Азбука паліталогіі: Просты спосаб выяўлення маніхеяў мясцовага разліву

Пра нацыянальную культуру ў нас прынята казаць, як пра нябожчыка: ці добра, ці нічога.

Цікавы абмен рэплікамі адбыўся ў мяне днямі ў Фэйсбуку. Усё пачалося з пытання прафесійнага палітолага (далей ПП):

ПП. Цікава. І хто ж гэта сёння ў Расіі здольны адэкватна адказваць на выклікі часу. Можа, Мядзведзеў? Ці, даруйце, Навальны?

СН. Ты відавочна забыўся, што ў Расіі пражывае 145 мільёнаў чалавек.

ПП. Разумею. Кожная кухарка і ўсё такое)).

СН. Прычым тут кухаркі? Нагадаю цытату з «Падарожжа капітана Стормфілда ў рай» Марка Твэна: «У Бога папрасілі, каб ён паказаў самага вялікага палкаводца ўсіх часоў і народаў, і паказаў Бог шаўца, які сядзеў і шыў боты. І ўскрыкнуў той, хто пытаўся: «Але гэта ж шавец?» — «Так, але калі б ён быў военачальнікам, ён быў бы самым вялікім палкаводцам усіх часоў і народаў».

Попыт нараджае прапанову не толькі ў эканоміцы. Калі б не Вялікая французская рэвалюцыя, Напалеон так і застаўся б малодшым лейтэнантам артылерыі ў правінцыі.

Нечакана да нашага абмену рэплікамі далучыўся яшчэ адзін удзельнік. Назавём яго NN.

NN. Ну пра «чалавек» — яўны перабор!

СН. Прабачце, не зразумеў.

NN. Выкіньце з людзей усіх, хто падтрымлівае вайну і іншыя імперскія праявы, і толькі потым лічыце «чалавек»!

СН. Дзіўны падыход. Нагадаю радок з верша «Убили парня» папулярнага ў савецкія гады паэта Роберта Раждзественскага: «Какое это чудо — человек! Какая это мерзость — человек!». Але як у першым, так і ў другім выпадку гаворка ідзе пра чалавека. Іншы падыход — прамая дарога да генацыду.

Існуюць два тыпы стаўлення да суперніка: рыцарскі і маніхейскі. Для маніхея вораг — спараджэнне пекла. Рыцар жа бачыць у суперніку чалавека і воіна. Маніхеі. Фота Wikimedia Commons

Выклікаю агонь на сябе

Пра нацыянальную культуру ў нас прынята гаварыць, як пра нябожчыка: ці добра, ці нічога. У выніку складваецца вобраз чагосьці вельмі белага і пухнатага. Але, як і любое крайняе меркаванне, такое ўяўленне пра культуру, нягледзячы на тое, што да назоўніка дадаецца прыметнік «нацыянальная», максімальна далёкае ад рэальнасці.

Уяўляю, колькі камянёў паляціць у мой агарод, тым не менш адважуся выказаць уласны пункт гледжання на такую далікатную праблему: сярод ядзерных (тых, што складаюць ядро) характарыстык беларускай культуры на першае месца я б паставіў маніхейства.

У сувязі з тым, што я неаднаразова тлумачыў сутнасць маніхейства, прапаную ўсім цікаўным, але не знаёмым з вучэннем, заснаваным персідскім прарокам Мані (216—274 гады), пагугліць. Для астатніх жа працытую расійскага культуролага Ігара Якавенку: «Выявіць маніхея вельмі проста. Існуюць два тыпы стаўлення да суперніка: рыцарскі і маніхейскі. Рыцар бачыць у суперніку чалавека і воіна. За ім прызнаецца свая праўда. У смяротнай сутычцы рыцар імкнецца забраць у ворага жыццё, а не годнасць.

Для маніхея ж у любым выпадку кожны праціўнік — спараджэнне пекла. Вораг маніхея заўсёды расстрэльвае цяжарных жанчын і атручвае калодзежы. Стаўленне да ворага як да чалавека табуяванае».

