Генадзь Коршунаў: Успрыманне Расіі як вялікай сілы, якая стаіць на баку святла, паступова разбураецца

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў распавёў «Салідарнасці», як змяніліся за 2022-ты беларусы і краіна.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__1_logo.jpg

Сацыёлаг вылучае чатыры напрамкі, якія разам утвараюць агульную карціну года: вайна ва Украіне, дзеянні ўлад, а таксама тое, што рабілі беларусы замежжа і беларусы ўнутры краіны:

— На першым месцы мусіць быць вайна, якая зрушыла ўсіх. Значная частка беларусаў, нават якія не знаходзіліся ва Украіне, адгукнуліся і прапусцілі гэта праз сваё сэрца.

Многія беларусы адчулі долю віны за тое, што Беларусь аказалася суагрэсарам. Але і нямала тых, да каго вайна «не дайшла».

Прапаганда на ўсю моц кажа, што мы, маўляў, у вайне не ўдзельнічаем. Хлусіць, натуральна, але такі наратыў ёсць, і яго шмат каму прыемна слухаць.

З іншага боку, іх усё адно ваенная праблематыка закранае: усе ведаюць, што вайна ва Украіне ідзе, і ведаюць, што напала Расія (гэта ўвогуле ўзрывае мозг, бо раней большасці жыхароў постсавецкай прасторы немагчыма было такое ўявіць).

Разуменне Расіі як вялікай сілы, якая стаіць на баку святла, паступова разбураецца, хоць і з рознай хуткасцю. Усё ж грамадская свядомасць — штука інерцыйная, да таго ж пачынаюць працаваць механізмы самаабароны: калі здараецца нешта, што ў тваю карціну свету не ўкладаецца (як гэта — расіяне забіваюць мірных жыхароў Украіны?!), розум гэта адпрэчвае. Чым і карыстаецца прапаганда, распавядаючы, што мы да ўсяго недатычныя, і наогул вінаватыя не расіяне, а калектыўны Захад.


Зрэшты, адмаўляючы беларускі ўдзел у вайне, улады адначасова робяць мабілізацыйныя захады. У выніку, зазначае эксперт, спрацоўвае беларускі архетып «абы не было вайны». Людзі больш пачынаюць цаніць тое, што маюць: што ва Украіне вайна, а ў Беларусі — мір, што ў РФ была мабілізацыя, а ў нас — не, што паўсюль жыццё даражэе, а беларускія ўлады нібыта апякуюцца простым чалавекам, вось і рост цэн абмежавалі.

— Калі казаць пра тое, што робіць рэжым, гэта можна назваць адным словам — саветызацыя. Такі паскораны адыход у мінулае шмат па якіх пазіцыях. Гэта і абрыў сувязяў з Захадам — апроч санкцый і «сіметрычнага адказу», добра бачна, як рэжым выходзіць з розных міжнародных пагадненняў.

У эканоміцы — усё большае вяртанне і ўмяшальніцтва дзяржавы, што на прыкладзе коштаў, што ў пагрозах адбірання прадпрыемстваў у замежных інвестараў.

Вяртанне да савецкіх механізмаў мы бачым у галіне кіравання, якое ўсё больш пераходзіць у ручны рэжым, калі працуюць не законы, а наўпроставыя загады. Дадамо сюды мілітарызацыю і ідэалагічны кантроль, якім зараз прасякнута фактычна ўсё.

Асабліва добра гэта бачна ў галіне адукацыі (спецфакультатывы, дзіцячыя вайскова-патрыятычныя клубы і г.д.). У гэтым сэнсе была вельмі паказальная фраза Качанавай, што кожны прадстаўнік сферы адукацыі, ад школы да дзіцячага садка, мусіць быць ідэолагам.

