Артур Вольскі: паэт, боцман, «Дзед-Барадзед»
«Уладзімер Арлоў неяк сказаў, што лепшы твор Артура Вольскага – гэта сын Лявон. Ні ў якім разе ня ставячы пад сумнеў заслугі Лявона, усё ж не пагаджуся», — пісаў Сяргей Навумчык. Прасочым за жыццём і дасягненнямі выбітнага беларуса, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёння.

Артур Вольскі
«Першапраходзец ва ўсе часы»
Генадзь Бураўкін называў Артура Вольскага першапраходцам ва ўсе часы: адзін з першых патомных беларускіх пісьменнікаў, адзін з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі мудра і даходліва гаварыць з юным чытачом, адзін з заснавальнікаў дзіцячага часопіса «Вясёлка».
Глядзіце таксама

Падчас Другой сусветнай вайны служыў боцманам на ваенным караблі Ціхаакеанскага флоту
Паэт Мікола Чарняўскі звярнуў увагу на чалавечыя якасці Артура Вольскага:
«Ён з дабрынёю і цеплынёю адносіўся да людзей рознага веку і ўсім стараўся дапамагчы.
Калі пачынаў гаворку з дзецьмі, прадстаўляўся боцманам. І гэта бянтэжыла хлопчыкаў і дзяўчынак, бо яны не ведалі, хто такі боцман. У дзяцей узнікаў інтарэс да асобы паэта. А ён гэты інтарэс задавольваў, потым пачынаў чытаць свае вершы з гумарам, якія носяць казачны і пазнавальны характар.
Паколькі ў гутарцы з Артурам Вольскім дзеці рабілі для сябе нейкі адкрыцці, гэтыя сустрэчы вельмі падабаліся хлопчыкам і дзяўчынкам. Я таксама вучыўся ў Артура Вольскага, як знаходзіць сцяжынку да дзіцячага сэрца, каб не было пустаты, а была нейкая думка, якая спадабаецца і будзе цікавая дзецям», — казаў Мікола Чарняўскі.
Пакаяўся і прызнаў памылковай сваю былую камуністычную ідэалогію
«Мой бацька за сваё жыцьцё пабыў у розных іпастасях: мічманам, боцманам на флёце (на вайне і пяць гадоў пасьля яе), заўлітам і дырэктарам тэатра, камуністам і вернікам.
Я шаную яго ў тым ліку і за тое, што ён пакаяўся і прызнаў памылковай сваю былую камуністычную ідэалёгію. Адкрыта сказаў: гэта была злачынная сыстэма, я жорстка памыляўся.
А ў нас жа ж прынята казаць іншае: ня трэба судзіць, а што было рабіць, час быў такі... Дык вось пакуль яны будуць вярзьці гэта сваімі шэрымі галасамі, час і будзе ТАКІ. Які мы цяпер маем», — пісаў Лявон Вольскі.

Артур Вольскі
Глядзіце таксама

Але да таго вера Артура Вольскага ў камунізм была сапраўды адданай. Прынамсі такую выснову можна зрабіць з некаторых ягоных твораў:
«А з партбілета
пазірае Ленін.
Мы ўсю дарогу —
з ім,
пры ім,
за ім.
Ён для майго народа
стаў сумленнем.
Ён стаў навек сумленнем і маім».
(Урывак з верша «Сумленне»)
Аднак сам Артур Вольскі такую выснову ўсё ж абвяргае:
«Нічога мы не верылі, проста прыстасоўваліся. Маё пакаленне – амаль цалкам пакаленне прыстасаванцаў»
Дырэктар Тэатра юнага гледача, аўтар першай беларускай дзіцячай аперэты
15 гадоў, пачынаючы з 1963-га, Артур Вольскі працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам.
«А ў 1979 годзе п’еса-казка «Сцяпан — вялiкi пан» была пакладзеная на музыку кампазітарам Юрыем Семянякам, і такім чынам з'явілася першая беларуская аперэта для дзяцей», — пісала Людміла Рублеўская.
Бацька «Дзеда-Барадзеда»
Менавіта спадар Артур у 1987 годзе прыдумаў улюбёнага персанажа «Калыханкі», таго самага «Дзеда-Барадзеда».

