«Свята з-пад палкі». Як беларусаў прымушалі ўдзельнічаць у «Дні народнага адзінства»

У нядзелю па ўсёй краіне арганізавана адзначалі «Дзень народнага адзінства» — дзяржсвята, якое з’явілася пару гадоў таму, а цяпер у яго гонар прапагандысты ладзяць флэшмобы, а ў Бабруйску нават назвалі вуліцу. У гарадах працавалі творчыя пляцоўкі, праходзілі ўрачыстыя мітынгі, прабегі, «Кубкі адзінства» па розных відах спорту і канцэрты. Галоўнае мерапрыемства зладзілі ў «Мінск-Арэне» — яго назвалі патрыятычным форумам «Мы — беларусы». Першым на сцэну выйшаў Лукашэнка і прамовіў нетыпова кароткую прамову. «Люстэрка» папрасіла беларусаў расказаць, як у іх на працы і вучобе агітавалі схадзіць на гэтыя мерапрыемствы.

Фота: sb.by

Фота: sb.by


«Вы ведаеце, у якой вы ВНУ вучыцеся, бясплатна ў інтэрнаце знаходзіцеся — ведалі, куды ішлі»

У Вольгі (усе імёны зменены) у адной з мінскіх ВНУ вучыцца дачка Вікторыя. Калі дзяўчына паступіла, кажа яе мама, вельмі радавалася, што змагла трапіць на бюджэт, атрымала пакой у інтэрнаце. Але радасць хутка азмрочылася новымі «абавязкамі». Дзяўчына таксама займаецца ў адным са сталічных спартыўных цэнтраў і адначасова і там, і ва ўніверсітэце загаварылі аб мерапрыемствах, куды не пайсці нельга.

— Як толькі пачала вучыцца, сталі прыцягваць і ад універсітэта ў чымсьці ўдзельнічаць, і ад спартшколы. То на «Дзень адзінства», то на нейкія флэшмобы, вось у жніўні яны замест таго, каб займацца, хадзілі на гульні СНД. Аргументуюць усё гэта так: «Вы ведаеце, у якой вы ВНУ вучыцеся, бясплатна ў інтэрнаце знаходзіцеся — ведалі, куды ішлі». І ніякія адгаворкі, што нешта баліць ці няма часу, не працуюць — наперад і з песняй. Наогул, як у інтэрнат засялілі, ім адразу паставілі ўмову: па чатыры гадзіны ў месяц адпрацоўваць — то падмесці нешта, то памыць, то пагрэбці. Сказалі, раз яны там жывуць, павінны хадзіць на ўсе святы. Увогуле, радзіме «даўгі аддаюць». І смешна гэта ўсё, і сумна. Раз на бюджэце вучышся, значыць, павінен.

Дачка летась увесь час злавалася, чаму яна не можа паехаць дадому да сябе ў горад, а вымушана ісці на нейкі канцэрт, чаму не могуць мінчукі схадзіць. Я ёй тлумачу, што яна паступіла сама і нікому нічога не павінна, [педагогі] ёй не са сваёй кішэні гэты інтэрнат аплачваюць. Але ў нас так прывыклі: «Радзіма вас грудзьмі выкарміла — вы абавязаны». Нікога не цікавяць твае палітычныя погляды, ды і ў наш час лепш увогуле не абурацца, — заўважае жанчына.

Паводле слоў Вольгі, дачка і яе аднагрупнікі самі жадання ісці на праўладныя мерапрыемствы не праяўляюць, але педагогі або адміністрацыя інтэрната звычайна настойліва ўгаворваюць. Так было і напярэдадні «Дня народнага адзінства».

— Сказалі, што абавязкова трэба быць. Дачка ў мяне стараецца на такія мерапрыемствы не хадзіць, не любіць іх — яна ж разумее ўсё гэтае трызненне. Ды і няма калі ёй. А яна ў мяне такая дзяўчынка адказная, звычайна калі ўжо прыйшла, то куды дзявацца з карабля? Да канца і застаецца, перажывае: «Мама, раптам я падвяду трэнера?» Ведае, што і тых таксама прымушаюць. Але гэтым разам атрымалася неяк прагуляць. У іх хлопцы ў групе таксама імкнуцца усялякімі шляхамі ад гэтага ўсяго засцерагчыся. Можа, не ўсё праз ідэалогію, але вялікага жадання ў дзяцей кудысьці ісці, асабліва ў нядзелю, няма.


Глядзіце таксама

«Дзікая клаўнада, у студэнтаў спрабуюць выкараніць любое альтэрнатыўнае меркаванне»

Антон вучыцца ў адным з абласных цэнтраў. Хлопец кажа, што студэнтаў яго ВНУ 17 верасня «прымушалі ісці на мерапрыемства з чырвона-зялёнымі сцяжкамі» ў горадзе, нягледзячы на тое, што гэта нядзеля і ненавучальны дзень.

