Вечарына памяці забытага беларускага кампазітара
У Гродзенскай абласной
бібліятэцы імя Яўхіма Карскага адбылася вечарына памяці забытага беларускага
кампазітара, дырыгента, выкладчыка Антона
Валынчыка (1896-1985).

Антон Валынчык у сваіх творах увасабляў у канцэртных праграмах творы Баха, Бетховена, Чайкоўскага, Шуберта, Манюшкі, Вебера. Апрацоўваў беларускія народныя песні. Пісаў і рыхтаваў для выканання свае песні і хоры на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Петруся Броўкі, Ларысы Геніюш ды іншых беларускіх паэтаў. Практыкаваў у хорах выкананьне ў стылі «а капэла».

Нарадзіўся Антон Валынчык ў сям’і царкоўнага рэгента на Слонімшчыне. Пасля заканчэння Жыровіцкай духоўнай семінарыі быў прызваны ў войска, дзе 19-гадовым юнаком кіраваў салдацкім хорам. Пасля войска вярнуўся на радзіму і ў перыяд з 1939 па 1947 гады працаваў выкладчыкам музыкі і спеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасля ў Клецкай беларускай гімназіі, потым у Наваградскай беларускай гімназіі, а таксама ў беларускай настаўніцкай семінарыі ў Слоніме. У 1937 годзе Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. У гады Другой сусветнай вайны жыў у Слоніме, дзе кіраваў рознымі хорамі.

Пасля вайны быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах. Каб пазбегнуць рэпрэсіяў, супрацоўнічаў з хорамі ў праваслаўных храмах у Клецку, Наваградку,Слоніме, Жыровічах і ў Мінску. У 1956 годзе кампазітар паехаў у Магілёўскую вобласць, дзе ўладкаваўся кіраўніком хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Праз год вярнуўся ў Маладзечна, дзе стаў кіраўніком міжабласнога Маладзечанскага ансамбля песні і танца, які ўзначальваў чатыры гады.

У 1961 годзе кампазітар і педагог пераехаў у Гародню. Там ён узначальваў кафедру
музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, адначасова працаваў хормайстрам Гродзенскага
народнага ансамбля песні і танца «Нёман» (ад кіраўніцтва якога пасля быў
адхілены савецкай наменклатурай) і мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай
харавой капэлы настаўнікаў. Кансультаваў як хормайстар многія харавыя капэлы Гродзеншчыны.

Памёр 13 лістапада 1985 года. Пахаваны на гарадскіх могілках у Гродне. На яго магіле шмат гадоў не было помніка. І толькі ў 2013 годзе яму паставілі на магіле помнік, а сёлета адкрылі мемарыяльную шыльду на адным з будынкаў Гродзенскага ўніверсітэта.
На вечарыне памяці Антона Валынчыка старэйшыя гарадзенцы прыгадвалі гэтага інтэлігентнага і адукаванага чалавека з якім разам працавалі і добра яго ведалі. А аўтар гэтых радкоў распавёў пра тое, як пісалася кніга пра Антона Валынчыка, якая пабачыла свет у Мінску ў 2010 годзе.
Фота аўтара і з архіва аўтара