцягам ад Акадэміі мастацтваў — па шляху Алеся Пушкіна. Ні з Савецкага РУУСа, ні з Першамайскага, ні з Партызанскага мяне ніхто не зачапіў. Людзі падыходзілі, рабілі фота, віталі мяне. Я прайшла плошчу Перамогі — і вось там пад’ехаў невялікі аўтобус, мяне культурна ўзялі пад рукі, калі я пераходзіла мост праз раку. Завезлі мяне ў Цэнтральнае РУУС і сталі пужаць: пасадзілі за краты, у клетку — туды, куды ўсялякіх злачынцаў завозяць і палітычных зняволеных. Там ужо сядзеў бомж, у якога была кароста. Потым яны яго вывелі, прывялі чалавека, які рэзаў сабе вены. Пасля прывезлі яшчэ чалавека, які быў п’яны і стаў кідацца на блізкіх, захацеў іх забіць. Карацей, паказалі мне ўсю гэтую кухню.

Я ім сказала: «Тыя міліцыянты, якія са мной размаўлялі, не забралі ў мяне сцяг і тронак, а вы забралі, з вамі я размаўляць не буду». І яны выклікалі псіхбрыгаду, павезлі мяне ў Навінкі, не першы раз ужо. Гэта ўсё цягнецца з 25 сакавіка, тады таксама вазілі туды.

Разумееце, я не магу здрадзіць сваім сябрам. Пакуль палітзняволеныя сядзяць, я лічу, што такія агульныя святы я павінна адзначаць самотна, пэўнымі акцыямі.

Выпусцілі з Навінак, але міліцыя пасадзіла мяне ў аўтазак і прывезла ў тое ж РУУС. Зноў тое самае: я там сяджу і не размаўляю з імі. Сказала: «Буду спаць. Як будзе прыступ — ратуйце самі». Можа, яны перапудзіліся, але яшчэ раз выклікалі гэтую хуткую дапамогу і павезлі ў Навінкі, толькі ўжо не да лекараў.

Мяне выклікаў галоўны ўрач гэтай установы і папрасіў: «Спадарыня Багінская, вы разумееце сітуацыю? Яны прымушаюць маіх лекараў вас пасадзіць сюды. А гэта ж пойдзе розгалас! Я таксама не магу дапусціць, каб лекараў пазбаўлялі працы і помсцілі ім, таму прашу вас: не хадзіце ў горадзе з бел-чырвона-белым сцягам. Ідзіце ў лес!»

Я адказала яму: «На сто адсоткаў я не абяцаю, але нейкія святы буду адзначаць самотна ў лесе».

Курапаты

Калісьці я далучылася да руху «Разам», мы з імі аб’ездзілі Трасцянец, парк Чалюскінцаў, Хатынь, былі паўсюль на могілках, а асабліва — у Курапатах. Калі Лукашэнка адмовіў Сіўчыку і Талстой у «Годзе памяці ахвяр рэпрэсій», яны сказалі: «Кожны год збіраемся 29 лістапада ў Курапатах са сцягамі, кветкамі і знічамі».

dzijana_seradzjuk_kurapaty__3__logo_1.jpg

29 кастрычніка я ўзяла сцяг і паехала туды. Ужо былі прыцемкі, таго сцяга і не бачна было, нават калі машыны праязджалі. Але калі я ў пераходзе ішла, мяне некаторыя пазнавалі. Дзве спадарыні падышлі, павіталі мяне і папярэдзілі: «Спадарыня Багінская, там міліцыя». Трое міліцыянтаў — культурна пасадзілі ў машыну, завезлі ў Бараўлянскую міліцыю, забралі сцяг. Адна спадарыня яшчэ і бчб-значок з паліто папрасіла, я ёй падарыла. І адпусцілі. Я села на аўтобус і прыехала дадому.