— Куратар напісаў у групе, што трэба пайсці. Усіх паставілі перад фактам. Але ў нас пагроз няма, куратар адэкватны, усё разумее. Тым, хто не хоча ісці, проста кажа быць асцярожнымі, — тлумачыць малады чалавек. — У нядзелю хадзіла дзесьці 20% ад групы — прыйшлі пастаяць, паслухаць і сысці, калі скажуць. Усіх, хто быў, прымусілі — добраахвотна ісці ніхто не хацеў.

Антон дадае, што гэтак жа прымусова ў яго ВНУ адпраўляюць на фільм «На другім беразе», прэм'еру якога якраз прымеркавалі да «Дня народнага адзінства». У тых, хто не хоча ісці на карціну або хварэе, патрабуюць назваць прычыну або паказаць даведку.

— Увогуле, адміністрацыя вывучыла прапагандысцкія клішэ пра «ўз'яднанне народаў Беларусі» і гэтак далей, хоць, калі з імі пагаворыць пісьменны чалавек, які ведае пра гэта не толькі з прасавецкай пазіцыі, але і з польскай, нямецкай, беларускай, то яны імгненна ўгразнуць у сваім няведанні. Факт падзелу Польшчы з дапамогай пакта Молатава-Рыбентропа наогул, такое адчуванне, што не існаваў. Проста як бы «пасля 20 гадоў анексіі Польшчай Гродна і іншых беларускіх гарадоў СССР раптам вырашыў іх вярнуць», але з чыёй дапамогай — замоўчваецца, таму што праўда нязручная. Гэта я кажу тое, што чую вось ужо другі год існавання гэтага «свята» ад усялякіх кіраўнікоў ВНУ. Дзікая клаўнада, у студэнтаў спрабуюць выкараніць мінімальную цягу да непрадузятых ведаў і любое хоць трохі альтэрнатыўнае меркаванне, — лічыць Антон.

— Ёсць адчуванне, што абсалютная большасць студэнтаў запалоханыя, — працягвае ён. — Ледзь абмовішся пра Лукашэнку, Ціханоўскую, Пуціна ці вайну — адразу пераводзяць на іншую тэму. Прама нейкае табу ў іх.


Глядзіце таксама

«Складалі спісы, каб не былі нідзе заўважаны тыя, хто супраць улады ці ставіў подпісы за іншых кандыдатаў»

На працы ў Веніяміна ў дзяржарганізацыі на мінулым тыдні таксама збіралі супрацоўнікаў на мерапрыемствы да «Дня народнага адзінства». Мужчына кажа, што з кожнага раёна яго вобласці павінны былі ўкамплектаваць па аўтобусе на 30-40 чалавек. Людзей везлі на канцэрт у Мінску, дзе выступаў Лукашэнка, таму сярод патэнцыйных удзельнікаў зладзілі адбор.

— Складалі спісы грамадзян, правяралі (як я разумею, праз КДБ), каб нідзе не былі заўважаны. Нават блізкіх сваякоў правяралі: хто супраць улады, ці ставіў подпісы за іншых кандыдатаў. Некаторых пасля праверак выкрэслівалі. У паездку ўключалі ідэолагаў, работнікаў выканкамаў, БРСМ. Адмовіцца было нельга, і гэта ўсе разумелі: адмова можа стаць падставай для непрацягнення кантракта. А калі хто не зразумеў, гэта тлумачаць ужо тэт-а-тэт. Хоць цяпер ніхто асабліва і не абураўся, напэўна, таму, што так робяць пастаянна і ўсе да гэтага ўжо прывыклі. Хто ўздымаў гэтыя пытанні раней, як правіла, звольнены альбо ўжо моўчкі падпарадкоўваюцца.

Паводле назіранняў Веніяміна, пры адборы на канцэрт у Мінску «перавагу аддавалі моладзі». З такіх супрацоўнікаў у яго калектыве многім, адзначае суразмоўца, было «ўсё роўна» — паездку яны ўспрымалі як забаву.

— Я гэтым разам у спіс удзельнікаў не трапіў, не ведаю чаму. Але, калі шчыра, як і многія іншыя, калі даводзіцца, наведваю гэта ўсё вымушана, баючыся страціць працу, баючыся негатыўных наступстваў. Хоць хтосьці спрабуе крывадушнічаць, разлічваючы атрымаць за такую ініцыятыўнасць добрую пасаду, — тлумачыць суразмоўца матывацыю некаторых калег удзельнічаць у падобных мерапрыемствах добраахвотна.

Якія ўражанні засталіся ў калег пасля паездкі ў Мінск на канцэрт, Веніямін не ведае. Кажа, палітычныя тэмы ў кабінетах імкнуцца не падымаць.

— Людзі сталі замкнёнымі. Гэта ўсё абмяркоўваюць толькі ў вузкіх колах і не на працы. Але агульная тэндэнцыя — гэта свята з-пад палкі, пад прымусам і прыдуманае ідэолагамі. Гэта неадназначнае свята. Асаблівай весялосці няма, нейкіх захопленых эмоцый я не чуў. Нашы, хто ездзіў, больш абмяркоўвалі, як весела вярталіся назад: заўсёды па дарозе дадому з такіх мерапрыемстваў народ выпівае.