«Супраць навалы з Усходу станем мурам каменным». 5 гадоў без Міхала Анемпадыстава
Міхал Анемпадыстаў, чалавек, чыім імем яшчэ будуць названы нашыя вуліцы, так і не спазнаў шырокай вядомасці сярод суайчыннікаў. Зрэшты, ён і сам казаў, што «ў нас немагчыма быць вядомым, толькі з агаворкай аб «пэўных колах». Прадстаўнікі тых самых «пэўных колаў» з гонарам нясуць памяць пра спадара Міхала, абараняючы далонню полымя яго неўміручай спадчыны ад усіх вятроў.
Такой самай раніцай, як гэтая, 5 гадоў таму мы даведалася пра смерць дызайнера, мастака, мысляра, паэта Міхала Анемпадыстава.
Ён быў эталонным беларусам.Сама беларуская сутнасць, што знаходзіць адлюстраванне ў словах «не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» настолькі ж трапна, наколькі і ў словах «гэта так проста, гэта так добра, як з галавою залезці пад коўдру», была і ягонай сутнасцю. Стрыманы, вытанчаны, нешматслоўны, але прынцыповы і ва ўсім дакладны, Анемпадыстаў добра разумеў, у якой краіне жыве, і тое, як далёка гэтая краіна ад таго, што сапраўды ёсць Беларуссю.
— Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак. Тое, што мне падабаецца, і тое, што «маё», чамусьці няўхільна знікае. Прыкмеціў гарадскі закутак, упадабаў краявід, а заўтра яго ўжо няма. Застаюцца ўспаміны і смутная беларуская літаратура. Відаць, ёсць нейкі псіхалагічны механізм: калі ты за нешта альбо некага перажываеш, то рана ці позна патрапляеш у пэўную псіхалагічную залежнасць. Так і з Беларуссю, — казаў спадар Міхал у інтэрв’ю «Н*шай Ніве» за чатыры гады да смерці.
Увогуле да апошняга змагацца за «сваё» было надзвычай істотна для галоўнага беларускага дызайнера.
У гэтым кантэксце падаецца кранальным адзін з апошніх пастоў спадара Міхала ў фэйсбуку, дзе ён заклікае падказаць сродкі змагання з тымі, хто вырашыў зрубіць улюбёныя дрэвы Анемпадыстава, што раслі наўпрост пад ягонымі вокнамі. Спадар Міхал шукаў справядлівасць — аказалася, што нават пастановы на вырубку аніякай няма. Але ж дрэвы надта перашкаджалі суседзям, таму іх лёс склаўся трагічна. Метафарычна ў маштабах краіны, ці не так?
Міхал Анемпадыстаў лічыў сябе найперш дызайнерам і нават да паэзіі аўтар тэкстаў легендарнага «Народнага альбома» ставіўся як да дызайну. Галоўным беларускім колерам лічыў шэры і заахвочваў суайчыннікаў не саромецца гэтага колеру, але ж прымаць як дадзенае і нават ганарыцца ім.
«Мы недаацэньваем шэры. З кропкі гледжання прафесіяналаў, архітэктараў, дызайнераў, ён адзін з найлепшых. Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору, — сцвярджаў Анемпадыстаў. — Шэры колер — гэта беларускае неба і азёры, беларускі лён і льняное адзенне, шэрыя беларускія палі ранняй вясной і позняй восенню, шэрыя беларускія старажытныя драўляныя хаты і шляхецкія двары, героі народных казак для дзетак (шэры кот, шэры воўк, шэрая мышка, шэры зайчык, шэрая галка і інш.), шэрань, шэрыя вочы і г. д.».
Ён нібы марыў «змыць» з аблічча сучаснай Беларусі ўсе гэтыя недарэчна-яскравыя для тутэйшай мясцовасці колеры, вярнуць нас да традыцый, заахвоціць да гармоніі. «У нас адбываецца афрыканізацыя», — казаў Анемпадыстаў.
Што да галоўных беларускіх сімвалаў, спадар Міхал казаў наступнае:
Дадамо да партрэта Міхала Анемпадыстава ўспамін пісьменніка Адама Глобуса:
«Мастак Міхал Анемпадыстаў ніколі нічым не злоўжываў. Ён быў выхаваны і тактоўны. Не любіў моцных напояў, накшталт спірту, віскі ці гарэлкі. У той жа час мог доўга разважаць пра тутэйшыя наліўкі ды віно. Ён нават марыў пра наладжванне выпуску якаснага віна з яблыкаў і сліў у нашай вольнай Беларусі. Хацеў распрацаваць этыкеткі да бутэлек з такім віном. Міхал не любіў хамства, хабёльства і экстрыму. Далікатнасць і густоўнасць уваходзілі ў спіс ягоных асноўных прыярытэтаў. Сярод Міхалавых каштоўнасцей яшчэ можна назваць мінімалізм. Ні разу ў жыцці я не чуў, каб ён крычаў ці гучна сварыўся. Стрыманасць і асцярожнасць былі ў ягонай натуры, але гэта не замінала Міхалу быць настойлівым, працавітым і паслядоўным.