Слуцкі збройны чын

Потым паехала ў Слуцк. 27 лістапада — Слуцкі збройны чын — я таксама святкую, бо ў Слуцку пахаваны мой дзед, мае бацькі да вайны жылі там.

Прыехала і адразу пайшла на могілкі ў цэнтр горада, дзе ў 1939 годзе не стала майго дзеда: бабуля падазравала, што яго прыбраў НКУС. З вялікім сцягам, што пашыла мая ўнучка Янка, якая цяпер у выгнанні, я падышла да магілы і стала маліцца. Памалілася за Беларусь, за народ, за блізкіх, за сябе і нават за чалавека — сучаснага чалавека, які б’ецца на войнах і сябе ганіць замест таго, каб ачышчаць зямлю, што стала клаакай. Акіяны заражаныя, усё заражана. Мы будзем выміраць — вось пра што трэба клапаціцца.

Потым ззаду падышла міліцыя. Культурна сказала: «Складваем сцяг, сыходзім». Я адказваю: «Хлопцы, а я не хачу вам падпарадкоўвацца».

«Не, Багінская».

Я склала сцяг, падпарадкавалася. Яны тут жа пасадзілі мяне ў машыну, павезлі ў слуцкую міліцыю, забралі сцяг, патрымалі мяне і адпусцілі. Нават у лесе са сцягам забіраюць. Дзе хадзіць?

«Я стамілася»

Фактычна, я сцяг бяру і для людзей. Але не хачу быць гераіняй — гэта не маё. Я стамілася. Падыходзяць людзі і пытаюцца: «Ой, а што вам падарыць?» Прыносяць — а мне не трэба! Я ім кажу: «У мяне прымхі. Калі я бяру падарунак, мне потым будзе горш». Лепш аддаць. А навошта мне? Ежа ў мяне ёсць, усё ёсць. Пра мяне не трэба клапаціцца. Я што вырашчу — тое і з’ем. Не хачу нічога чужога, не люблю нічога замежнага — ні адзення, ні ежы, нічога. Хачу толькі, каб быў мір — і ў нашай краіне, і паўсюдна.

Што будзе далей, я не ведаю. Пуцін учора прыехаў — што толку я пайду? Што толку? Людзі падыходзяць — і за тое, што яны да мяне падыходзяць, іх могуць таксама пасадзіць. Я ўжо баюся, кажу: «Не падыходзьце да мяне блізка, не вітайце мяне».

Ніна Багінская на Кастрычніцкай плошчы Мінска з плакатам «Новы час»

Ніна Багінская на Кастрычніцкай плошчы Мінска з плакатам «Новы час»

Лукашэнка ўжо не знімае з мяне 50% пенсіі, толькі 20%. Я сказала: «Не саступлю, бо лічу сябе рэпрэсаванай». Але больш я лічу рэпрэсаванай моладзь. Няхай у нас не будзе палітычных зняволеных! І ўвогуле, дэмакратыю трэба берагчы. Усе таталітарныя сістэмы распадаліся. Старая Рымская імперыя чаму распалася? Там таксама было шмат народаў, а мова мусіла быць рымскай.

Кожны народ — як тая кветка: хоча размаўляць на сваёй мове. І таму я паважаю сваю сястру і яе мужа: ён загадаў хаваць сябе на малой радзіме, і ў яго на помніку надпіс па-беларуску. І мая сястра сказала: «Я памру — мяне туды, да мужа, і таксама зрабіце надпіс па-беларуску». Я сваім дзецям таксама загадала: «У мяне і бабуля, і мама, і тата на Маскоўскіх могілках пахаваныя, на Вайсковых могілках сваякі, муж і продкі маіх дзяцей, класці свае косці я туды не хачу. Дзед там ляжыць адзін. Вось няхай мяне спаляць у крэматорыі і пахаваюць у Слуцку».

Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе Ніну Рыгораўну з Днём народзінаў і жадае здароўя, сіл, спакою і вольнай Беларусі!