БХД не будзе выстаўляць кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах

Павал Севярынец з першага дня вызвалення акунуўся ў палітыку. Дакладней, яго «акунулі», калі ягоныя паплечнікі і журналісты былі затрыманыя. Да таго ж ён выйшаў у час святкавання 25-годдзе стварэння БНФ.



d438e20b_eca0_4789_b0a0_5d427967c8f7_mw1024_n_s.jpg

Дый на наступны дзень з’езд праводзілі «Маладыя хрысціянскія дэмакраты». Гэты з’езд ён наведаў і адказаў на колькі пытанняў карэспандэнта «Новага часу».

 

Пра тое, што яго «акунулі», ён з жартам адказаў: «Палітыка — маё пакліканне, таксама, як і літаратура, і тут, як кажуць, трэба несці крыж».

 

— Нават калі займацца палітыкай давядзецца ў тых умовах, у якіх гэтым займаліся стваральнікі БХД, у 20–30-я гады мінулага стагоддзя, безумоўна, мы будзем гэта рабіць. Бо Беларусі патрэбная маральная рэвалюцыя. Беларусі трэба мяняць грамадства і дзяржаўны апарат, заснаваны на хлусні, на страху, на крадзяжыю Трэба будаваць нармальную дзяржаву, заснаваную на павазе да закону, на любові і павазе да сваіх грамадзянаў і сваёй краіны, на веры. Мы верым, што хрысціянскай дэмакратыі гэта ўдасца, — сказаў Павал Севярынец.

 

— Якой вы пабачылі БХД, калі апынуліся на волі?

 

— Насамрэч, я адсутнічаў, але быў на сувязі. Я займаўся сваёю справаю — працай з рэгіёнамі, гэтая мая сфера як сустаршыні БХД. Я ведаю каардынатараў, я ведаю, чым мы займаліся мінулы час, ведаю, што людзей у БХД прыбавілася. Спадзяюся, што гэта ўсе ўбачаць на мясцовай выбарчай кампаніі.

 

Шмат моладзі. БХД стала больш стылёвай, больш дасведчанай. Калі мы пачыналі «з нуля», у нас, напрыклад, была праблема, дзе сабрацца. Зараз такіх праблемаў няма. Зараз БХД — гэта асяродкі людзей, якія ўмеюць і ведаюць, як. Людзі сталі больш устойлівыя да ціску. Калі раней былі ператрусы, допыты, і ва ўсіх былі вялікія вочы, напрыклад, у тых жа пастараў цэркваў, то зараз прыходзіць разуменне, што гэта трэба пераадолець, працягваць дзейнічаць у такіх сітуацыях, і нават перамагаць.

 

— БХД зараз апынулася ўбаку ад нейкіх кааліцыяў іншых партый. Ці слушна, на вашу думку, тое, што БХД застаўся ў адзіноце?

 

— Насамрэч, мы зараз абмяркоўваем стратэгію, якая павінна прывесці да яднання ўсёй апазіцыі. Таму мы засталіся паміж дзвюма кааліцыямі — «Народным рэферэндумам» і «Талакой». Мы падаем рукі і адным, і другім. Мы думаем, што трэба яднацца — гэта адзін з урокаў Плошчы–2010.

 

Трэба яднацца, і ў стратэгіі, і ў тактыцы, і ў камандзе, і, калі будзе прынятае рашэнне аб вылучэнні адзінага кандыдата, то і ў кандыдаце. Павінна быць адзінства.

 

— А ці патрэбны адзіны кандыдат ад апазіцыі? Кампанія 2010 года, у якой было 10 кандыдатаў, была весялейшай?

 

— Кампанія 2010 года была такой вясёлай і разняволенай не таму, што было некалькі кандыдатаў, а таму, што было дазволена… Была дазволеная пэўная доля вольнасці. Можна было махаць сцягамі, выступаць. Больш чым упэўнены, што ў 2015 годзе нічога падобнага не будзе і блізка. Там будзе вельмі цяжкая кампанія. Грамадства пасля 2011 года структурна змянілася: пасля 2011 года пратэстныя настроі выраслі, а апазіцыя, наадварот, здрабнела, — у гэтай сітуацыі БХД лічыць крытычна важным быць адзінымі і выступаць з адзіных пазіцый.

 

Я не бачу асаблівых разыходжанняў паміж альянсам «Талака» і «Народным рэферэндумам». І туды, і туды ўваходзяць структуры, якія былі і ўдзельнікамі, і байкатыстамі на мінулых выбарах. І туды, і туды ўваходзяць левыя і правыя. Незразумела, навошта дзяліцца, бо і тыя, і тыя ў пытанні тактыкі — выкарыстанні мясцовай кампаніі для ўмацавання ўласных шэрагаў альбо ў пытанні адзінага кандыдата — ці то праз Кангрэс, ці то праз праймерыз — няма разыходжанняў. Разыходжанняў па вялікім рахунку няма. Ёсць разыходжанні ў асобах, можа быць, па крыніцах фінансавання, па пытаннях дробнай тактыкі, але гэта не павінна ўплываць на лёс Беларусі.

