«Колер Беларусі» Міхала Анемпадыстава
Год, як няма з намі Міхала Анемпадыстава. Неяк у сакавіку 2017-га ён правёў экскурсію па сваёй фотавыставе «Колер Беларусі». Прапануем вытрымкі з яе.
— Я займаюся колерам яшчэ з 1990-х, а дакладна гэтай тэмай — з 2009-га. Белы і чорны, іх спалучэнне — першыя, якія паўстаюць у любой культуры, не толькі ў беларускай. Яны ад пачатку не зусім колеры, пазначаюць таксама цемру і святло. Дагэтуль за імі цягнецца архаічны шлейф. Для мяне першасны носьбіт белага колера — крэйда. Бо крэйда — тая парода, дзе знаходзілі крэмень. А крэмень — гэта матэрыял, які тут пачалі здабываць яшчэ ў неаліце. Славутыя Краснасельскія шахты ўнікальныя, іх знойдзена блізу тысячы, пры тым, што значная частка была разбураная.
З мелу (менавіта такое слова выкарыстаў спадар Міхал, разумеючы масу, у якой знаходзілі крэмень у супрацьвагу кавалку, які зваў крэйдай — рэд.) робіцца вапна. З той, у сваю чаргу, рабілі росчыну для мацавання камянёў падчас будаўніцтва. Вапну выкарыстоўвалі для кладкі на поўначы Беларусі. Можна назваць «браслаўская кладка», бо такіх будынкаў у Браславе вельмі шмат, хаця ёсць і ў іншых раёнах. Характэрны прыём — выбіраюцца чорныя базальтавыя каменчыкі і ўтыркаюцца ў вапну. Так атрымліваецца бела-чорная каларыстыка.
Белы колер і ў старажытнасці, і цяпер — досыць умоўны парадак. Белымі лічацца самыя розныя паверхні, колер якіх можна ўлучыць у «групу белых колераў». Малако — архетыпічны прадукт, які ва ўсіх культурах вельмі важны. У беларускай асабліва важны, праз традыцыі харчавання. Малако — падставовы прадукт у беларусаў. Цяжка знайсці іншую культуру, у якой здаровы мужык выпіваў па тры літры малака на дзень, і гэта лічылася не напоем, а ежай.
Неаліт у Беларусі пачынаецца ў сферы керамікі. Яшчэ не адбылося пераходу да вытворчай гаспадаркі, бо прыродных рэсурсаў хапала. Кераміка часта выраблялася з рытуальнымі мэтамі. Узнікненне тэкстылю адбываецца ў IV стагоддзі да нашай эры, ткацкі станок выкарыстоўваўся прадстаўнікамі Зарубінецкай археалагічнай культуры. У Беларусі тэкстыль кепска захоўваецца, у Літве знаходкі тэкстылю старэйшыя: І ст. н. э. Лён з’явіўся пазней за воўну. Тэхналогія вырабу клінковых сыроў напрасткі звязаная з тэкстылем: сыр робіцца ў палатняным мяшэчку. У кожнай гаспадыні мяшэчак быў свой, яго нельга было пазычаць суседзям. Гэты мяшэчак перадаваўся ад бабулі да ўнучкі, праз пакаленне. Для стварэння сыру тканіна мяшэчка «працавала» ў сімбіёзе з бактэрыямі. Мяшочак меў тэхналагічны шоў, які адбіваўся на сыры. Па гэтым адбітку гаспадыня магла пазнаць свой выраб, калі ён з іншымі сырамі быў, напрыклад, на купальскім стале (сыры былі традыцыйным пачастункам на Купалле). Хлебную рошчыну таксама не пазычалі.
У Заходняй Беларусі вывучэнне этнаграфіі і фальклору было пастаўлена добра, бо грунтавалася на традыцыях моцнай Віленскай школы. Яна стала падмуркам польскай этнаграфіі, якая лічылася адной з самых «прасунутых» у свеце на той час. У вёсцы Страдзічы каля Брэста — унікальная традыцыя «чорнага гафту». «Гафт» — гэта вышыванне, але такія ж узоры можна ствараць і ў тэхніцы ткацтва, больш старажытнай. Адкуль там узялася такая традыцыя — незразумела. Увогуле гэты рэгіён схіляецца да чорна-белай каларыстыкі. Для ўсёй Беларусі гэта не ўласціва, звычайна гэта белае палатно і чырвоны арнамент, часам з дамешкам.
«Чорны» арэал заходзіць на польскі бок, супадае з арэалам яцвягаў. Гэта племя звязваецца з чорным колерам і ў фальклоры. Шмат хто з даследчыкаў піша, што яны насілі чорную вопратку. Адкуль гэта ўзялася і пераходзіць з кнігі ў кнігу, я не ведаю, спасылак не сустракаў.
