Выдавецтва Gutenberg Publisher прэзентуе іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі
Кніга «Круглая Square» Вала Клемэнта ўжо даступная для чытача.
Новая кніга ў «Gutenberg Publisher»:
«Круглая Square» Вала Клемэнта — іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі. І гэта не пераклад.
Калі дарослы чалавек, юрыст, эмігруе ў чужую краіну, з цалкам іншай сістэмай права, мовы якой не ведае — у яго ўсё можа скласціся добра. Як у героя кнігі Вала Клемэнта.
Геня Руд, галоўны герой рамана, нарадзіўся ў Мінску і палову жыцця пражыў на Круглай плошчы (цяпер — плошча Перамогі). Ад «Дзюшэса» да цукерак «Чырвоны мак» — усе радасці савецкага дзяцінства былі яму даступныя, адрозна ад магчымасці проста адкрыць візу і паехаць у капіталістычны свет. Але вось ён ужо п’е «India Pale Ale» недзе ў ваколіцах Trafalgar square і прапаноўвае нам усім аптымістычна глядзець у будучыню: аднойчы ён ужо назіраў, як разваліўся сімбіёз выпраўленча-працоўнага лагера з казармай і калгасам.
Кнігу рэцэнзаваў Уладзімір Арлоў. Раман выдадзены класічным правапісам.
Прадаецца на сайце, а таксама афлайн у Вільні.
Пра аўтара:
Вал Клемэнт нарадзіўся пад псэўданімам Васіль Еўдакімаў у 1957 годзе ў Менску ў сям'і выкладчыкаў ВНУ. Пасрэдна вучыўся ў школе, займаўся плаваньнем, а ў вольныя хвіліны пасьвіў аблокі.
Пасьля сканчэньня школы паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, калгаснае права ды іншыя карысныя навукі.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, па разьмеркаваньні трапіў на працу ў органы пракуратуры гораду Менску. Праз пэўны час аўтар з палёгкаю разьвітаўся з пракуратурай, а пракуратура з палёгкаю разьвіталася з аўтарам.
Зь сьвету правапарушальнікаў і праваахоўнікаў Вал Клемэнт вярнуўся ў храм адукацыі і выхаваньня, паступіўшы ў асьпірантуру пры БДУ. Абараніў дысэртацыю на званьне кандыдата юрыдычных навук і ўладкаваўся выкладчыкам на родны юрфак. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну зь вядучых юрыдычных фірмаў Вялікай Брытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасьць набыць досьвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы сьвет. Гэты сьвет ён глядзіць і дагэтуль. Жыве ў Лёндане.
Цытата з рэцэнзіі Уладзіміра Арлова:
«Гэты раман — нязьменна дасьціпны, вельмі асацыятыўны, з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!».
Калі маеце дадатковыя пытанні — калі ласка, кантактуйце праз Тэлеграм: +48510034234.