Галоўнай працай свайго жыцця Міхал Анемпадыстаў лічыць праект «Народны альбом», да ўдзелу ў якім заахвоціў дзясяткі найлепшых беларускіх музыкаў. Верагодна, у кожнага, хто праходзіў шлях да беларушчыны, ёсць свая гісторыя першага праслухоўвання гэтага, без перабольшання, гістарычнага, а яшчэ стылёвага, сапраўднага і надзвычай «нашага» твора.
— «Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца, — казаў спадар Міхал. — Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якія нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву.
І, безумоўна, атрымалася. «Народны альбом» ёсць катарсісам усяго беларускага, якое жыве, трымаецца, прабівае хлусню. Гэта сапраўдны антыдот ад прапаганды, бо спевы з «Народнага» закранаюць нешта надзвычай глыбокае, нагадваючы кожнаму, адкуль ён на гэтым свеце і навошта.
— Міхал Анемпадыстаў — адзін з найлепшых паэтаў свайго пакалення. Магчыма, адзін з найбольш недаацэненых у нас аўтараў... — заўважаў Андрэй Хадановіч. Можа, вінаватая сама «мінімалістычная» паэтыка Анемпадыстава? Вершы іншых аж крычаць, гіпнатызуючы слухачоў-чытачоў піратэхнікай паэтычных спецэфектаў, каскадамі вынаходлівага гукапісу, бліскучымі словамі-вобразамі, што зіхцяць, як цацкі на паэтычных ялінках. Паступова ператвараючыся ў кіч. У Міхала ж кожны вобраз — не дадатковая аздоба, а абсалютна неабходны канструктыўны элемент. Без яго ўся пабудова разваліцца. Але не развальваецца, бо кожнае слова — на сваім месцы.
Мы ў шэрых мундырах
Пад шэрым крывіцкім небам
Перад навалай з Усходу
Станем мурам каменным,
Будзем стаяць непарушна,
Будзем стаяць непахісна.
З намі вера і праўда,
З намі Божая Маці,
З намі анёл-абаронца.
Будзем стаяць бясконца,
Пакуль толькі хопіць моцы,
Калі яшчэ будзем жывы.
1 сакавіка 2014 года
Міхал Анемпадыстаў напісаў наступнае:
«Звяртаюся да сяброў па ФБ з Расіі. Адказнасць за тое, што зараз робіць вашае кіраўніцтва, ляжыць на вас. На тых, хто цешыцца пачатку вайны і не задумваецца пра наступствы, на тых, хто маўчыць таму, што ніякавата ісці супраць плыні, і на тых, каму наогул пофіг. Нават на тых, хто ідзе супраць плыні і выступае супраць агрэсіі, таксама ляжыць адказнасць. Яна ляжыць на кожным з вас і на кожным з нас. Перш чым пісаць чарговую гадасць аб украінцах і радавацца ўводу войскаў, падумайце аб тым, да чаго гэта прыводзіць і яшчэ прывядзе. Мала вам русафобіі на постсавецкай прасторы? У дадзены момант вы яе ўгнойваеце і выгадоўваеце, усходы ўжо бачныя няўзброеным поглядам, і я нават не пра Кіеў. Я пра Мінск».
Міхал Анемпадыстаў дакладна не ведаў, але, пэўна, здагадваўся, наколькі гэтыя словы нам яшчэ прыдадуцца.
Тых самых «Калядаў» ён так і не дачакаўся. А мы, у сваю чаргу, можам не толькі марыць пра Беларусь, якой яе бачыў Анемпадыстаў, але і працягваць сваё няспыннае змаганне за яе пад чароўнае гучанне «Народнага альбома».
Мы чакалi Калядаў з маленства
I нiяк не маглi дачакацца
Тату трэба было на работу
Мацi трэба было на працу
А Гагарын ляцеў на
ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелi ўсьлед са зьдзiўленьнем
I мiжволi чакалi Калядаў
Мы ўвосень падпальвалi лiсьце
Мы ўзiмку хварэлi на глянды
I прыклаўшы далонi да вуснаў
У цямрэчы чакалi Калядаў
Мы пiсалi ў школе дыктоўкi
Нас вадзiлi глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькi
Мы бралi i чакалi Калядаў
Нам даводзiлi, хто мы i што мы
Нас вучылi выконваць загады
Нам казалi, ды мы ня чулi
Мы ўпотай чакалi Калядаў
Мы рабiлi высновы хутка
Мы павольна сьпявалi баляды
Мы назлосьць валасы расьцiлi
I ўпарта чакалi Калядаў
Што з таго, што ўсё гэта зьнiкла
Быццам бурбалкi ад лiманаду
Засталiся сям'я i дзеткi
Засталося чаканьне Калядаў
Засталiся сябры ды праца
А адзiн, дык «вабшчэ» ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў
Позна ўвечары посуд памыем
I пакiнем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Каляды з маленства
I ня можам нiяк дачакацца
Міхал Анемпадыстаў (1964-2018)