 

Калі дэмакратычныя сілы хочуць быць моцнай сілай, яны мусяць быць адзінымі. Гэта ўрок 2010 года, і адзін з важнейшых. Таму нам трэба будзе паступацца партыйнымі амбіцыямі, трэба яднаць высілкі і ствараць адзіную стратэгію, будаваць адзіную каманду, і, калі трэба будзе, — адзінага кандыдата.

 

БХД выступае зараз за адзінага кандыдата, гэта зараз партыйная пазіцыя, да мяне ў Куплін прыязджала кіраўніцтва, і мы разам абмяркоўвалі гэты пункт.

 

— А ці можа БХД выставіць «свайго адзінага»?

 

— Па тым, пра што мы размаўлялі, мы якраз і будзем прапаноўваць адзінства, ахвяруючы сваімі ўласнымі партыйнымі вылучэннямі. Мы гаворым: сябры, мы вылучацца не будзем. Мы гатовыя выступіць аб’яднаўчай сілай, таму што ў нас няма асабістай зацікаўленасці, давайце рабіць адзіную каманду, давайце рабіць адзіную стратэгію, і з дапамогай гэтага адзінства перамагаць. Бо сітуацыя ўжо за крытычнай рысай.

 

— На мясцовых выбарах БХД таксама, як і астатнія, перамагаць не збіраецца? Бо ўсе парты зараз засяроджаны на правядзенні прапагандысцкай і агітацыйнай кампаніях…

 

— Ведаеце, на мінулых выбарах БХД здолела правесці ў мясцовыя саветы трох дэпутатаў — гэта быў лепшы вынік за іншыя партыі. Людзі набралі больш галасоў, чым сфальсіфікавалі. Безумоўна, такія людзі, мы спадзяемся, будуць і цяпер. Але пры сённяшняй сістэме фальсіфікацыі спадзявацца, што ўсе, хто перамог у рэальнасці, сталі дэпутатамі, не трэба.

 

Таму тактыка БХД будзе такой: мы за тыдзень да галасавання абвесцім, што БХД як адказная палітычная сіла ўдзелу ў фальсіфікацыі галасавання прымаць удзел не будзе. Мы ўжо выбралі сваіх «народных дэпутатаў» — тых, хто на акругах працаваў з людзьмі, — у нас ужо ёсць больш за 200 чалавек, якія будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты, ідуць «прамоўцамі» БХД. Мэта гэтага ўсяго, найперш, умацаванне і БХД, і агулам дэмакратычных палітычных сілаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

 

Таму што, калі ў 2014 годзе не рыхтавацца да кампаніі 2015 года, усё зваліцца, як снег на галаву.

 

Для нас стратэгічнай задачай з’яўляецца стварэнне маральнай базы для пераменаў. Зараз сто тысяч чалавек — дзяржаўныя чыноўнікі, якія вызначаюць аблічча дзяржавы, спавядаюць хлусню, як норму, крадзеж — як норму, страх — як норму. На гэтым немагчыма пабудаваць нічога, нават калі мы зменім прэзідэнта. Таму нам трэба рыхтаваць як мінімум сто тысячаў сумленных прафесіяналаў, якія здолеюць узяць адказнасць за краіну на сябе. На мясцовым узроўні гэта рабіць прасцей, чым дзе, — бо там людзі канкрэтна ведаюць праблемы, ведаюць, як іх вырашыць, і вырашаюць. І людзі сваёй падтрымкай такім асобам могуць заявіць — вось гэта наш чалавек, які Бярэ адказнасць за вёску альбо за мікрараён.

 

Ключавой структурай, арганізаванай супольнасцю, якая зараз утрымлівае неабходную колькасць прафесіяналаў, і непадкантрольная дзяржаве, з’яўляецца царква. Цэрквы зараз з’яўляюцца нашай мэтавай групай. Менавіта цэрквы могуць узяць на сябе адказнасць за перамены, змогуць змяніць маральны клімат у краіне, і мы зараз з гэтым працуем.

 

Беларуская апазіцыя як арганізаваная сіла, на сённяшні час, не ў стане выставіць столькі сумленных прафесіяналаў. Праваслаўная царква, касцёл і пратэстанцкія цэрквы — здольныя.

 

— Мясцовыя выбары, падаецца, ніхто не збіраецца выкарыстоўваць для таго, каб паламаць машыну фальсіфікацыяў. Прынамсі, адпрацаваць нейкія захады і прыёмы, якімі можна было б карыстацца ў 2015 годзе…

 

— Для гэтага мы і аб’ядналіся ў кампанію назірання з ініцыятарамі «Народнага рэферэндуму», у «Права выбару». Справа паламаць машыну фальсіфікацый, альбо зменшага, выкрыць яе, паведаміць пра гэта народу, які жыве ў акрузе, праз інтэрнэт ці іншым чынам, з’яўляецца адной з асноўных. Безумоўна, гэта вельмі важная задача.


Разам з тым, мы разумеем, што на мясцовых выбарах глабальных поспехаў дамагчыся немагчыма. Але менавіта на іх трэба будаваць пераможную стратэгію ў 2015 годзе.