Лявон Вольскі: «Карані таго, што з намі адбываецца цяпер — у цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі».

Ці ёсць падставы для святкавання 17 верасня? Што насамрэч адбылося ў гэты дзень у 1939-м годзе?  Лявон Вольскі  — наўздагон Дню народнага адзінства.

Нумар газеты  Советская Белоруссия, 23 верасня 1939 года

Нумар газеты  Советская Белоруссия, 23 верасня 1939 года

Ці можна лічыць БССР напраўду «беларускай дзяржавай» і якая сувязь тых падзей з сёньняшняй сытуацыяй у Беларусі? Пра гэта на «Будзьме» разважае Лявон Вольскі ў тэксце пра Дзень народнага адзінства.

Да ўсякіх 7 лістападаў і 23 лютых дадалося новае дзяржаўнае сьвята — Дзень народнага адзінства. Сьвяткуецца з помпай — упрыгожваюць (як ім здаецца) гарады, прамаўляюць патэтычныя прамовы, грае духавы аркестр...

Масавыя зачысткі і вагоны ў Сыбір пасля 17 верасьня


Плакат, 1939 год

Плакат, 1939 год

17 верасьня Савецкі Саюз напаў на Польшчу. Раней, 1 верасьня, заходнюю мяжу Польшчы перайшлі войскі гітлераўскае Нямеччыны. Гэтыя дзьве краіны, фактычна, падзялілі польскую тэрыторыю. Цяпер афіцыйная прапаганда гаворыць, што Сталін проста вяртаў незаконна й нахабна захопленыя палякамі заходнебеларускія тэрыторыі — з Гародняй, Бярэсьцем, Вільняй і Беластокам. Вярнуў — і выдатна, нацыя ўзьядналася! Ура!

А тое, што на «вернутых» тэрыторыях імгненна пачаліся масавыя зачысткі, і насельніцтва, як гэта было прынята ў Сталіна, дружна пагналі вагонамі ў Сыбір ці проста расстралялі ў бліжэйшым лесе — гэта нічога, часовыя «перагібы на мейцах». Дый клясавую барадзьбу ніхто не адмяняў. Сапраўды, гэтыя людзі пражылі пад палякамі аж дзевятнаццаць гадоў — значыцца, міжволі паддаліся буржуйскай агітацаі ды прапагандзе, дык вось трэба іх перавыхаваць. Вярнуць на нашыя адзіна правільныя рабоча-сялянскія рэйкі! А найлепей перавыхоўваюцца людзі ў лягеры. На Калыме. На лесапавале. Працуюць, валяць дрэвы і перавыхоўваюцца. Вызваляюцца ад польскага панскага сьмецьця ў галовах. Таму што «Arbeit macht frei», як казалі тагачасныя саюзьнікі СССРу. Тыя самыя, якія "урачыста выводзілі«свае войскі зь Берасьця, калі савецкія войскі туды «урачыста заходзілі». Гавораць: не, гэта ня быў вайсковы парад. Проста вывад войскаў. А вясёлыя ўсьмешлівыя Гудэрыян ды Крывашэін на тагачаснай фотцы проста выпадкова сустрэліся падчас гэтага вываду-ўводу.


Глядзіце таксама

Як Польшча атрымала «крэсы»

А дзевятнаццаць гадоў таму, у 1920-м, маладая савецкая дзяржава была абсалютна ўпэўненая ў сваёй перамозе над так званай «панскай Польшчай». Тухачэўскі і Гай падыйшлі пад самую Варшаву, і кіраўніцтва захлыналася ад радаснага крыку: «Полымя рэвалюцыі перакінулася на Польшчу, яна зробіцца рабоча-сялянскай, і мы пойдзем далей, на Нямеччыну!». Але здарыўся «Цуд над Віслай», бальшавікоў адкінулі далёка на Ўсход, і Польшча атрымала так званыя «крэсы».


Глядзіце таксама

Ці была БССР «беларускай дзяржавай»


Плакат да 1939 года

Плакат да 1939 года

У 39-м, Сталін, малайчына, усё вярнуў. Вярнуў маладой беларускай рэспубліцы, якая ня так даўно набыла дзяржаўнасьць. Усё выдатна! Сьвяткуем разам!

Толькі ці можна лічыць БССР напраўду «беларускай дзяржавай»? Калі там выконваліся дырэктывы са «сталіцы нашай родзіны» Масквы, і нічога нельга было зрабіць, не параіўшыся «з цэнтрам»? Калі на момант «узьяднаньня» былі пастраляныя, закатаваныя ці сасланыя ў лягеры амаль усе лідэры беларускай думкі, у тым ліку — тыя, хто вярнуўся з «панскай Польшчы», натхніўшыся кароткім пэрыядам беларусызацыі ў БССР? Калі была праведзеная рэформа беларускага правапісу і ўведзеная «наркамаўка», якая не адпавядала беларускаму маўленьню? Гэтых «калі» — тысячы і тысячы, і казаць, што Беларусь за саветамі была беларускай — гэта, паверце, моцнае перабольшаньне.

У сталіцы Беларусі не было беларускамоўных садкоў, школаў, ВНУ. Калі ты на вуліцы размаўляў на тытульнай мове народу, на цябе глядзелі як на прыхадня з Марсу!

І карані таго, што з намі адбываецца цяпер — там, у гэтай цалкам падпарадкаванай Маскве Советской Белоруссіі.


d89rq2y1z6wmlak1mp3i9nzjq3tlt9i6.jpg

Ня ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, у той першай «саюзнай дзяржаве», дзе мы пражылі не адну сотню гадоў. Яны нас апалячывалі-апалячывалі, а мы, чамусьці, так да канца і не апалячыліся. А вось расейская і савецкая імпэрыі так нас абрасеілі, што і мова ледзьве ня зьнікла, і без кансультацыі ў «сталіцы нашай родзіны» нічога дагэтуль зрабіць немагчыма.

І кіраўніцтва краіны, і сытуацыя, у якой мы знаходзімся — гэта наступствы нашага савецкага жыцьця, а ня рэчпаспалітаўскага.

Таму я ня бачу падставаў для сьвяткаваньня.

І раю пачытаць «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі» Сяргея Пясецкага, нашага з вамі земляка. Там — пра гэта. Пра народнае адзінства.


Глядзіце таксама