Чырвоны ў любой мове і культуры — трэці пасля чорнага і белага. Чорны і белы на архаічным узроўні — гэта не зусім колеры, бо яны выходзяць з абстракцый ценю і святла. Таму можна сказаць, што чырвоны — гэта першы сапраўдны колер. Ён заўсёды з’яўляецца дзякуючы якому-небудзь фарбавальніку, і назвы ўсіх адценняў чырвонага звязаныя з назвамі фарбавальнікаў. Слова «чырвоны» ў славянскіх мовах звязана з фарбавальнікам «чарвец». Гэта ўласнаславянскае вынаходніцтва. Складана даказаць, але шэраг фактаў паказвае на рэгіён польска-ўкраінскага памежжа (узвышша Расточча, Малапольскае ўзвышша) як месца паходжання гэтай тэхналогіі фарбавання. Яна «руская», калі пад Руссю разумець Кіеўскае княства. Відаць, вынаходніцтва адбылося яшчэ да фармавання Зарубінецкай культуры.
Чырвоны колер асацыяваўся ў Польшчы са шляхтай. Нават ішла вайна мянушак палякаў-«бурачкоў» з літвінамі-«бацвіначнікамі» (ад слова «бацвінне» — лісце буракоў — рэд.). На сялянскіх рэчах ХІХ стагоддзя насычанага чырвонага колеру часта не атрымлівалася. Магчыма, дзе-нідзе ніткі фарбавалі бураком. А чарвец даваў насычаны колер. Ён быў адным з галоўных прадуктаў экспарту Рэчы Паспалітай на працягу XV ст. Экспартаваўся ў Венецыю. Там узнікла назва тканіны «кармазін». А цяпер усё страчана.
Рабец атрымлівалі з інсекты, якая мае вельмі складаны жыццёвы цыкл. У нейкі момант яна прысмоктваецца да карэння расліны, адкідае ножкі, вусікі, вочкі — усё, і робіцца часткай расліны. У гэты момант інсекту збіраюць, сушаць і з яе атрымліваецца фарбавальнік. Некалькі стагоддзяў спатрэбілася, каб даказаць, што гэта інсекта, а не расліна. Потым інсекту класіфікавалі і назвалі «шчытоўка». У ХІХ стагоддзі польскія патрыёты заклікалі аднавіць тэхналогію вырабу «кашынэлі польскай». Пра гэта шмат пісалі тады. На пачатку ХХ ст. рабілі маніторынг і так і не зразумелі: ці шчытоўка мае прыродныя анклавы, ці яны ўтварыліся ў выніку культывацыі. На Беларусі пра шчытоўку мала што вядома. Яна была занесеная ў Чырвоную кнігу, потым выкрэсленная, бо зусім не даследаванная і невядома ўвогуле, ці ёсць яна ў Беларусі.
Папулярная еўрапейская фарба — так званая «фалунская чырвоная», яе здабывалі з адкідаў радовішчаў медзі ў Фалуне (Швецыя). Цяпер гэтае радовішча ўнесена UNESCO ў спіс культурнай спадчыны чалавецтва. Фарбу пачалі рабіць з XVI ст., а распрацоўваць радовішча раней. Дадавалі алей, жытнюю муку, яшчэ нешта... Цяпер засталіся толькі адкіды радовішчаў, з іх дасюль робяць фарбу дзве ліцэнзаваныя фірмы. Такая фарба прадаецца ў малых колькасцях, толькі ў Скандынавіі, каштуе вельмі дорага. У нас падобная, самая танная фарба — сурык жалезны. Больш дакладна было б зваць «аксід жалеза», але ў народзе прыжылося слова «сурык». Гэта прыродны кансервант.
У беларускай мове няма «карычневага» колеру. Брунатная гама падзеленная між чырвоным (тэракота) і шэрым. Гэтыя адценні можна таксама смела называць чырвонымі.
Золата ў беларускай традыцыі з’яўляецца досыць позна, гэта наўпрост звязана з хрысціянствам. У сваю чаргу, у хрысціянства яно трапляе з Блізкага Усходу. Гэта не вельмі еўрапейская традыцыя. Грэкі ўвесь час спрачаліся, змагаліся, выказвалі сваё непрымане гэтага бляску, супрацьпастаўлялі сябе Усходу. У Рыме і Візантыі ўжо было па-іншаму, там любілі бляск і раскошу. З прыняццем хрысціянства замацавалася і сімволіка, звязаная з залатым колерам. Гэта святло, да таго ж святло Боскае. Такім чынам, гэта адна з частак эстэтыкі хрысціянства.
