«Шушкевіч паказаў, што за ўладу можна не чапляцца сінімі пальцамі»

Магільшчык СССР і чалавек, які заблакаваў рэферэндум БНФ. Якой была палітычная спадчына Станіслава Шушкевіча? Што яму ўдалося, а што не? Гэта абмяркоўвалі падчас сустрэчы Экспертна-аналітычнага клуба.

szuszkevicz_1_1.jpg

На мінулым тыдні краіна развіталася з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Ён узначальваў Вярхоўны савет усяго тры гады, але так ці іначай гэты час увойдзе ў гісторыю. Пра дасягненні і правалы кіравання Шушкевіча разважалі людзі, якія з ім працавалі.

Доўга пратрымаўся на пасадзе, на якой не мусіў быць

Палітык Анатоль Лябедзька працаваў са Станіславам Шушкевічам у Вярхоўным савеце. Яны пазнаёміліся ў 1990 годзе ў першым парламенце пасля адносна свабодных выбараў. Лябедзька з Шушкевічам аказаліся ў апазіцыі, і цягам кадэнцыі Вярхоўнага савета 12 склікання працавалі разам.
— Вярхоўны савет 13 склікання быў разагнаны, і частка дэпутатаў, у тым ліку я і Шушкевіч, адмовіліся ісці ў Палату прадстаўнікоў, — узгадвае Анатоль Лябедзька. — Сам Шушкевіч — гэта ўжо дасягненне. Добра, што ён быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Гэта чалавек з пазітыўнай крэдытнай гісторыяй, навуковец, палітык і чалавек дэмакратычных поглядаў.
Старт беларускай дзяржавы з Шушкевічам на чале быў са знакам «плюс», перакананы Анатоль Лябедзька.У той жа час ён падкрэслівае: Шушкевіч утрымаўся на пасадзе старшыні Вярхоўнага савета, на якой не мусіў быць, досыць доўга.
— Ён стаў кіраўніком парламенту, пры гэтым прадстаўляючы дэмакратычную меншасць апазіцыі. Ён шукаў палітычны кампраміс, і яго за гэта многія папракаюць, — але як па-іншаму? — гаворыць былы дэпутат Вярхоўнага савета.
Сярод дасягненняў Станіслава Шушкевіча Анатоль Лябедзька адзначае, што Беларусь з пазітыўнага боку прагучала на міжнароднай арэне, а таксама стала бяз’ядзернай краінай.
— У гэты час да нас прыязджаў і Клінтан, і гэта найперш адзнака палітычнага кіраўніцтва. Шушкевіч стварыў фон для Беларусі як краіны, якая хоць і з цяжкасцямі, але імкнецца да пераменаў.
Характарызуючы першага кіраўніка незалежнай Беларусі, Анатоль Лябедзька падкрэслівае, што гэта быў чалавек, які меў сваю каштоўнасную павестку дня, якой ён трымаўся, гэта быў чалавек дэмакратычных каштоўнасцяў.
— Як асоба ён быў абсалютна камфортны і для апазіцыі, і для камуністычнай большасці — ён не грэбаваў нікім. Дзверы яго кабінета былі заўсёды адчыненыя. Ён бачыў людзей вакол сябе, быў адкрыты і ў крокавай дасягальнасці.
Анатоль Лябедзька зазначае: большасць заўваг да Шушкевіча як да кіраўніка дзяржавы і спікера парламента можна выстаўляць, калі мы выводзім яго з кантэксту.
— Гэта выпадковасць, што ён ім (кіраўніком. — НЧ) стаў, гэтаму паспрыяў развал савецкай імперыі. У стане камуністаў была блытаніна, яны былі разгубленыя, і гэтым удала скарысталася апазіцыя. Патрабаваць у гэты час больш глыбокіх эканамічных і палітычных рэформаў — гэта мае права на існаванне, калі мы бярэм сітуацыю, як ідэальную. Ты можаш распрацаваць закон аб люстрацыі, але калі ён датычыць большасці тых, хто сядзіць у зале — дастаткова, каб яны запусцілі працэс імпічменту ў адносінах да цябе.

