Сёння – дзень памяці пісьменніка Артура Вольскага
Артур Вольскі пайшоў з жыцця 5 верасня 2002 года. Пісьменніку, аднаму са стваральнікаў БНФ, было тады 77 гадоў. «Дзякуючы такім асобам, як Артур Вітальевіч Вольскі, апошняя хваля нацыянальнага Адраджэння пратрымалася да 1994-га», — піша палітык і журналіст Сяргей Навумчык.
Артур Вольскі быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Ён ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне ветэранаў вайны. Гісторык Уладзімер Арлоў прыгадваў: «Некалькі разоў я быў сведкам таго, як на апазіцыйных акцыях сваім уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі гэтых званых «ахоўнікаў правапарадку».
Паэтка Раіса Баравікова назвала Артура Вольскага «наіўным рамантыкам і мудрым філосафам, адважным грамадскім дзеячам, які смела змагаўся за беларускую мову, за нацыянальную адметнасць і незалежнасць Беларусі».
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале сёння прыгадаў вялікі ўнёсак Артура Вольскага ў беларускае Адраджэнне 1990-х гадоў.
ПРА АРТУРА ВОЛЬСКАГА
Сёння – дзень памяці Артура Вітальевіча Вольскага. Нядаўна я палічыў, колькі пісьменнікаў былі ў Народным Фронце: Васіль Быкаў, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі (пералічваю ад старэйшых да маладзейшых)... Зусім невялікая колькасць членаў СП уваходзілі ў Сойм БНФ альбо іншыя дзейныя структуры Фронту, гэта значыць – займаліся, акрамя творчасці, «працай штодзённай, шэрай» на карысць Адраджэння.
Астатнія – некалькі сотняў – ці лічылі гэтую працу ніжэй за стварэнне сваіх бессмяротных твораў, ці чакалі, чым усё скончыцца (памятаю, як падхіхіквалі некаторыя мае равеснікі: «Ну-ну, Сярога, давай, наперад!»), ці выбралі бок улады.
Ведаеце, я скажу вось што. У той час менавіта БНФ, паводле слушнай ацэнкі Быкава, быў авангардам нацыянальна-дэмакратычнага руху. Тады кожны чалавек, тым больш той, хто валодаў словам – меў значэнне, бо трэба было штодзённа пераконваць тыя мільёны насельніцтва, якія, выхаваныя больш як двума стагоддзямі праімперскай царскай і савецкай акупацыі, не паспелі ўсвядоміць ні вартасць нацыянальных каштоўнасцяў, ні важнасць Незалежнасці (і зрабілі свой выбар у 1994-м). І быць у БНФ ці не быць – для сталага чалавека было свядомым выбарам.
Артур Вітальевіч Вольскі свой выбар зрабіў – мне цяжка прыгадаць нейкую нашую акцыю, у якой ён бы не браў удзелу. Незалежна ад таго, збіралі тысячы чалавек, ці прыходзілі некалькі дзясяткаў. Паўтараю: кожны чалавек быў важны.
А яшчэ Вольскі быў стваральнікам Таварыства дэмакратычных ветэранаў, што супрацьстаяла хеўры «победобесных» ветэранаў НКВД і Савецкай Арміі, якія жывёльна ненавідзелі ўсё беларускае і дамагаліся імперскага рэваншу.
Дзякуючы такім асобам, як Артур Вітальевіч Вольскі, апошняя хваля нацыянальнага Адраджэння пратрымалася да 1994-га. Так, гэта толькі некалькі гадоў. Але гэтыя гады далі магчымасць нацыі набраць у лёгкія кіслароду – каб не памерці.
Вечная Памяць.