Тое ж і з мілітарызацыяй. І раней былыя вайскоўцы, КДБшнікі, іншыя выхадцы з сілавога блока назначаліся на ключавыя пазіцыі ў дзяржорганы. Цяпер сілавыя ведамствы наўпрост пачынаюць курыраваць цэлыя напрамкі: міліцыя і пракуратура «падмінаюць» пад сябе сферу адукацыі, культуры; пачала вельмі моцна працаваць цэнзура, і мы бачым, як забараняюць выставы, спектаклі, канцэрты.


Упор на тое, што мусіць быць толькі адна ідэалогія, прыводзіць да вынішчэння ўсяго «чужога», любога іншадумства: школы, што польскія, што літоўскія — забараняюцца, беларушчына — ацэньваецца як пагроза (да 2022-га ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў не было беларускамоўных кніг, сёння ж іх там процьма; арыентаваныя на беларускія кнігі выдавецтвы вынішчаюцца і г.д.).

Наогул, асноўным сродкам, праз які дзяржава стасуецца з грамадствам, сталі рэпрэсіі. Узяць сферу медыя: за бягучы год улады заблакіравалі больш як 3000 інтэрнэт-рэсурсаў, больш як 770 тэлеграм-каналаў і чатаў з канца мінулага года прызнаны «экстрэмісцкімі».

Рэпрэсіі становяцца групавымі і выкарыстоўваюцца для кантролю і ціску, калі людзей на адным прадпрыемстве ці ў адным горадзе хапаюць дзясяткамі — напэўна, найбольш буйны выпадак быў у Акадэміі навук, дзе пад «хапун» трапілі амаль 50 чалавек.

Таму значная частка беларускага грамадства ўнутры краіны, зазначае Генадзь Коршунаў, вымушана перайшла на «партызанскі» рэжым:

— Чымьсці гэта нагадвае дысідэнцкі рух, які быў у Савецкім Саюзе, калі ты мусіш прыхоўваць тое, што ты думаеш, што ствараеш і пішаш. Тым не менш, гэты рух, кропкай адліку якога застаецца 2020 год, даволі магутны.

Мы рабілі даследаванне па калектыўнай траўме грамадства, і адзін з яго вынікаў — 2020-ты застаецца жывым у эмоцыях і ў памяці людзей.

Для мяне было здзіўленнем, што 2020 год запомніўся як нешта велічнае і што ў ім няма расчараванняў. Людзі кажуць: паўтарылі б тое, што было, і нават былі б больш актыўныя; бачаць гераічныя сэнсы тых падзей. Гэта вельмі моцная штука, якая захоўвае патэнцыял нацыянальнага самавызначэння.

У гэтым сэнсе, думаю, старонка не перагорнута і наўрад ці перагорнецца, прынамсі, для тых, хто прымаў удзел у пратэстах ці ім спачуваў.

Праявы гэтага мы бачым дасюль, асабліва ў партызанскім супраціве — згадаем «рэйкавых партызан», якія супраціўляліся прыходу расійскіх войскаў. Дый зараз, якімі б ні былі рэпрэсіі і як бы невымерна не ціснулі  ўлады, інфармацыя аб тым, што робяць расійцы, паступае, прынамсі, у «Беларускі Г*юн».

Таму хацелася б вельмі падзякаваць тым, хто застаецца ў Беларусі, хто захоўвае сябе і знаходзіць сілы супраціўляцца рэжыму.

Я лічу, гэтае пытанне трэба ўздымаць як мага часцей, бо адзін з невялічкіх, але прыкметных трэндаў 2022 года — «бульбасрачы» паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Пачынаць іх — дурная ідэя. Але вельмі цешыць, што гэта адзінкавыя кейсы.

Даследаванне, якое мы правялі і вынікі якога прэзентуем у студзені, паказвае, што ўзаемны давер існуе.


… Нарэшце, чацвёрты вялікі напрамак — беларусы замежжа. Тут, канешне, шмат пытанняў: тая калектыўная траўма, пра якую мы казалі, у беларусаў замежжа таксама ёсць і, мабыць, нават крыху большая.