Самы вялікі «грэх»

Журналіст Віталь Цыганкоў падкрэслівае, што Станіслаў Шушкевіч быў ва ўсім процілегласцю Лукашэнку, ён быў альтэрнатывай.
— Сам ён лічыў сваімі дасягненнямі дзве рэчы: гэта Віскулі, дзе адбылося падпісанне Белавежскіх пагадненняў, і вывад з Беларусі ядзернай зброі.
Трэцім яго дасягненнем я б назваў яго палітычны імідж і досвед. І яшчэ ён сваёй палітычнай і жыццёвай філасофіяй паказаў, што за ўладу можна не чапляцца ні сінімі, ні зялёнымі, ні жоўтымі пальцамі.
Што да мінусаў. Шушкевіч у адным з інтэрв’ю казаў, як ён вучыўся дырыжаваць Вярхоўным Саветам — каму даць слова, каму не. Тым самым ён нажываў сабе ворагаў, у яго не было сваёй каманды.
Ён не знайшоў агульнай мовы з так званымі «маладымі ваўкамі» — Ганчаром, Булахавым. Не было ў яго паразумення і з Кебічаўскай групай.
Самы вялікі «грэх» Шушкевіча — тое, што ён не падтрымаў рэферэндум БНФ 1992 года. Было б лагічна правесці новыя выбары — так рабілі ўсе краіны пасля развалу СССР. Такое ж пытанне падняла БНФ, каб у новай краіне быў новы Вярхоўны савет. Але ВС упёрся, і Шушкевіч не падтрымаў БНФаўцаў. Фактычна, гэта быў міні-пераварот — калі ВС павінен быў толькі зацвердзіць дату рэферэндума, яго вырашылі не праводзіць, Шушкевіч стаў на бок большасці. Пры тым, што ў Шушкевіча быў рэйтынг 50% у 1992 годзе (у таго ж Пазняка каля 10%), але ён пабаяўся.

Без Шушкевіча ў Беларусі мог быць іншы сцэнар

Журналіст Юрый Дракахруст: першым сярод дасягненняў Станіслава Шушкевіча таксама называе Белавежскія пагадненні, хоць ён не быў там самым галоўным.
— У пэўным сэнсе, ён бацька-заснавальнік незалежнай Беларусі, — мяркуе журналіст. — Другое — трохгадовая дэмакратычная інтэрлюдыя, якую мела Беларусь, была дзякуючы Шушкевічу. Бо ў Беларусі мог быць іншы сцэнар. Без яго тое, што мы атрымалі ў 1994 годзе, мы б атрымалі раней. І ў нас было б, як у Туркменістане ці Узбекістане.
Яшчэ адна яго заваёва — гэта ўзор іншага лідарства. І не толькі ў параўнанні з пераемнікам, але і з папярэднікамі. Шушкевіч быў абсалютна не такі, як шэраг камуністычных кіраўнікоў. Гэты ўзор аказаўся вельмі жывучы. На мой погляд, Віктар Бабарыка стаў пэўнай рэінкарнацыяй Шушкевіча — і ў сэнсе інтэлігентнасці, і памяркоўнасці.
Што тычыцца недахопаў — сапраўды, што «заваліў» рэферэндум БНФ. Яшчэ я б дадаў дамову аб калектыўнай бяспецы — ён яе падпісаў. У гэтым сэнсе АДКБ і сёлетні візіт «рускіх братоў» грунтуецца на той дамове.Юрый Дракахруст лічыць памылкай тое, што Станіслаў Шушкевіч не стварыў сабе нейкую палітычную базу і казаў: «Мая каманда — Вярхоўны савет».
— Палітык вызначаецца тым, што ён пераадольвае цяжкасці, а не тым, што ён разводзіць рукамі, што чагосьці не змог зрабіць, — дадае журналіст.