Другі росквіт золата ў выяўленчым мастацтве, у іканапісе і архітэктуры, пасля ранняга хрысціянства — гэта барока. Золата было запатрабавана, таму што яно стварае тэатральны эфект. Класіцызм пакінуў золата, але зменшыў яго колькасць. Кафедральны касцёл у Вільні — прыклад пераходу ад эстэтыкі барока да класіцызму.
Залаты палюбіўся і ў народнай культуры. Зразумела, што колер выглядае па-іншаму, гэта саломка… Залаты цалкам замяшчае жоўты. У фальклорных тэкстах «жоўтага» не сустрэнеш.
Сіні — вельмі архаічны колер, дублёр чорнага. Больш за тое, шмат якія сэнсы, якія хрысціянства потым надала чорнаму, першапачаткова належалі сіняму. У даўняй балцкай і славянскай традыцыі ён маркіраваў Іншасвет. Абсалютная супрацьлегласць, чорны — белы, зло — дабрыня, неўласцівая для старажытных культур лясной зоны. Гэта ўласціва акурат для культуры стэпу, там, дзе ёсць неба і зямля, адусюль бачна. Сама прастора лесу крывалінейная, неба няблізка, яно праглядае праз галіны, да яго яшчэ трэба дабрацца зрокам. Прастова паміж дзвюма кропкамі — таксама не наўпрост, а па нейкіх мудрагелістых траекторыях. Таму і апазіцыі «дабро — зло», «ніз — верх», «Іншасвет — гэты свет» — яны таксама не настолькі катэгарычныя. Іншасвет прысутнічае паўсюдна, праз нейкія спецыяльныя месцы можа з’явіцца ў дадзены момант. У культуры паганцаў няма вось гэтага панятку пекла, якое пад нагамі.
Сіні першапачаткова маркіраваў усю гаму ад чорнага да адценняў блакітнага. Спектр быў шырэйшы. З часоў Асветніцтва блакітны звязваўся з арыстакратыяй.
Блакітная валошка з падачы Максіма Багдановіча стала сімвалам Беларусі. Слуцкі пояс, пас кунтушовы, на якім яна з’яўлялася, быў элементам шляхецкага сармацкага строю. І гэта з’ява усходняя, зусім не еўрапейская, як і жупан, і кунтуш. Увядзенне ва ўзоры шляхецкіх паясоў, што сталі вырабляць у Рэчы Паспалітай, валошак — гэта мясцовая ініцыятыва, Яна Маджарскага, прадстаўніка армянскай дыяспары ў Львове, нанятага на службу да Радзівілаў. Ці яго мастакоў, пра якіх мы нічога не ведаем. Блакітны колер і залатыя ніткі — традыцыйныя для ўсходняга мастацтва, візуальна яны вельмі добра спалучаюцца. Блакітны ў Беларусі стаў адзнакай праваслаўнага мастацтва праз выкарыстанне ва ўніяцкіх абразах і ў архітэктуры псеўдарускага стылю.
Шэры колер асацыюецца з натуральнасцю. Будынкі не фарбаваліся. У сармацкай культуры цанілася прастата, што накладаецца на даўнейшую традыцыю адсутнасці каляравання, балцкіх нефарбаваных тканін. Адсутнасць фарбы закладае запас трываласці, матэрыялы прыгожа старацца.
Гонта, трыснёг праз пару гадоў набываюць металічнае адценне. Адлюстроўваюць неба і маюць нават элемент блакітнага. Шэры — гэта годнасць, інтэграванасць у прыроднае асяроддзе. Ад слова «шэры» ў беларускай мове ўтвараецца шмат іншых — шэрань (іней), шарачок (дробны шляхціч), шарая гадзіна (прыцемкі)… Шарачковая шляхта ў адрозненні ад кармазіновай (чырвонай, заможнай).
Шэры плаўна пераходзіць у зялёны. Апошні не прысутнічае ў народным мастацтве, застаючыся колерам прыроды. Зельніцтвам у Беларусі, можна сказаць, прафесійна займаліся татары, ужо пакінуўшы вайсковую справу. Я неяк паехаў у Іўе, дзе традыцыйна жылі татары, на пачатку траўня, думаў, сфатаграфую палі цыбулі. А яе ў гэты час ужо зразаюць на продаж!
Культура зельніцтва дасюль табуяваная. Паглядзіце, бабулі, што прадаюць зёлкі, нікога не зазываюць, стаяць сабе ціхенька. Нешта там у іх сваё… Мох шмат у якіх замовах — гэта абсарбент зла. На яго асылаюцца хваробы. Мох — прыкмета памірання ў прыродзе і ў той жа час крыніца жыцця. Калі ў Белавежскай пушчы памірае дрэва, яно падае, і некалькі год ляжыць, пакрываецца мхом, на ім заводзяцца інсекты… А потым з’яўляюцца маладыя парасткі.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч.Мантаж відэа — Андрэй Ляневіч.