Памёр адыёзны расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі

Сёння, 6 красавіка 2022 года, памёр расійскі палітык, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі. Інфармацыю пацвердзіў спікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін.

1_1119.jpg


«Толькі што паведамілі, пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі. Давайце ўшануем яго памяць», — сказаў Валодзін на пасяджэнні Дзярждумы, паведамляе РБК-Украіна.

Уладзімір Жырыноўскі нарадзіўся 25 красавіка 1946 года ў Алма-Аце (Казахская ССР).

У траўні 1988 года прыняў удзел у працы ўстаноўчага з'езду «Дэмакратычнага Саюза» (лідарка — Валерыя Навадворская). Гэта быў дэбют Жырыноўскага ў палітыцы, ён выступіў з прамовай на з'ездзе, быў абраны ў склад Цэнтральнага каардынацыйнага савета, але неўзабаве заявіў аб сваім выхадзе з партыі.

Сумесна з Уладзімірам Багачовым — заснавальнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Савецкага Саюза (1989), зарэгістраванай Міністэрствам юстыцыі СССР 12 красавіка 1991 года. У 1992 годзе партыя перайменаваная ў Ліберальна-дэмакратычную партыю Расіі.

19 жніўня 1991 года, будучы лідарам ЛДПСС, Жырыноўскі публічна падтрымаў ГКЧП, і назваў іх праціўнікаў «адкідамі грамадства». Пасля правалу і самароспуску ГКЧП партыя атрымала папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Следчая група па справе ГКЧП падрыхтавала супраць Жырыноўскага абвінавачванні па шасці артыкулах, аднак прад'яўленыя яны не былі. 22 снежня 1991 года, на наступны дзень пасля сустрэчы кіраўнікоў 11 саюзных рэспублік у Алма-Аце, Жырыноўскі ўзяў удзел у шматтысячным мітынгу супраць ліквідацыі СССР («Марш галодных чэргаў») і заявіў мітынгоўцам, што тыя, хто падпісаў Белавежскае пагадненне і Алма-ацінскі пратакол да яго, «будуць прыцягнутыя да суровай крымінальнай адказнасці».

Жырыноўскі выступаў за ўваходжанне Украіны і Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі на правах новых федэральных акругаў, быў паслядоўным прыхільнікам імперскіх ідэй. У 2011 годзе Жырыноўскі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзначыў, што яго партыя выступае «за рускіх у тым плане, каб умацаваць падмурак дзяржавы», падтрымліваючы ідэю прызнання рускага народа дзяржаваўтваральным.

Жырыноўскі не раз абвінавачваўся ў антысемітызме, вядомы нямецкі палітолаг Андрэас Умланд характарызаваў ідэі Жырыноўскага, выяўленыя ў яго кнізе «Апошні кідок на Поўдзень» (1993), як фашысцкія. Таксама Жырыноўскі адкрыта выказваў сваю непрыязнасць да іншаземцаў-туркаў, да народаў Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, практычна да ўсіх выхадцаў Паўночнага Каўказа, заклікаў да высылкі ўсіх кітайцаў з расійскага Далёкага Усходу.

У Казахстане і Кіргізіі праз свае выказванні ён быў прызнаны персонай нон-грата.

На апошніх выбарах прэзідэнта Расіі ў 2018 годзе ён заняў трэцяе месца.