Не быў хворы на ўладу, таму не ўтрымаў яе

Тым не менш, Шушкевіч увойдзе ў гісторыю як адзін з магільшчыкаў савецкай імперыі.
— Шушкевічу дастаткова было аднаго подпісу пад Белавежскімі пагадненнямі. І гэта будзе ў падручніках, незалежна ад таго, які будзе ўрад, — зазначае Анатоль Лябедзька. — Другое, што застанецца ў гісторыі, — тое, што ён першы кіраўнік незалежнай Беларусі. І я абсалютна перакананы, што мы страцілі самага знакамітага беларуса.
— Калі б на месцы Шушкевіча ў Вярхоўным савеце быў іншы чалавек, не былі б прынятыя ні герб «Пагоня», ні бел-чырвона-белы сцяг, — дадае Віталь Цыганкоў.
У сваю чаргу Юрый Дракахруст звяртае ўвагу на лідарства, якога так ці інакш не хапіла ў Станіслава Шушкевіча.
— У нядаўнім інтэрв’ю Алег Алкаеў сказаў, чаму сілавікі не падтрымалі ў 2020 годзе пратэст. Таму што яны не бачылі рэальнага лідара, які быў бы гатовы да любога развіцця падзей. Рэальнага начальніка работнікі адчуваюць скурай. Калі мы адчуваем, што гэта не рэальны начальнік — маем тое, што маем. Рэальная воля да ўлады была ў двух палітыкаў: у Пазьняка і ў Лукашэнкі.
Аднак Віталь Цыганкоў не згодны з калегам.
— Што Шушкевіч мог зрабіць, калі Вярхоўны савет за яго не прагаласаваў? Не падпарадкавацца? Увесці войскі? Магчыма, Лукашэнка так бы і зрабіў, але Шушкевіч быў чалавек іншай філасофіі.
— Калі б ён пайшоў на спробы аўтарытарнага ўтрымання ўлады — яму б гэтага не атрымалася, бо для гэтага трэба быць хворым на ўладу, гэта дыягназ. Такой хваробы ў Шушкевіча не было, і спроба за нешта чапляцца зрабіла б яго пацешным персанажам, альбо, наадварот, пралілася б кроў, якая засталася б на руках Шушкевіча, — дадае Анатоль Лябедзька.

«Калі ёсць шанец, рукі дрыжэць не павінны»

Станіслаў Шушкевіч не змог стварыць вакол сябе апірышча ў парламенце, а без яго працягваць нешта азначала б фініш.
— Ён у кампаніі быў эпіцэнтрам увагі, меў здольнасць прыцягваць да сябе. Але калі трэба было паказаць характар, ён мог гэта зрабіць, — узгадвае Анатоль Лябедзька. — Для мяне Шушкевіч быў чалавек, які моцна стаяў на нагах, мог пагаварыць з любым чалавекам. Ён мог пераконваць людзей як сам-насам, так і ў парламенцкай зале.
Віталь Цыганкоў узгадвае: калі ў 1994 годзе адбываліся страйкі рабочых, першым з кіраўніцтва, хто да іх выйшаў, быў Шушкевіч, хоць прэтэнзіі былі не да яго, а да ўраду. І ён гаварыў з імі. Праз некалькі дзён выйшаў і Кебіч. Шушкевіч мог бы не прымаць першы ўдар на сябе, але ён выйшаў да людзей.
— Як тады жыў кіраўнік дзяржавы? Я рабіў з ім інтэрв’ю ў 1991 годзе. Я прыйшоў у яго славуты кабінет на пятым паверсе Дома ўраду. Ён запрасіў мяне ў 7.30 — бо сказаў, што інтэрв’ю трэба рабіць да пачатку працоўнага дня, — прыгадвае журналіст.ж — Потым я прыйшоў да яго дамоў, ён жыў каля стэлы ў сваёй трохпакаёвай кватэры. Ахоўвала яго звычайна два чалавекі, а ўся ахова складала 6 чалавек. А цяпер мы ведаем, што ахова кіраўніка Беларусі складае каля 2000 чалавек.
Адстаўка Шушкевіча падрыхтавала перамогу Лукашэнкі, перакананы Юрый Дракахруст. Напрыканцы дыскусіі ён падзяліўся ўрокам, які ён пераняў ад Станіслава Шушкевіча.
— Шанец ніколі не даецца назаўсёды і не з’яўляецца ўласнасцю. Так склаліся абставіны, што Шушкевічу выпаў шанец, і ён ім скарыстаўся.
Пасля таго, як яго знялі, я прыехаў да яго на лецішча, і ён мне распавёў анекдот. Чалавек прыходзіць да ювеліра і кажа, што яму трэба раскалоць дыямант. Падыходзіць бамбіза, уладальнік дыяманту ў шоку. Ювелір: «Вы ведаеце, колькі каштуе гэты камень? — Так. — І я ведаю. А ў яго рука не дрогне».
Рукі не павінны дрыжэць, асабліва, калі шанец ёсць. Нават калі ты разумееш кошт. Гэта б я разглядаў, як запавет Шушкевіча.