Раманчук: «Часам чыноўнікі кажуць праўду, проста трэба сачыць за іх выказваннямі»
Эканаміст Яраслаў Раманчук распавядае, як працуе беларуская прапаганда, што не так з данымі МВФ і справаздачамі аб небывалых эканамічных поспехах, і пра тое, ці разумеюць у эшалонах улады далікатнасць свайго становішча.
— Некаторыя рэчы прапагандысты сапраўды бяруць праўдзівыя, — адзначае Раманчук на ўкраінскім каналеBalaganOFF. — Ёсць 10-15% праўды. Напрыклад, што ў Беларусі няма дэфіцыту прадуктаў. Гэта дакладная праўда — дэфіцыту няма. Ну а тое, што няма такога асартыменту, як нават у ваюючай Украіне ці, напрыклад, у Польшчы — дык а хто ў тую Польшчу ездзіць? Добра калі 5% насельніцтва.
А для большасці, хто глядзіць ТБ, усё нармальна. Транспарт своечасова ездзіць? Своечасова. Парадак захоўваецца, школы і паліклінікі працуюць. Гэта значыць антураж, тыя фактары, па якіх людзі ацэньваюць стан сацыяльна-эканамічнай палітыкі, працуюць.
Добрая карцінка падаграваецца так званымі «даследаваннямі» і «рэйтынгамі» міжнародных арганізацый. У сувязі з гэтым эканаміст прыводзіць у прыклад даныя ААН і Сусветнага эканамічнага форуму, якія паставілі Беларусь у 30-ку краін па такіх параметрах, як індэкс гендарнай роўнасці, а таксама па выкананні параметра ўстойлівага развіцця.
— Сапраўды, чытаеш даклад — і дзіву даешся! — усклікае Яраслаў Раманчук. — Гэта я як навуковец разумею, што за гэтымі параметрамі не стаіць эквівалент дабрабыту, не стаіць рост і развіццё. Таму што гэта фэйк. Гэта дэкарацыі. Але калі ты з экранаў тэлевізара паказваеш даклад ААН, даклад Сусветнага эканамічнага форуму і кажаш: вось, глядзіце, у нас становішча жанчын лепшае, чым у Амерыцы — гэта б'е па мазгах.
З гэтай сферы і лічбы па інфляцыі і паказчыках ВУП на душу насельніцтва, якія прыводзяцца досыць часта і якія нібыта сведчаць аб пазітыўнай сітуацыі ў беларускай эканоміцы, нягледзячы на санкцыі.
— Мы бачым, што ВУП у доларавым вылічэнні, паводле звестак МВФ, вырас з 68 млрд да 72 млрд. Гэта не тое, што Белстат падлічыў, гэта МВФ падлічыў! — адзначае Яраслаў Раманчук. — Але яны ж не кажуць, што МВФ карыстаецца фэйкавымі звесткамі беларускай статыстыкі! І на месцы МВФ я б зрабіў прыпіску, што гэтыя лічбы на аснове неправераных і неверыфікаваных звестак ад беларускага боку. Але яны гэтага не кажуць.
Аднак, на думку эканаміста, праўда ўсё роўна прарываецца вонкі.
— Часам яны прагаворваюцца. Лукашэнка сам прызнаецца, што і па раслінаводстве, і па жывёлагадоўлі — суцэльныя прыпіскі, ашуканства, — нагадвае эксперт. — Ці вось прэм'ер Галоўчанка месяцы тры таму прызнаўся, што ў нас у замарожаным стане знаходзяцца інвестыцыі на суму 20 млрд долараў. Амаль трэць ВУП. Гэта гіганцкая сума!
Ужо і ў Нацбанку кажуць, што калі інвестыцыйныя праекты не прынясуць прыбытку, то будуць праблемы ў банках, будзе ціск на курс, будзе інфляцыя. А як могуць гэтыя праекты не быць праблемнымі, калі нават сам Галоўчанка ў гэтым прызнаецца? Гэта значыць часам чыноўнікі кажуць праўду, проста трэба сачыць за іх выказваннямі і разумець, што яны азначаюць.
Паводле «Салідарнасці»