Пасля такога тлумачэння самы час вярнуцца да абмену рэплікамі ў ФБ. Мая спасылка на дэмаграфічную статыстыку пра тое, што «ў Расіі пражывае 145 мільёнаў чалавек», выклікала ў NN тыпова маніхейскую рэакцыю: «Ну пра “чалавек” — сапраўдны перабор!».

Паводле жнівеньскага апытання Лявада-Цэнтра, дзеянні расійскіх узброеных сіл ва Украіне падтрымліваюць 76% расіян (46% «дакладна падтрымліваюць» і яшчэ 30% «хутчэй падтрымліваюць»), не падтрымліваюць — у сукупнасці 17%.

Невясёлая статыстыка, тут не паспрачаешся. На жаль, аналагічнай сацыялогіі па Беларусі я не маю. Але ў 2014 годзе з ацэнкамі расійскіх СМІ падзей у Крыме згаджалася да 65% беларусаў (НІСЭПД). Вось такая яна, рэспубліка-партызанка з насельніцтвам у 9,3 мільёна чалавек, з якіх, на думку NN, пераважную большасць і людзьмі лічыць не варта.

Адно суцяшае: на фоне насельніцтва Зямлі ў цэлым беларусы глядзяцца годна, пры ўмове прыняцця дыяграмы афіцыйнага прадстаўніка кітайскага МЗС Чжаа Ліцзяна, згодна з якой 85% насельніцтва свету «не ўвялі санкцыі ў дачыненні да Расіі».

Па-ранейшаму ў меншасці

Вось такая культурная, палітычная і сацыяльная рэальнасць. Нескладана заўважыць, што ад рашэнняў яе канкрэтнага прадстаўніка, хай нават надзеленага неабмежаванымі паўнамоцтвамі, мала што залежыць. Хутчэй наадварот, сам прадстаўнік па руках і нагах звязаны гэтай рэальнасцю. Аднак здольныя ўбачыць у гэтай праблеме аналаг рэбуса пра курыцу і яйка па-свойму маюць рацыю.

Культура фарміруе каляіну, з якой не так і проста выскачыць, нават у доўгатэрміновай перспектыве. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў 22 гады вывучаў спецыфіку нацыянальнай культурнай каляіны. НІСЭПД трапіў пад каток «дзяржавы для народа» летам 2016 года.

22 гады — дастатковы тэрмін для змены пакалення. На жаль, прыкметных змен у электаральных перавагах беларусаў за гэты перыяд зафіксаваць не ўдалося. Праілюструю галоўную перавагу з дапамогай цытаты, запазычанай з афіцыйнай крыніцы: «Для палітычнай культуры і менталітэту беларусаў характэрна імкненне да моцнай дзяржаўнай улады».

Гэта імкненне і праявіла сябе ва ўсёй сваёй красе на першых і пакуль апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі летам 1994 года. Паводле ЦВК, пераможца ў першым туры атрымаў 44,82%. Важна падкрэсліць, што галоўным праціўнікам пераможцы быў прадстаўнік наменклатуры прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч. Адміністрацыйны рэсурс, якім ён, безумоўна, валодаў, яму не дапамог. Выбаршчык прагнуў моцнага кандыдата, а ва ўмовах эканамічнага хаосу кіраўнік урада такім не ўспрымаўся. Адсюль сціплыя 17,33%.

Прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч атрымалі на дваіх 22,73% галасоў. Квартэт іх палітычных апанентаў, прыхільнікаў цеснага саюза з Расіяй — 72,42%.

Дзяленне другой лічбы на першую дае суадносіны 1 да 3,2. Гэта і ёсць тая печ, ад якой варта скакаць ахвочым зразумець беларускую сацыяльна-палітычную рэальнасць. Зразумела, за 28 гадоў суадносіны змянілася, аднак прыхільнікі нацыянальна-дэмакратычнага выбару па-ранейшаму застаюцца ў меншасці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: