Сацыёлаг: Мы захрасаем у «2020-м», бо дагэтуль не зразумелі яго, не апісалі і не прынялі

Што было ў «2020-м»? Рэвалюцыя, бунт ці назапашаная за дзесяцігоддзе стомленасць выйшла на паверхню? Калі беларусы не будуць прапаноўваць сваю версіі будучыні, то і будаваць яе давядзецца па чужых планах.

imgl0555_logo.jpg

Сацыёлаг, доктар навук Генадзь Коршунаў звяртае ўвагу на тое, што ў беларускай эrспертнай супольнасці не хапае дыскусій. «Мала чытаем, мала абмяркоўваем, мала крытыкуем... Якія гіпотэзы варта пераправерыць, а якія ідэі не вартыя ўвагі? Што і каго варта цытаваць, а што і да прачытання не варта рэкамендаваць? А без абмеркавання, дыскусій і спрэчак няма развіцця ні ў грамадстве, ні ў навуцы», — адзначае сацыёлаг. І звяртае ўвагу на адзін з тэзісаў артыкула Таццяны Вадалажскай пра тое, як прыняць рэальны 2022 год»:

— Зрэшты, нельга казаць, што наогул ніякага абмеркавання няма. Так, напрыклад, «Банк ідэй» паступова спрабуе адрадзіць практыку напісання рэцэнзій на праекты рэформаў, выкладзеныя ў іх на сайце. Зразумела, што пакуль рэцэнзій не вельмі шмат, аднак пачатак добрай справе пакладзены.

Я ж у сваю чаргу хачу звярнуць увагу на тэкст Таццяны Вадалажскай пад назвай «Трэба перастаць даганяць 2020 год і прыняць рэальны 2022», таксама апублікаваны на сайце «Банка ідэй». Гэта невялікі, але важны артыкул, якую рэкамендую да чытання ўсім.

У сваім тэксце Таццяна сфармулявала тры тэзісы, у якіх коратка выклала сваё бачанне тых выклікаў, якія сёння стаяць перад беларускім грамадствам наогул і перад нашай экспертнай супольнасцю ў прыватнасці.


Я, мабыць, спынюся толькі на першым тэзісе (хоць і астатнія не менш важныя). Гэта тэзіс пра выклік, які ўзнікае праз тое, што мы цяпер — і псіхалагічна, і стратэгічна — жывем у розных часах. Так, з аднаго боку, пра гэта яшчэ Вольскі ў свой час спяваў, але, з другога боку, цяпер гэты разрыў перашкаджае дзейнічаць разам, перашкаджае быць калектыўным суб'ектам. Працытую Таццяну:

«Цяпер гэта «мы» раскідана па часовай шкале: ад няскончанага 2020-га ў сумесі болю, гонару і адзінства, да яшчэ не насталага туманнага 2025 або 2027-га, калі ўвасобіцца перамога, якая здарылася ў 2020. А хтосьці наогул выпаў з гістарычнага часу, абцяжараны праблемамі, будучы вымушаны звузіць свой гарызонт мыслення да штодзённасці выжывання».

Дакладнае назіранне. Першую яго частку я магу пацвердзіць нашымі данымі, атрыманымі падчас даследавання калектыўнай траўмы сярод пратэставай аўдыторыі: 76% апытаных да гэтага часу эмацыйна «пражываюць» 2020 год, 79% адчуваюць трывогу адносна магчымых наступстваў для сябе за тыя падзеі. Такая фіксацыя на «2020-м» — яна існуе не толькі з-за яго неверагоднай значнасці (рэвалюцыйнасці, эмацыйнай насычанасці, траўматычнасці г.д.), але і па факце адсутнасці рэфлексіі, канцэпцыі разумення таго, што адбылося ў тым «2020-м» годзе.


Што было ў «2020-м»: рэвалюцыя, бунт, спантанны выхад незадаволенасці ці проста назапашаная за дзесяцігоддзе стомленасць выйшла нарэшце на паверхню? У нас ёсць адказы на гэтыя пытанні? Хутчэй не, чым так. Хто павінен шукаць адказы на такія пытанні? Лукашэнка, расійскія даследчыкі, заходнія эксперты? Напэўна, не — мы павінны гэта рабіць. Робім? Па-мойму, хутчэй не, чым так.

Мы захрасаем у «2020-м», таму што мы яго дагэтуль не зразумелі, не апісалі і не прынялі як сістэму досведу. Ні тэарэтычна, ні арганізацыйна. Мазаіка яшчэ раскіданая па падлозе, карцінкі няма. А без гэтай «карцінкі» мінулага мы плаваем у ліхалецце, пастаянна ўтыкаючыся ў нявырашаную праблему: «што гэта было?». І пакуль не адкажам на гэтае пытанне, пакуль не складзем карцінку таго, што было ўчора, — не арганізуем і сваё сёння.


З нагоды таго, што Таццяна пазначыла як праблему «2025–2027». Тут я магу абаперціся толькі на ўласныя назіранні, не на даследаванні. Так, ёсць такі момант, калі людзі спрабуюць арыентавацца на ў той ці іншай ступені аддаленую будучыню. Але гэта таксама атрымліваецца вельмі цьмяна і невыразна. Таму што няма бачання гэтай будучыні. Ёсць дастаткова абстрактныя, скажам, пажаданні — кшталту «Новая Беларусь», «дэмакратыя», «суверэнітэт», «дабрабыт» і такое іншае. Але ж гэта сапраўды абстракцыі, у якія кожны ўкладае свае сэнсы. Гэта ўсё трэба абмяркоўваць. І, напэўна, рабіць гэта павінны перш за ўсё не палітыкі, а эксперты. Ці робім мы гэта? Напэўна, хутчэй не, чым так. На жаль, таму што калі не мы будзем прапаноўваць версіі будучыні, то і будаваць яе давядзецца па чужых планах.

Гэта толькі частка думак, якія ўзніклі з нагоды толькі аднаго тэзіса Таццяны Вадалажскай, выкладзеных у яе артыкуле «Трэба перастаць даганяць 2020 год і прыняць рэальны 2022». Вельмі рэкамендую прачытаць усю яе артыкул.


Нагадаем, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта», сябра Каардынацыйнай рады Таццяна Вадалажская — паплечніца філосафа, палітвязня Уладзіміра Мацкевіча. У жніўні 2021-га яе затрымлівалі адначасова з Мацкевічам, аднак выпусцілі на волю праз 10 дзён. Вадалажская заставалася ў статусе падазраванай, хадзіла на допыты. У лютым 2022-га яе зноў затрымалі і ўзялі пад варту.

7 чэрвеня 2022 года суддзя Алег Каляда вынес Таццяне Вадалажскай прысуд — 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Каардынатарку «Лятучага ўніверсітэта» прызналі вінаватай у, нібыта, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ў актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 


Паводле newbelarus.vision

Пераклад НЧ