Лялька «Дзед-Барадзед»
Я хаджу па белым свеце
І гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба — памагу,
Бо я ўсё рабіць магу.
Хто я? Дзед-Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у цiхi час
Завітаў да вас.
Адзін са стваральнікаў БНФ «Адраджэньне»
Гісторык Уладзімер Арлоў адзначаў:
«Многім калегам жыцьцё Вольскага падавалася ўва ўсіх сэнсах камфортным і бясхмарным. Аднак пад ягоным нацельнікам, што почасту выглядваў з-пад моднай кашулі, білася вялікае вольналюбівае сэрца, якое прывяло пісьменьніка ў кастрычніку 1988-га ў шэрагі стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»
Вольскі ўваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны. Некалькі разоў я быў сьведкам таго, як на апазыцыйных акцыях сваім уладным позіркам і зычным голасам спадар Артур спыняў і прымушаў адступаць чорныя шэрагі гэтых званых «ахоўнікаў правапарадку».

Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, Васіль Быкаў. Свята Аршанскай бітвы. 8 верасня 1992
Адважны грамадскі дзеяч
Паэтка Раіса Баравікова назвала Артура Вольскага «наіўным рамантыкам і мудрым філосафам, адважным грамадскім дзеячам, які смела змагаўся за беларускую мову, за нацыянальную адметнасць і незалежнасць Беларусі».
З успамінаў Сяргея Навумчыка: «Тое, што сёньня мы называем Адраджэньнем канца 80-х — пачатку 90-х, якое дало беларусам магчымасьць хоць нейкі час дыхаць вольна і заклала падмурак беларускай дзяржаўнасьці, як і сама Незалежнасьць, – не звалілася «зь неба». Гэтага даводзілася дамагацца літаральна штодня, зусім невялікай купкай людзей, і складалі яны добра калі 1% насельніцтва. І сябра Сойму БНФ, кіраўнік арганізацыі дэмакратычных вэтэранаў (куды ўваходзіў і Васіль Быкаў) Артур Вольскі быў на чале гэтага штодзённага змаганьня».

Мітынг БНФ ля помніка Янку Купалу, 27 ліпеня 1992 г. Фота: Facebook Сяргей Навумчык
«Артур Вітальевіч быў з намі і на мітынгах, у любое надвор’е (ваяваў у марской пяхоце!). У часы Другой сусьветнай вайны Вольскі змагаўся з нацызмам, а ў канцы 80-х — 90-х змагаўся з імпэрцамі за беларускае нацыянальнае Адраджэньне».
Жорсткае збіццё справакавала развіццё анкалагічнай хваробы
«Ягоны бацька Віталь, аўтар славутага «Несьцеркі», пражыў 87 гадоў, маці — 94. Такі генатып і магутнае здароўе абяцалі спадару Артуру доўгае жыцьцё», — пісаў Уладзімер Арлоў.
«Аднак умяшаўся выпадак. Зрэшты, гэтае слова выглядае тут недарэчным, бо ўсё было занадта падобна да загадзя сплянаванай акцыі.
Аднойчы пасьля вечаровага выступу ў школе Вольскага запыніла вялікая агрэсіўная кампанія. Яго ня проста жорстка зьбілі, але і распранулі, пакінуўшы непрытомным ляжаць на халоднай лістападаўскай зямлі. Перажыты тады шок, на думку мэдыкаў, і справакаваў анкалягічнае захворваньне...»
Артур Вольскi памёр у 2002 годзе, ва ўзросце 77 гадоў. Паэт пахаваны на Паўночных могілках.
Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў –
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты – багацце маё і любоў.
Артур Вольскі (1924 - 2002)

Артур Вольскі