Бо сярод з’ехаўшых нямала тых, хто прайшоў праз гвалт і зазнаў найбольш жорсткія рэпрэсіі. А зверху накладаецца траўма выезду, да якога людзі часцяком не рыхтаваліся: цябе проста выпхнулі з краіны, і ты ў чужым свеце — без рэсурсаў, а мо і без мовы, і прафесію трэба новую — атрымліваем культурны шок.

Але пры ўсім тым беларуская дыяспара застаецца суб’ектам — і палітычным, і эканамічным, і арганізацыйным. Гэта вельмі важна: беларусы ў замежжы ёсць, асэнсоўваюць сябе як беларусаў і дзейнічаюць. І добра, што інстытуцыялізацыя, хай часам спрэчная, ідзе — і прызнаецца паступова Захадам. Тут нельга не ўзгадаць Нобелеўскую прэмію міру нашаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму як праяву ўвагі і павагі да беларускіх праваабаронцаў.

Таксама, лічу, вельмі важная ініцыятыва — супраца з Радай Еўропы, стварэнне беларускай кантактнай групы. Калі я правільна разумею, гэта ўнікальны кейс, калі Рада Еўропы пачынае працаваць не з афіцыйным урадам, а з прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху за мяжой.

А скончыць пералік дасягненняў хацеў бы спасылкай на платформу «Лічб*вая Беларусь»: як мне падаеццца, вельмі перспектыўны і важны праект, які будзе пасаваць не толькі стварэнню сапраўднай дэмакратыі ў Беларусі, але і выхаду на новы, сучасны і стратэгічна важны этап развіцця Беларусі як дзяржавы.

Таму што за лічбавай дэмакратыяй, лічбавай дзяржавай — будучыня, і я вельмі рады, што ў беларусаў ёсць напрацоўкі ў гэтым сэнсе.

— Оксфардскі слоўнік выбраў словам года спалучэнне «рэжым гобліна», палітолаг Уладзімір Пастухоў лічыць, што слова года, прынамсі, для расіян — «нянавісць». А што з беларусамі?

— Я назваў бы не адно, а два словы: «вайна» і «контррэвалюцыя». Чаму так? Бо вайна ўсё адно, што б ні казалі прапагандысты, ідзе. І гэта ўжо зараз уплывае на Беларусь і будзе моцна ўплываць у будучыні. Колькі б вайна ні працягнулася, гэта будзе ўплыў на дзесяцігоддзі.

«Контррэвалюцыя» — калі крыху прыўзняцца і ацэньваць падзеі з гістарычнага гледзішча. У 2020 годзе пачалася вялікая беларуская рэвалюцыя, калі добрая частка грамадства заявіла, што яна — суб’ект, адэкватны лічбавай эпосе, у якую мы шпарка ўваходзім. А ўлады моцна заявілі аб тым, што яны рушаць у мінулае, у лепшым выпадку ў індустрыяльную, а то і ў даіндустрыяльную эпоху.

Але гісторыя ідзе наперад. І практыка рэвалюцый, хоць Вялікай французскай, хоць Кастрычніцкай ці любой іншай, паказвае, што рэвалюцыя часцяком развіваецца хвалепадобна. 2020 год быў годам уздыму рэвалюцыі, а 2021 — годам контррэвалюцыі, якая працягваецца да сёння, і вайна толькі ўзмацніла гэты трэнд, зрабіла яго больш заўважным.

— Што хацелася б пажадаць Беларусі і беларусам у 2023 годзе?

— Я б хацеў пажадаць, каб лёсам Беларусі апекаваліся і вызначалі яго менавіта беларусы. І каб усе, хто хоча жыць у Беларусі — свабодна, вольна, па законе і дэмакратычна — як мага хутчэй туды вярнуліся і будавалі яе такую, свабодную, вольную, дэмакратычную.

І дадам: гісторыя — на нашым баку.